Неафольк-рухі ў краінах Еўропы

Неафольк-рухі ў краінах Еўропы Калі не ўдавацца ў падрабязнасці акадэмічных тэорый нацыяналізму, то ён бывае этнічным і грамадзянскім.
Самы яскравы прыклад этнічнага нацыяналізму ў сучаснай Еўропе — бадай, краіны Балтыі. У Эстоніі, напрыклад, прэзідэнты, прэзідэнткі ды іх сужэнцы носяць традыцыйныя строі, ладную частку экспазіцыі Нацыянальнага музея займае выстава пра тыя ж строі і пра этнаграфію роднасных фіна-ўгорскіх народаў, вечарыны традыцыйных танцаў у Тарту збіраюць па дзвесце чалавек (у Таліне, праўда, менш)…
У Цэнтральнай Еўропе этнічны нацыяналізм, быццам бы, не выяўлены на дзяржаўным узроўні, афіцыйныя персоны ў традыцыйных строях не ходзяць, нягледзячы на відавочную папулярнасць правых. У Венгрыі, Польшчы, Аўстрыі і Чэхіі знойдуцца шматлікія фольк-фестывалі, этнічныя сувеніры, неа-фольк суполкі, але нацыі яднаюць не яны.
Заходняя Еўропа аддае перавагу грамадзянскаму нацыяналізму. У Мілане, Фларэнцыі, Венецыі і Парыжы амаль не пабачыш сувеніраў на «сельскую» тэматыку. Этнічнае ў Германіі квітнее толькі ў Баварскім рэгіёне.
Паўночная Еўропа — нейкі асаблівы выпадак. У танцах, што на сцэне, што на вечарынах захоўваецца традыцыйны крок, манера. А з песнямі не склалася, моладзевых пост-фольк гуртоў, якія б спявалі ў традыцыйнай манеры, амаль не сустрэнеш, з побытавага ўжытку сярод старэйшых вяскоўцаў спевы таксама выйшлі. Затое пабачыць у звычайнай кватэры ў Осла поўны строй чыёйсьці прабабулі — гэта калі ласка.
Беларускі нацыянальны праект і ў нашаніўскі перыяд, і ў часы Перабудовы меў шмат сантыментаў да этнаграфіі. Своеасаблівы рэнесанс пачаўся некалькі год таму падчас «вышымаечнага буму». Але этнаграфічныя адсылкі ўспрымаюцца ці як «калгас» (асацыяцыі з кічовымі формамі псеўданароднага адзення, спеваў і музыкі, што насаджаліся ў савецкі час і дасюль пануюць), ці як кшталт хіпстарства. Дзень Волі выразна паказаў, што Беларусь будуе хутчэй грамадзянскі нацыяналізм.
Чытаць падрабязней, глядзець фота і відэа - на сайце газеты "Новы час".

Алена Ляшкевіч


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.