Прэзентацыя нематэрыяльнай культурнай спадчыны на фестывалі «Скарбы Гродзеншчыны»

Прэзентацыя нематэрыяльнай культурнай спадчыны на фестывалі «Скарбы Гродзеншчыны»


Працягваем публікаваць меркаванні экспертаў аб фестывалі. 

Сваімі ўражаннямі дзеліцца Яўгенія Станіна, мастацтвазнаўца, майстар-даследчык народнага касцюма Гродзеншчыны, дырэктар прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Ткалля»




З радасцю адгукнулася на прапанову падзяліцца сваімі ўражаннямі ад сёлетняга фестывалю традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны» па той прычыне, што  была запрошана ўдзельнічаць у працы журы і магу ў больш поўнай меры ацаніць здабыткі гэтага сезону. На жаль, не ўсе наведвальнікі мелі такія шірокія магчымасці як у нас, сябраў журы. Пабачыць прэзентацыі падворкаў, якія доўжыліся 10-15 хвілін і пачаставацца стравамі традыцыйнай кухні, на самой справе, маглі адзінкі. Але было шмат цікавага даступна  на працягу свята ўсім наведвальнікам: выстаўкі-продажы вырабаў майстроў цэнтраў рамёслаў, канцэрт выканаўцаў традыцыйнай песні, танца і вуснага жанру, а яшчэ жадаючыя маглі паспрабаваць свае сілы ў побытавых танцах. Да слова, саміх стваральнікаў свята было куды больш за гледачоў, таму ўсё ж шырокай аўдыторыі ў свята не было.

Свае падворкі раёны рабілі накшталт выставачных экспазіцый сучасных вырабаў сваіх майстроў. Старыя рэчы з сялянскага побыту адыгрывалі ролю этнаграфічнага фону для прэзентацый падворкаў. І гэта добра, ёсць сабраны мясцовы матэрыял у кожным раёне, які з’яўляецца падставай для развіцця рамяства ў традыцыйным напрамку. Але карціна ў цэлым застаецца такой, што найбольш развітыя ў былыя часы рамёствы ўтылітарнага характару (ткацтва, коўка, ганчарства), сёння яшчэ мала прадстаўлены. Большасць майстроў арыентаваны на выраб сувеніраў і таму пераважае вышыўка, саломапляценне, выраб разьбяных і керамічных пано з жанравымі сцэнкамі. Нягледзячы на безумоўна высокае майстэрства і прывабнасць работ гэтага кшталту, засталося ўражанне недастатковага асэнсавання пераемнасці ў традыцыйным рамястве. Па-ранейшаму, большасць з прадстаўленага суадносіцца з самадзейнай аўтарскай творчасцю больш, чым з традыцыйным мастацтвам.  Кавальскае рамяство, на жаль, ўвогуле не было прадстаўлена. На гэтым фоне вельмі адметна выглядалі падворкі, дзе працавалі за кроснамі ткачы (такіх падворкаў было некалькі - Гродзенскі, Лідскі, Ашмянскі, Ваўкавыскі), дэманстраваў сваё майстэрства ганчар (падворак Свіслацскага раёну), ткаліся і пляліся майстрыхамі паясы (падворак Гродзенскага, Астравецкага, Наваградскага раёнаў).

Адметнай рысай фестывалю гэтага году стала спроба адрадзіць традыцыйны сторй. Больш прывабна выглядалі строі, прастаўленыя раёнамі, дзе ў Цэнтрах рамёслаў прыкладаюць намаганні для развіцця ткацтва. У Лідскім раёне ідзе адраджэнне традыцыйнага строю з пачатку, з вырабу тканіны, аздаблення яе арнаментам, выкананым у тэхніцы бранага ткцтва, пільнага адбору малюнкаў для вышыўкі. Уражвае жаданне майстрых  Ашмянскага  раёну зрабіць адзенне ў адпаведнасці з асаблівасцямі крою і густамі сваёй мясцовасці, тым самым больш наблізіцца да этнаграфічных узораў. Яшчэ адзначу той факт, што праца па стварэнню строяў хутчэй і якасней  адбываецца ў раёнах, дзе ствараюцца этнаграфічныя гурты таму, што традыцыйнае адзенне больш натуральна выглядае ў сваім асяродку.

У заключэнне выкажу падзяку арганізатарам і ўсім удзельнікам фестывалю за вялікую працу, вялікія намаганні па зберажэнню традыцыйнай культуры.  І маё асабістае пажаданне арганізатарам свята: было б добра, каб на працягу ўсяго тэрміна дзеяння падворкаў, а не ў кароткі абмежаваны час, адбываліся нейкія інтэрактыўныя паказы прыгатавання традыцыйных страў, песенныя і танцавальныя выступленні,  майстар-класы рамеснікаў, а выставы пабытовых рэчаў былі б дадатковысм фонам. Гэта, на маю думку, больш адпавядае комплекснаму характару народнай культуры. І, ўвогуле, такая інтэрактыўная форма арганізаціі свята больш прыцягнула б наведвальнікаў, была б больш цікава тым, хто ўдзельнічае ў фестывалі і тым, для каго робіцца гэта свята.


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.