Прэзентацыя строю лелікаўскай свахі ў Міністэрстве культуры

Прэзентацыя строю лелікаўскай свахі ў Міністэрстве культуры

На пасяджэнні Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны 28 красавіка 2018 г. была ўхвалена прапанова аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці традыцыі вырабу і выкарыстання ўбору лелікаўскай свахі ў Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці. Прапануем вашай увазе даклад П’янцавай Вольгі Васільеўны, загадчыцы аўтаклубам ДзУК «Кобрынская раённая клубная сістэма», які прагучаў на пасяджэнні рады і выдатна адлюстраваў сутнасць і каштоўнасць элемента нематэрыяльнай кульутурнай спадчыны, шляхі яго пераемнасці і актуальнасць для сённяшняга дня. Тэкст дакладу суправаджала адпаведная прэзентацыя, а касцюм, каравай і іншыя пачастункі ад свахі прапаноўвала Настасся Ігнацьеўна Шапяцюк (на фота)

У Кобрынскім раёне да сённяшняга дня захавалася традыцыя вырабу адметнага народнага строю, якую мы вылучылі як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны пад назвай «Традыцыі вырабу і выкарыстання ўбору лелікаўскай свахі у вёсках Лелікава і Павіцце».

У пачатку неабходна адзначыць асаблівую ролю свахі на лелікаўскім вяселлі. Слова «сваха» у мясцовым разуменні ўжываецца як «баявая сяброўка» жаніха ў вясельным абрадзе. Звычайна, на лелікаўскім вяселлі была старэйшая сваха і «свашкі» – маладыя жанчыны і нават дзяўчынкі-падлеткі з роду жаніха. Старэйшай свахай выбіралі родную сястру ці родную цётку жаніха. Старэйшая сваха выконвала галоўную ролю, яна сачыла за паслядоўнасцю вясельных абрадаў, удакладняла іх пачатак і завяршэнне, удзельнічала ў галоўных момантах вяселля. Свашкі па чарзе спявалі прыпеўкі і танцавалі. Свах на вяселлі павінна было быць не менш, як пяць-сем. А ўжо самыя багатыя жаніхі запрашалі на свае вяселлі да 15 свах, а то і болей.

Традыцыя вылучаць адмысловым уборам сваху мае працяг на тэрыторыі Драгічынскага раёна (в. Радастава), а таксама ў памежных Ратнеўскім і Любешыўскім раёнах Валынскай вобласці Украіны.

Большая частка этнаграфічнага матэрыялу сабрана намі ў вёсцы  Лелікава, што належыць Дзівінскаму сельсавету, які знаходзіцца на мяжы з Украінай – на скрыжаванні беларускай і ўкраінскай культур.

Назва вёскі паходзіць ад украінскага слова «лэлэка» (бусел), аб чым сведчыць адпаведная легенда. Увогуле міфалагічная прастора рэгіёна насычана легендамі пра паходжанне мясцовага дыялекту, назваў мясцовых урочышчаў, пра вясельную сваху з платам. Усё гэта з’яўляецца прыкладам існавання аўтэнтычнага міфалагічнага ландшафту, у якім адлюстроўваюцца традыцыі пэўнага перыяду гісторыі і культуры беларускага народа, што адпавядае аднаму з крытэрыяў для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці (п. 1.5. арт. 92 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры).

Фарміраванне культурнага ландшафту пачалося з 16 ст. У ім спалучаюцца як матэрыяльныя нерухомыя гісторыка-культурныя каштоўнасці, напрыклад, помнік архітэктуры 18 ст. Дзмітрыеўская царква, так і нематэрыяльныя: мясцовы дыялект (тараканская гаворка), святы і абрады, традыцыі вырабу адзення і інш.

У адпаведнасці з пп. 5, 6, 7, 9 арт. 91 Кодэкса Рэспублікі аб культуры намі праведзена даследаванне і навуковая апрацоўка дадзенай культурнай каштоўнасці на аснове матэрыялаў фальклорных экспедыцый, літаратурных крыніц, музейных экспанатаў. Падчас даследаванняў выяўлена, што захавальнікамі традыцый  вырабу і выкарыстання ўбору свахі з’яўляюцца сяляне – жыхары вёсак Лелікава і Павіцце.

На Кобрыншчыне, у тым ліку і ў гэтых вёсках захаваўся найбольш архаічны пласт народнага адзення. Яно ўсебакова вывучалася ўжо ў 19 ст., аб чым сведчаць фотаздымкі з літаратурных крыніц. З матэрыялаў навуковых даследаванняў вядома, што ў пачатку 20 ст. убор свахі з в. Лелікава адпавядаў строям замужніх жанчын Кобрыншчыны: ільняная сарочка, спадніца (ільняны «палатнянык» або шарсцяны андарак), фартух, тканы пояс з падоўжна-паласатым арнаментам. Адзенне звычайна шылася ўручную з натуральных матэрыялаў. Адметнасць убрання свахі – незвычайны галаўны ўбор, які складаецца з плата і стракатай кароны з паліхромных стужак і рознакаляровага пер’я з хваста і шыі пеўня.

У 30–40-я гады 20 ст. ва ўбранні лелікаўскай свахі адбыліся змяненні. Паступова знікаюць тканыя і вышытыя элементы. Традыцыйныя ткацкія прыёмы і тэхнікі вышыўкі ва ўпрыгожванні фартуха, кашулі, спадніцы заменены аплікацыяй каляровым сацінам, атласнымі стужкамі і вышыўкай машынным радком. Значна зменшылася прапорцыя белага колеру, узмацнілася роля паласы ў мастацкім аздабленні. Прапарцыянальна павялічылася колькасць чырвонага колеру і яго адценняў, самастойнае гучанне набылі чорны і сіні колеры. З’явіліся адметныя арнаментальныя элементы («вочы»). У выніку, убранне свахі ўжо адрозніваецца ад звычайнага святочнага кобрынскага строю іншым мастацка-пластычным і каларыстычным вырашэннем, вылучаецца сваёй павышанай дэкаратыўнасцю.

У сучасны перыяд ўсе часткі строю шыюцца з фабрычных баваўняных тканін – паркалю, саціну і багата ўпрыгожваюцца аплікацыяй з рознакаляровых стужак і тканін. Пры пашыве ўбрання, фрагменты аплікацыі спачатку нажыўляюцца ўручную, а потым усё шыецца на швейнай машынцы.

На рукавах, манішцы сарочкі, на фартуху нашываюцца «вочы» – ланцужкі з закругленых ромбаў чырвонага колеру. Ромб у народнай сімволіцы – сімвал зямлі, плоднасці. У сярэдзіне ромбаў выразаюцца кружкі і на іх белым фоне чорнымі ніткамі вышываюцца васьмівугольныя зоркі. Васьмівугольная зорка – вобраз чалавека, сімвалізуе і мужчынскі пачатак. Як тлумачаць носьбіты традыцыйнай культуры, касцюм свахі шыюць з «вачыма», бо яна кіруе вяселлем і ўсё павінна бачыць.

Спадніца бліжэй да пояса абшываецца шырокімі каляровымі стужкамі, унізе – больш вузкімі. Спадніца і фартух складваюцца па шырокіх падоўжных складках, апрацоўваюцца прасам, а потым звязваюцца ў некалькіх месцах і ў такім выглядзе захоўваюцца. Абуваецца сваха ў паўчабаткі («чаравікі») на абцасах, абавязкова з падкоўкамі, каб сваха гучна прытопвала і прыстуквала ў час танцаў і скокаў.

Адной з адметнасцей касцюма свахі, па-ранейшаму, застаецца галаўны ўбор. Старажытны спосаб камплектавання галаўнога ўбору свахі ў в. Лелікава не захаваўся. Найбольш традыцыйным і правільным можна лічыць спосаб камплектацыі галаўнога ўбору з в. Павіцце, які знаходзіцца ў Музеі старажытнабеларускай культуры (г. Мінск). Гэтай карыснай інфармацыяй з намі падзялілася эксперт элемента, кандыдат мастацтвазнаўства Марыя Мікалаеўна Віннікава. Галаўны ўбор выраблены ў 1934 годзе Марыяй Мікалаеўнай Радыванюк з в. Павіцце Кобрынскага раёна, 1921 г. н.; у музей паступіў у 1981 годзе. Ніжняй яго часткай з’яўляецца лубяная «каробачка», якая надзявалася на прычоску. Зверху завіваўся плат. Паверх плата (па форме «каробачкі») павязваліся «брыжы» – асобны кампанент убора са сшытых паміж сабой палос рознакаляровай тканіны і стужак, упрыгожаны пацеркамі і бісерам. «Брыжы» завязваліся ззаду прышытымі да іх вузкімі тасёмкамі. Па вуглах «брыжоў» з унутранага боку прышыты пучкі рознакаляровых пер’яў, якія называюцца «пава» ці «рожкі». Плат не прышываўся ні да «каробачкі» ні да «брыжоў», у завітым выглядзе ён замацоўваў на галаве «каробачку».

Сучасны варыянт вырабу і камплектавання галаўнога ўбору свахі прадэманстравала Анастасія Ігнацьеўна Шапяцюк з в. Лелікава ў час фальклорнай экспедыцыі ўкрасавіку 2017 года. У гэтым варыянце плат  абвіваецца вакол каробачкі і замацоўваецца з дапамогай нітак і іголкі (адлюстравана ў відэафільме).

Да сярэдзіны 20 ст. захоўвалася жывая традыцыя вырабу ўбору свахі спецыяльна да вяселля. Потым гэты камплект адзення зберагаўся амаль ў кожнай сям’і, асабліва там, дзе былі маладыя дзяўчаты.

Прапанаваны элемент культурнай спадчыны адпавядае крытэрыям адбору нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека для надання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, абазначаным у арт. 92 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры. Лічым, што элемент з’яўляецца выдатным мастацкім узорам, мае значнасць з пункту гледжання гісторыі, этналогіі і культуры адпаведна п. 1.2. і п. 1.6. арт. 92 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

Сведчаннем значнасці і цікавасці да элемента з’яўляецца тое, што пытанні ўбрання лелікаўскай свахі Кобрынскага раёна неаднаразова вывучаліся даследчыкамі М. Раманюком (1981 г.), М. Віннікавай (1999 г.), Н. Жабінскай (2002 г.), В. Багачовай (2009 г.). Праведзеныя этнаграфічныя экспедыцыі навукоўцаў і работнікаў культуры паказалі зацікаўленасць мясцовай супольнасці ў захаванні і папулярызацыі элемента, перадачы яго моладзі. Уплыў элемента на культуру раёна знайшоў водгук у творчасці мясцовых паэтаў і фальклорных калектываў, у рабоце Дзівінскага Дома рамёстваў.

Значная ўвага ўдзяляецца інфармацыйнай падтрымцы элемента. Намі падрыхтаваны для выдання шэраг матэрыялаў па яго гісторыі, выпушчаны відэафільмы па выніках фальклорных экспедыцый. Публікацыі змешчаны ў газетах «Кобрынскі веснік», «Брэсцкі кур’ер», «Вячэрні Брэст», «Звязда», «Культура». У сакавіку і кастрычніку мінулага года на тэлеканалах АНТ, БТ-1, «Беларусь-4», «Брэст» дэманстраваліся тэлесюжэты пра элемент.

Актыўная падтрымка работы па захаванню жыццядзейнасці элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны існуе з боку Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта.

На падставе вышэйсказанага можна зрабіць выcнову, што дадзены элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны з’яўляецца адной з адметнасцей Кобрыншчыны, яскрава характарызуе гістарычны, этнаграфічны, моўны ландшафт нашага рэгіёна. Мы лічым, што  элемент каштоўны сваім зместам, характарам, адпавядае нашым прыродным умовам і сямейна-побытавым уяўленням.

У сувязі з гэтым прапануем надаць традыцыі вырабу і выкарыстання ўбору лелікаўскай свахі статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі «Б» згодна п. 3.2. арт. 96 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, таму што дадзеная традыцыя, у якой на працягу часу адбываліся аб'ектыўныя змены, быў перыяд росквіту, а затым – паступовага згасання, зараз адноўлена ў яе аўтэнтычным асяроддзі на падставе сабраных звестак ад носьбітаў традыцыі, музейных артэфактаў і літаратурных крыніц і існуе ў сучаснай форме. Носьбіты традыцый і грамадскасць Кобрыншчыны вельмі спадзяюцца, што гэты элемент будзе ўзяты пад ахову дзяржавы.

П’янцава В.В.,

загадчыца аўтаклубам ДзУК «Кобрынская раённая клубная сістэма»


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.