Веснавыя карагоды распачаліся пасля Вялікадня на Пасожжы

Вядучыя метадысты ўстановы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” 9 красавіка 2018 года – на другі дзень Вялікадня – наведалі адроджаныя мясцовыя абрады “Ваджэнне Сулы” ў вёсках Гадзічава і Маркавічы Гомельскага і “Карагод сена” ў аграгарадку Старое Сяло Веткаўскага раёнаў. Жыхароў гэтых населеных пунктаў выдзяляе вернасць і адданасць сваім старажытным традыцыям. Абодва абрады з’яўляюцца лакальнымі варыянтамі ваджэння і пахавання Стралы (Сулы) – традыцыі, уласцівай для Пасожжа, якая пачынаецца з Вялікадня (у некаторых месцах з Дабравешчання) і завяршаецца на Ушэсце.

Фота М.Сушкова

Абрад “Ваджэнне Сулы” быў адроджаны ў 2007 годзе намаганнямі настаўнікаў і вучняў ДУА “Маркавіцкі дзіцячы сад – сярэдняя школа” і праводзіцца штогод. І ў гэты раз пасля ранішняй службы ў Свята-Кацярынінскай царкве жыхары вёсак Гадзічава і Маркавічы сабраліся ў канцы в. Гадзічава і пайшлі старажытным Кацярынінскім шляхам у в. Маркавічы. Усю дарогу жанчыны і дзяўчаты, апранутыя ў прыгожыя па-мясцоваму адметныя самаробныя строі, выконвалі асноўную абрадавую песню “Як ішла Сула” і спявалі прыпеўкі пад гармонік Віктара Шыпкова – завадатара абраду, выпускніка Маркавіцкай школы, які працуе оперупаўнаважаным аддзела ўнутраных спраў Гомельскага райвыканкама. Да Сулы далучаліся ўсе ахвотныя, у тым ліку госці з Гомеля, Мінска, Расіі, навучэнцы ліцэя МНС. На кожным скрыжаванні жанчыны і дзяўчаты вадзілі мясцовыя карагоды (“танкі”) – кругавыя і змейкай (“крывыя”): “А ў крывога танка да не выведу канца”, “Як на нашай вуліцы шырокая возера” і іншыя. Таксама гулялі ў адмысловыя мясцовыя гульні: “Гарэпня” і “Чарнабрывы каралёк”. Каля дома культуры Вольга Шыпкова, як і яе брат Віктар, выпускніца Маркавіцкай школы, студэнтка Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, з кулічом-“паскай” на ручніку сустрэла шэсце. Тут адбыўся яе дыялог з мінскай госцяй Любоўю Сівуравай:

-           Калі прымаў Ісус мукі, узялі яго пад рукі, яго маці стаяла, такія словы прамаўляла: “Сыне мой, як будзеш ты васкрасаці, будуць цябе ангелы ўстрачаці, з святым Васкрасеннем паздраўляці”. Хрыстос Васкрэс!

-                   Ваісціну Васкрэс!

-                   Дай Бог і на той год даждаць светлага Хрыстова Васкрасення ў шчасці і здароўі! Хрыстос Васкрэс!

-                   Ваісціну Васкрэс!

-                   Хрыстос Васкрэс!

-                   Ваісціну Васкрэс!

Удзельнікаў абраду і гасцей запрасілі да частавання, якое абавязкова ўключае велікодныя кулічы і фарбаваныя яйкі. Святочную праграму завяршыў канцэрт каля дома культуры, арганізаваны Цэнтрам культуры Гомельскага раёна, з удзелам народнага фальклорнага ансамбля “Гамонка” Навагуцкай школы мастацтваў і іншых артыстаў. Самыя актыўныя ўдзельнікі абраду, захавальнікі мясцовых традыцый былі адзначаны дыпломамі і граматамі аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Гомельскага райвыканкама і Гомельскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.

Варта адзначыць, што мясцовыя актывісты з дапамогай спецыялістаў дзяржаўнай установы “Цэнтр культуры Гомельскага раёна” і ўстановы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” рыхтуюць дакументы для уключэння абраду “Ваджэнне Сулы” ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.


Сена_2018_Сушко_М.JPG

        Старасельцы, сярод якіх удзельнікі народнага фальклорнага ансамбля “Рэчанька” сельскага дома культуры – яго дырэктар Ала Маскаленка, кіраўнік калектыву Антаніна Болбасава, Ганна і Наталля Хацімцовы, Ніна Паўлючкова, Любоў Рачкова, Тамара Кірчанка, Валянціна Бондар, Святлана Быткова, Ларыса Дзёміна, Тамара Старавыбарная, Анатоль Манахаў, а таксама школьнікі – старшакласнікі ДУА “Старасельская сярэдняя школа”, на свой “Карагод сена” ідуць па аграгарадку шарэнгамі ў святочным шэсці з песнямі “Мы на сена ідзём, мы на новае…” або “Ты ляці, страла”, трымаючы ў руках косы і граблі.

Потым вяртаюцца да дома культуры і “вырошчваюць хрэн” – водзяць карагод вакол яго і спяваюць: “Ой,  хрэн, ты мой хрэн, садавой, яравой, іль не я цябе садзіў, іль не я паліваў…” Далей удзельнікі карагоду тройчы просяць кума даць хрэну, але ён ім адказвае: “Не, не дам, яшчэ не вырас!” напрыканцы гульні яны зноў звяртаюцца да яго:

-          Кум, дай хрэну!

-          Бярыце хрэн, ён ужо вырас бальшы!

-          Раз ён вырас, то да хрэна павінна быць і мяса!

-          Будзе мяса, будзе і сала, будзе і хрэн!

І ў наш час гэта традыцыя застаецца сацыяльна-культурна запатрабаванай і захоўвае аграрна-магічную функцыю, якая звязана з надзеяй на добры ўраджай, на дабрабыт сялян.

Тэкст: І. Глушэц, Л. Мельнікава

Фота: М. Сушкоў (“Сула”), Л. Мельнікава (“Сена”)


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.