Традыцыйнаму белаўзорыстаму ткацтву Панямоння нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

Традыцыйнаму белаўзорыстаму ткацтву Панямоння нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

06.02.2018

Рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння» было прынята на пасяджэнні Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, якое адбылося ў Міністэрстве культуры 23 студзеня. Ганаровы, заслужаны статус адметнаму нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека нададзены пастановай Міністэрства кульутуры Рэспублікі Беларусь ад 6 лютага 2018 г. № 3 «Аб наданні статусу і катэгорыі гісторыка-культурнай каштоўнасці»

Прапанова аб наданні статусу падрыхтавана на падставе грунтоўнага вывучэння ткацкіх традыцый Панямоння малодшым навуковым супрацоўнікам аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марынай Вячаславаўнай Савіцкай і старшым навуковым супрацоўнікам Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдатам мастацтвазнаўства Марыяй Мікалаеўнай Віннікавай. У падрыхтоўцы, практычным вывучэнні і паказе лепшых прыкладаў белаўзорыстага ткацтва дзейсны ўдзел прынялі майстры, носьбіты і пераемнікі традыцыі, сярод якіх Яўген Яўгеньевіч Маркевіч і Валянціна Генрыкаўна Сільвановіч. На пасяджэнні навукова-метадычнай рады былі прадстаўлены багатыя калекцыі белаўзорыстых ручнікоў, складзеныя з этнаграфічных узораў і асабістых вырабаў майстроў. Сябры рады атрымалі ўзоры сувенірных ручнікоў, кожны з якіх быў выкананы ў адной з дзесяці ткацкіх тэхнік, якія шырока  выкарыстоўваліся ў Панямонні для атрымання незвычайна прыгожага белага палатна.

У Лідскім раённым цэнтр культуры і народнай творчасці многа гадоў вядзецца карпатлівая работа па адраджэнню і захаванню мясцовых ткацкіх традыцый, сярод якіх асаблівую ўвагу спецыялістаў і майстроў прыцягвае выраб адметных белаўзорыстых тканін. Каля дзесяці розных ткацкіх тэхнік выкарыстоўвалася мясцовымі майстрыхамі, каб атрымаць палатно са складанай дробнаўзорыстай структурай паверхні і далікатнай фактурай, з якога выраблялі ручнікі, абрусы, сурвэты для святочнага аздаблення дому і важных сямейных святаў. Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва было распаўсюджана ў сялянскім побыце Панямоння на працягу ХІХ і большай часткі ХХ ст. Аб гэтым сведчыць значная колькасць белаўзорыстых ручнікоў і абрусоў у этнаграфічных калекцыях беларускіх музеяў. У дамах сяльчан Гродзеншчыны яшчэ ў апошнюю чвэрць ХХ ст. вырабы з белага ўзорыстага палатна былі ў шырокім ужытку і захоўваюцца да сённяшняга дня, як памяць пра майстэрства сваіх продкаў.

Майстэрства ткацтва, што спрадвеку існавала і перадавалася ў сям’і, пераняў ад сваіх бабуляў Яўген Маркевіч, які сёння не толькі захоўвае традыцыі, але і натхняе да гэтага іншых. Працэс ткацтва, з дапамогай Яўгена, наладзіўся ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Паступова майстрамі былі асвоены разнастайныя тэхнікі традыцыйнага белаўзорыстага ткацтва, якія шырока бытавалі ў вёсках Лідскага, Воранаўскага, Іўеўскага, Навагрудскага, Дзятлаўскага, Шчучынскага, Гродзенскага раёнаў.

На працягу 2017 года ў Гродзенскай вобласці прайшлі дзве цікавыя выстаўкі, на якіх былі прадстаўлены ткацкія вырабы ў тэхніках белаўзорыстага ткацтва. Фотарэпартажы з выставак змешчаны на нашым сайце:

Выстаўка «Ручнікі Панямоння» у Гродне

Выстаўка ткацтва ў Лідзе

Жыхарам і гасцям Ліды паказалі тканую спадчыну рэгіёна падчас свята ткацтва, якім 25 сакавіка распачыналася выстаўка, што працягвалася да Вялікадня, і будзе зноў зладжана ў сакавіку 2018 года.

На пачатку года калектыў Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2017 года за рэалізацыю праекта «Ад мінулага да сучаснага», прысвечанага адраджэнню ўнікальных тэхнік шматнітовага ткацтва Панямоння, і стварэнне калекцый традыцыйнага і сучаснага нацыянальнага адзення. Дзейнасці Лідскіх майстроў прысвечаны шэраг публікацый ў рэспубліканскіх і абласных СМІ:

Белое «золото» Понеманья. На Лидчине возрождают уникальные традиции ткачества

РЕПОРТАЖ: В Лиде возродили уникальные традиции ткачества Понеманья

Статус историко-культурной ценности получит традиционное белоузорчатое ткачество Понеманья

Статус историко-культурной ценности Беларуси получил элемент нематериального культурного наследия «Традиционное белоузорчатое ткачество Понеманья»

04.02.2018 Белоузорное ткачество: сделано в Беларуси

Цікава, што Развіццё народнага ткацтва на Лідчыне грунтоўна вывучалася яшчэ ў 2007 годзе вучнямі СШ № 1 г. Ліды, аб чым сведчыць даследчая работа, апублікаваная на сайце школы.

Рэгіянальныя ткацкія традыцыі Панямоння маюць грунтоўны падмурак і надзейную пераемнасць!

 

Алена Каліноўская,

Нацыянальны інвентар НКС 

 


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.