Матэрыялы і рэкамендацыі Гамзовіч Р.С. па захаванню элементаў НКС за 2017 г.

Матэрыялы і рэкамендацыі Гамзовіч Р.С. па захаванню элементаў НКС за 2017 г.

Нематэрыяльная культурная спадчына (НКС) адпаведна вызначэнню, прапанаванаму ў Канвенцыі ЮНЕСКА 2003 г., з’яўляецца “жывой спадчынай”, якая перадаецца ад пакалення да пакалення і пастаянна ўзнаўляецца. Як сапраўды “жывая“ істота яна патрабуе да сябе пільнай увагі. Яе захаванне з’яўляецца адной з важных умоў для існавання традыцыйнай культуры Беларусі. Стан кожнага з элементаў НКС уплывае на ўзровень яе жыццяздольнасці ўцэлым. Адсачыць захаванасць кожнага з іх магчыма шляхам ўключанага назірання і непасрэдным удзеле ў правядзенні абрадаў, святаў і розных мерапрыемстваў, прысвечаных НКС.

Менавіта такую актыўную дзейнасць па вывучэнню стану і захавання традыцыйнай культуры Беларусі на працягу многіх дзесяцігоддзяў праводзіць вядомая журналістка Рэгіна Станіславаўна Гамзовіч, якая стала сапраўдным грамадскім экспертам у галіне нематэрыяльнай культурнай спадчыны. На старонках дадзенага артыкула прапануем матэрыялы маніторыгу асобных элементаў НКС , які правяла Рэгіна Станіславаўна ў 2017 годзе.

 

Абрад “Цягнуць Каляду на дуба”

ў в. Новіны Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці

21 студзеня 2017 года

Мясцовая супольнасць правяла гэты абрад у 20-ты раз. Па-ранейшаму ўсе ўдзельнікі групуюцца вакол гурта “Радзіна” і асноўнай захавальніцы гэтага абраду Ніны Клімовіч. Гэта дарослыя і дзеці рознага ўзросту, што забяспечвае пераемнасць абраду. У гурце спевакі, музыканты, танцоры — усе таленавітыя, бо музычныя здольнасці перадаюцца па спадчыне, а гэта прадстаўнікі аднаго роду. Але каштоўна і тое, што яны ўмеюць далучаць да сябе іншых людзей, робяць іх актыўнымі ўдзельнікамі, а не проста гледачамі. На пасадзе дырэктара клуба Ніну Дзмітрыеўну змяніла нявестка Святлана, якая ўслед за ёю збірала звесткі па раёне і даследавала традыцыю, якая існавала ў розных вёсках раёна. У гэтым сэнсе пераемнасць абраду таксама забяспечана. Пасля Новінаў яго аднавілі ў Чыжасе і Любушанах на аснове сабраных звестак.

Жыхары раёна і, што асабліва важна, кіраўніцтва раёна ганарацца гэтым абрадам і стараюцца ва ўсім дапамагчы новінскай супольнасці: вадзяляецца тэхніка для расчысткі шляху да дуба (а гэта за 2 км ад вёскі); раённая ДАІ перакрывае рух транспарту падчас шэсця ўдзельнікаў абраду, бо некаторыя едуць на конях; у гэтым годзе знайшлі спонсараў і дапамаглі з прадуктамі для сумеснага застолля ўдзельнікаў абраду і гасцей, якіх тут заўсёды шмат. А гаспадары пастараліся прыгатаваць багатае застолле з традыцыйнымі каляднымі стравамі. Шмат было і прэсы, фатографаў, некалькі тэлеканалаў адлюстроўвалі абрад. Нават два намеснікі старшыні выканкама прыехалі паглядзець на пачатку абраду, ці ўсё ў парадку. Шкада, што не засталіся, таму што хацелася спытацца ў іх, чаму не ўзялі пад ахову ў раёне адзінокія дубы, якія стаяць у палях. Яны ствараюць характэрны для гэтага рэгіёна ландшафт, а таксама даюць магчымасць аднаўляць абрад у тых вёсках, дзе ён быў (а гэта амаль увесь раён). У астатнім і надвор’е паспрыяла, і абрад адбыўся на самым высокім узроўні. Добра і тое, што на сценах вісяць фатаграфіі мінулых гадоў: прыемна і фатографам, якія пакінулі свае фота, і ўдзельнікам абраду.

Заўвагі і пажаданні:

1) Каб коні не стаялі перад пачаткам абраду, добра было б, каб яны каталі дзяцей і дарослых з музыкай па вёсцы (такая традыцыя была);

2) Не трэба гуляць у “Ката пячы” на вуліцы з дзецьмі, якіх прывезлі з іншых вёсак. Гэта гульня для дарослых. А калі новінскія дзеці і ўдзельнічаюць у ёй у клубе, то дарослыя не даюць ім адкусіць каўбасу, заўважаючы, што яны яшчэ не дараслі да гэтай гульні.

3) Абрад — не мерапрыемства раённага маштабу. Добра, што ёсць горкі для дзяцей, добра, што яны лепяць снегавікоў, але арганізатар гульняў перад клубам сам, пэўна, гуляць не любіць, таму не змог зацікавіць дзяцей. Можа, лепш не ўмешвацца ў ход абраду, які новінцы і так добра праводзяць самі?

 

Абрад “Тураўскі карагод” на свята Юр’я ў

в. Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці

6 мая 2017 года

Нягледзячы на тое, што ў гэтым годзе пайшлі з жыцця пасля працяглай хваробы дзве старэйшыя ўдзельніцы гурта “Міжрэчча”, а ў дзвюх маладых памерлі блізкія сваякі, і яны павінны захоўваць жалобу, гэта не паўплывала на ход абраду і якасць гучання песень і карагодаў. Абрад адлюстроўваўся у тэлеперадачы “Наперад, у мінулае”. Рэжысёр Анатоль Вечар разам з вядучай перадачы Аксанай Вечар ухвалілі багаты рэпертуар гурта і выканальніцкі ўзровень. Прыехалі на абрад маладыя жанчыны-пагашчанкі, якія ўдзельнічалі ў абрадзе з дзяцінства, а пасля школы пераехалі жыць у Тураў, — спецыяльна адпрасіліся дзеля гэтага з работы. Дом фальклору таксама дапамог гурту падрыхтавацца да свята і прыняць шматлікіх гасцей, прэсу. Дзве машыны гасцей з Гомеля і яшчэ аднекуль прыехалі паглядзець на абрад, проста даведаўшыся пра яго з Інтэрнета. Самастойна прыехалі таксама работнікі адукацыі з Турава. Свята атрымалася яркім, відовішчным.

Заўвагі і прапановы:

1) У в. Пагост і ў школе ў в. Азяраны, дзе вучацца пагашчанскія дзеці, не праводзіцца ніякай  працы па этнавыхаванні дзяцей. А гэта неабходна, калі мясцовы гурт захоўвае абрад са статусам НКК, каб забяспечыць пераемнасць. Дзяцей у вёсцы з кожным годам становіцца ўсё менш. Ды і навучэнцы школы павінны ведаць пра абрады, у якіх удзельнічаюць пагосцкія дзеці, самі ў іх часам удзельнічаць. Гэта ўздыме прэстыж тых, хто ўдзельнічае ў абрадах, дасць магчымасць зразумець іх каштоўнасць.

2) За гуртом падчас абраду заўсёды, калі дзяцей у Пагосце было шмат,  беглі хлопцы, а збоку малодшыя дзеці. Абрад заканчваўся каля клуба ў цэнтры сяла карагодамі, у якіх бралі ўдзел дзяўчаты, а хлопцы рознага ўзросту арганізоўвалі гульні ў мечыка, пікара, чыжыка і іншыя, каб праявіць свой спрыт. Гуляць, спяваць, танцаваць дзяцей трэба вучыць, і рабіць гэта змалку па спецыяльнай праграме, згодна ўзросту.

3) Пажадана, каб у пагосцкім клубе пастаянна вісела фотавыстава, прысвечаная гэтаму абраду розных гадоў і іншым абрадам, якія захоўвае гурт “Міжрэчча”. Фатаграфіі для гэтага ёсць, і іх павінны бачыць наведвальнікі клуба — як мясцовыя жыхары, так і госці.

4) Ахоўны знак, выява якога адлюстроўвае атрыбутыку абраду і захавалася на фатаграфіях розных гадоў (у фотарэпартажах, буклетах, у тым ліку адпраўленых у ЮНЕСКА), была ў свой час, як і яго месцазнаходжанне, узгодненая з галоўным архітэктарам раёна, пару гадоў таму быў перароблены і пастаўлены ля клуба. Тыя, хто замяніў ахоўны знак на іншы, ніяк не абмяркоўвалі сваю канцэпцыю ні са спецыялістамі з Мінска, ні з удзельнікамі гурта. Зараз ён выглядае неахайна, ды і сімвалізуе хутчэй хлеб-соль, чым абшчынны хлеб-карагод на свята Юр’я.

 

Высновы, пажаданні, рэкамендацыі па захаванню

абраду “Страла” на Ушэсце

ў Веткаўскім раёне і ў в. Валосавічы Чачэрскага раёна,

а таксама абрад “Сула” ў в. Маркавічы

Гомельскага раёна Гомельскай вобласці

26 мая  2017 года.

 

Маніторынг абраду ў в. Казацкія Балсуны рабіла Людміла Мельнікава. На сустрэчы пасля абраду ў в.Стаўбун яна паведаміла, што на абрад там выйшла з усёй вёскі 7 чалавек ды яшчэ прывезлі дзяцей са Свяцілавічаў. Відавочна, што дэмаграфічная сітуацыя ў вёсцы такая, што мясцовыя спявачкі ўжо не ў стане праводзіць абрад, а каб перадаць яго маладзейшым — то проста няма каму.

Прапануецца аформіць неабходныя дакументы  на статус ГКК абраду, які захоўваецца ў в. Стаўбун. Тым больш, што мясцовая супольнасць гэтага хоча. Пры гэтым статус з абраду ў Казацкіх Балсунах скасаваць. (“Страла” і “Неглюбскія тэкстыльныя традыцыі”).

Рэкамендаваць Веткаўскаму райвыканкаму пры афармленні дакументаў на на статус ГКК у в. Стаўбун прадумаць меры для захавання абраду ”Ваджэння і пахавання стралы”, які традыцыйна праводзіўся ў веснавы перыяд з Благавешчання да Ушэсця ў розных сёлах раёна, а таксама стварыць апякунскі савет над двума элементамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія ўзяты пад ахову ў раёне.

Прапановы:

1) Пры магчымасці садзейнічаць адраджэнню абраду ў іншых сёлах.

2) Папулярызаваць звесткі пра абрад у школах і клубах, ствараючы выставы, паказы фільмаў, арганізуючы фотавыставы пра гэты абрад у розных сёлах і аграгарадках раёна.

3)        Стварыць у школах праграмы этнавыхавання дзяцей і моладзі на аснове мясцовай традыцыйнай культуры (па ўзроставых катэгорыях). У раёне, дзе пад аховай дзяржавы знаходзіцца элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны, гэта неабходна.

4) Улічыць пры гэтым, што на Ушэсце ў Стаўбуне і іншых сёлах трэба абмежаваць на час правядзення абраду рух транспарту па вуліцах, дзе будзе рухацца “страла”.

5) Дзяцей, якія будуць удзельнічаць у абрадзе, вызваліць ад заняткаў у школе ў гэты дзень.

6) Тым з дарослых, хто хоча і можа ўдзельнічаць у абрадзе, бо ведае песні, даваць адгулы па месцы працы, каб яны маглі падтрымаць сваім удзелам абрад у роднай вёсцы або ў тым сяле, чыю традыцыю яны ведаюць.

7) У Неглюбцы для адраджэння абраду на Ушэсце і актывізацыю дзяцей і моладзі стварыць пры Доме культуры гурток па навучанню традыцыйным спевам.

Гомельскаму аблвыканкаму рэкамендаваць:

1) Падтрымаць элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны  — абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы” і стварыць у Неглюбцы, Ветцы і Гомелі цэнтры па навучанні веткаўскай стрэльнай традыцыі для аматараў народных спеваў, асабліва моладзі (гуканне вясны, ваджэнне карагодаў ад Вялікадня да Ушэсця), паколькі гэты абрад — адзін з асноўных этнічных рыс жыхароў Пасожжа. Неабходна знайсці музычнага кіраўніка, здольнага праводзіць такую працу 2 разы на тыдзень у кожнай з гэтых кропак. Забяспечыць фінансаванне для гэтай акцыі, неабходнай для захавання абраду, а таксама магчымасць навучання праз праслухоўванне фанаграм ранейшых запісаў, у тым ліку з пласцінак запісаў Пушкінскага дома.

2) Садзейнічаць узяццю пад ахову абраду “Ваджэнне і пахаванне стралы” на Ушэсце  ў в. Валосавічы Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці, дзе ён захаваўся ў жывой традыцыі, а таксама абраду “Сула” на другі дзень Вялікадня ў Маркавічах Гомельскага раёна (матэрыялы на статус НКК рыхтуюцца).

3) Папулярызаваць палажэнні Канвенцыі ЮНЕСКА 2003 года “Аб захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны” ў Веткаўскім, Чачэрскім раёнах і Гомелі. Найперш – праз аддзелы ідэалогіі, культуры і па справах моладзі, аддзелы адукацыі, а таксама турыстычныя арганізацыі.

 

Неглюбская тэкстыльная традыцыя

ў пасёлках Ляда і Сініцына Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці

25—26 мая 2017 г

 

Уключаны ў спіс НКК у 2016 года. Дзеючыя тры ткачыхі-пераемніцы працуюць у Неглюбскім цэнтры ткацтва, які існуе пры доме культуры. Гэта народны майстар Беларусі Людміла Кавалёва, Таццяна Суглоб і Алёна Дзямчыхіна. Ткачыхі-ветэраны Ефрасіння Дзямчыхіна, ганна каржова, Ганна Барсукова, Вера Барсукова, Марыя Грынькова, Вера Дубадзел, Улляна Кавалёва і некаторыя іншыя ўжо не ткуць і маюць невялікія калекцыі ўласных твораў. На жаль, не зроблена нават фотафіксацыя іх твораў, няма партрэтаў яшчэ жывых ткачых, а тыя партрэты, што вісяць у клубе, выцвілі і маюць выгляд, ніяк не годны памяці тых, хто пакінуў такі значны след у традыцыйнай культуры Веткаўшчыны.

У Гуртках для дзяцей і дарослых “Ніток” і “Кацёлачкі” навучаюцца практычна ўсе навучэнцы мясцовай школы, хлопчыкі і дзяўчынкі, а таксама тыя дарослыя, каму гэта цікава. У Неглюбцы пражывае каля 800 чалавек, палова з якіх – прыезджыя (прыехалі пасля Чарнобыльскай аварыі). Каб навучаныя ткацкаму рамяству дзеці не з’язджалі з Неглюбкі, трэба паклапаціцца пра тое, каб яны тут мелі працу, як гэта было ў 1977 года да Чарнобыльскай аварыі (тут быў філіял Гомельскай фабрыкі мастацкіх вырабаў). Быў час, калі неглюбскія дзяўчаты выткалі сабе і пашылі строі і хадзілі ў іх на Ушэсце хаваць стралу, ведалі песні. Яны з’ехалі амаль усе. Тэкстыльныя вырабы мясцовых майстрых карыстаюцца попытам у турыстаў, і яны амаль усё папрадавалі, пакінуўшы сабе толькі неабходнае, а таксама параздорвалі сваякам. Трэба, каб мясцовы тэкстыль у поўным аб’ёме і разнастайнасці ”працаваў” у абрадах, выставах, конкурсах, святах вёскі, майстар-класах. Гэты працэс ідзе стыхійна— да іх прыязджаюць павучыцца, абмяняцца вопытам, але такая дзейнасць па навучанні і прыёме гасцей не ўлічваецца ў іх рабоце, а часу займае шмат. Трэба скласці для іх асаблівы план працы, весці ўлік прыезджых, запісваючы ў “Гасцявую кнігу” усе дадзеныя пра іх з тэлефонамі і адрасамі, прасіць, каб яны пакідалі свае водгукі. Неабходна таксама навучаць дзяцей не толькі ткацтву, а і вышыўцы, карункапляценню, аплікацыі і іншым рамёствам. Развіваць формы навучання хлопчыкаў мужчынскім рамёствам, арыентуючы іх на выраб сувеніраў з лазы, саломы, дрэва і іншых прыродных матэрыялаў. Ёсць праблема са збытам вырабаў дзеючых мясцовых ткачых. Ім даводзяць план платных паслуг, але турысты сюды прыязджаюць рэдка, бо не наладжваюцца мерапрыемствы, якія былі б ім цікавыя, акрамя таго, што можна купіць тканыя вырабы.

 

Як жа захаваць архаічную спадчыну, якую ўвасабляе сабой калядны карнавал “Конікі” ў Давыд-Гарадку, не скажаючы традыцыю, якая стваралася вякамі?

1) Сёння побач з традыцыйнымі ў абходах ўдзельнічаюць маскі-наватворы: Слон, Верка Сярдзючка, Мікі Маус, Папандопала, Кат, Вікінг і іншыя, якія паступова выцясняюць традыцыйныя персанажы. Можна было б рэкамендаваць гарадчукам выходзіць з гэтымі маскамі на плошчу ў навагоднюю ноч з 31 снежня на 1 студзеня, а традыцыйным гуртам з Конікам — 13 студзеня на Шчодры вечар ажыццяўляць абыходы шчадравання. Але мясцовая супольнасць, якая адчула смак лёгкага заробку, на гэта не пойдзе. Да таго ж, знікне рамантыка “конікаў”, якая трымае традыцыю. Таму райвыканкам і метадычная служба раёна ўзяла правільны накірунак, аб’яўляючы конкурсы на лепшы падворак, лепшую маску Каня і лепшы гурт.

Адзінае, што можна рэкамендаваць, гэта распрацаваць палажэнні, у якіх бы змяшчаліся пэўныя ўмовы для ўдзелу ў гэтых конкурсах. Да прыкладу, што датычыцца атрыбутыкі абраду і абыгрывання масак:

— абавязковая наяўнасць у гурце маскі Каня (лепш з кошыкаў або рэшата), галава са старога валёнка або набітая чымсьці мяккім, каркас драўляны або з лазы, што лягчэй насіць). Вершнік можа быць у вайсковым шынялі або ў шляпе з пяром, або ншая маска, гэта залежыць ад сцэнкі, якую падрыхтуе гурт.

— Коніка павінны суправаджаць традыцыйныя маскі (па ўспамінах старажылаў і ў запісах навукоўцаў ранейшага часу):

—        Мядзведзь (яго на ланцугу вядзе Дзед або Цыган, які яго муштруе жоўгім кіем і прымушае паказваць розныя сцэнкі-пародыі на гарадчукоў накшталт Смаргонскай акадэміі),

—        Дзед і Баба ў традыцыйным адзенні (як правіла, кіруюць усім гуртом, вядуць дыялог, таму павінны быць гаваркія, з гумарам). Роля Бабы абумоўлена яе ўдзелам у сцэнках.

—        Баба Яга і Чорт — пара “нячыстых” маскіраваных, супрацьлеглых Бабе і Дзеду – яны робяць усякія пакасці, шкодзяць асноўным маскам, намятаюць смецце ў двор, перашкаджаюць “чыстым” маскам. Чорт “спакушае” жанчын, заляцаецца да іх.

—        Смерць з касой – такая ж “нячыстая” маска, якая пужае, што забярэ ў пекла тых, хто паводзіць сябе дрэнна, хто напіўся або “фуліганіць”. Смерць можа кагосьці “забраць” з маскіраваных або гаспадароў хаты, гледачоў, які падыграе ёй у ролі нябошчыка, якога Чэрці панясуць у хату, пакладуць а лаву або панясуць да вокнаў наступнай хаты, пужаючы гаспадароў. Нябошчык павінен ляжаць роўна, калі яго нясуць чацвёра або шасцёра гульцоў. Тут магчымы галашэнні, разыгрыванне сцэнак накшталт “Мальвіны”. А потым нябошчык ажывае і скача з канём ці іншым персанажам.

—        Былі маскі Каровы, Казла і Казы, Лісы, Зайца. І яны, безумоўна пэўным чынам абыгрываліся. Па сведчаннях, амаль усе былі апранутыя ў вывернутыя кажухі: ліса ў руды, заяц у белы, Казёл у шэры, карова ў рабым адзенні. Кажух або воўна прыносяць багацце, таму ўсе маскі былі ў кажухах. Воўна — сімвал урадлівасці. Сёння для калядных масак гэта можа быць штучнае футра, якое не есць моль, але пэўных колераў, з захаваннем традыцыйных рысаў.

 — Прыкладна, знік традыцыйны вобраз бусла: “Раней буська дзіця несла: на нагах – чырвоныя боты, шапка, красны клюў, шэя длінюшчая, клюў стукаў”(расказваў Пётр Фёдаравіч Шэпецько). Гэтую маску можа прадстаўляць Дзед або Баба: “Наш Буська вам дзіця ў хату прынясе ў гэтым годзе. Каб ваша хата звінела ад дзіцячых галасоў, каб штогод па дзіцяці вам Буська прыносіў!” (гарадчукі ж ведаюць, у якой хаце цяжарная жанчына або дзе нядаўна было вяселле)

—        Воўк — мае пэўную ролю ў сцэнічных дзеях, якія разыгрываюцца, вые або ходзіць з латуннай трубой і раз пораз абвяшчае пра падыход гурта да хаты.

— Баран ідзе з барабанам і стварае шумавы фон на пераходах ад хаты да хаты, а таксама ў сцэнках.

Гукавы фон раней стваралі каровіны ражкі. Зараз у раёне ёсць майстар, які ўмее іх рабіць — трэба, каб ён правёў майстар-клас у Давыд-Гарадку задоўга да Каляд, каб ад яго навучыліся і паспелі зрабіць такі інструмент.

Піянерскі горн, які сёння можна ўбачыць падчас карнавалу, таксама мае сваё значэнне як атрыбут пэўнай эпохі, але яго трэба прывязаць да пэўнай маскі.

Скарбнік, Звяздар — традыцыйныя маскі для любога каляднага гурта.

2) Акрамя масак, ёсць яшчэ калядная атрыбутыка. Яе трэба абнаўляць і вырабляць новую. Вучыць гэтаму дзяцей. Праводзіць у снежні перад Новым годам конкурсы на лепшую атрыбутыку разам з конкурсамі на лепшую маску і лепшы гурт “конікаў”. Конкурсы павінны праводзіцца публічна ў доме культуры, каб мог прыйсці і паглядзець, а таксама аддаць свой голас глядацкай сімпатыі любы гарадчук.

— Гэта калядная зорка, і ў Давыд-Гарадку яна была вялізная, адметная.

    На Ражаство тут бегаюць дзеці з пэўным атрыбутам — праменьчыкамі ад гэтай каляднай зоркі.

    Для таго, каб зрабіць Коніка, патрэбны кошыкі з лазы. Неабходна навучыць гэтаму рамяству дзяцей у школах. Кошыкі потым можна прадаваць як для гаспадарчых патрэб, так і ў сувенірных варыянтах. Іншыя вырабы з лазы таксама актуальныя. Продаж можна ажыццяўляць як калядны кірмаш перад Новым годам, а для гасцей — нават 13 студзеня, перад святам, разам з іншымі сувенірамі.

3) Неабходна вучыць традыцыі ў школах, расказваючы, як абрад ладзіўся раней, чаму ў ім дзейнічаюць тыя або іншыя маскі. У той жа час неабходна даваць волю творчым здольнасцям дзяцей. Да каляднага карнавалу трэба рыхтавацца цэлы год. Так, як, напрыклад, у Рыа-дэ Жанейра ў Бразіліі, куды прыязджаюць турысты з усяго свету.

4) Вучыць дзяцей і моладзь калядаваць і шчадраваць згодна ўзросту: малых – вершаванымі традыцыйнымі тэкстамі і дыялогамі, большых — спяваць песні-калядкі (псальма-калядкі могуць спяваць толькі дарослыя або добра навучаныя старшакласнікі) і песні-шчадроўкі на мясцовым дыялекце.

 

Аўтар матэрыялаў Р.С. Гамзовіч


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.