Фестываль у фестывалі і яшчэ адзін фэст, ці з рога ўсяго многа

Фестываль у фестывалі і яшчэ адзін фэст, ці з рога ўсяго многа


        Прапануем вашай увазе артыкул эксперта, пастаяннага сябра журы фестываля традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны” Галіны Аркадзьеўны Сушы, спецыяліста па традыцыйнаму мастацтву аддзела традыцыйнай культуры і аматарскай творчасці ІПК і ПК установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”, сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.

            


            Апошнія залатыя дзянёчкі падарыла сёлетняе лета ўдзельнікам Рэгіянальнага фестывалю традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны” і  ІІІ тура абласнога фестывалю традыцыйнай культуры “Панямоння жыватворныя крыніцы”, куды нас запрасілі ў якасці членаў журы.

         Паехаць на Гродзеншчыну для мяне – гэта вяртанне дадому. Свайго дома ўжо, на жаль, няма, але любы куточак – гэта і ёсць тая самая малая Радзіма, дзе іншае нават паветра і спеў птушак, водар траў ды кветак. І тым больш за шчасце і задавальненне для мяне было запрашэнне наведаць памежжа нашай краіны з Аўгустоўскім каналам, пра якое пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Санака Самарасінха на пытанне, чаму для правядзенне мерапрыемства былі абраныя наваколлі Аўгустоўскага канала, адказаў: “Азірніцеся і паглядзіце, як тут прыгожа! Як можна было яго не абраць?! Гэта неверагоднае месца. У мінулым годзе мы таксама арганізоўвалі свята ў Налібоцкай пушчы. А ў наступным годзе, спадзяюся, атрымаецца арганізаваць яго ў Белавежскай пушчы”.

         Адметнасць фестывалю “Скарбы Гродзеншчыны” ў тым, што праз кожныя два гады ён мяняе сваю “прапіску”: з Лідскага раёна ён перайшоў на Астравеччыну, а зараз Гродзенскі раён прымаў шматтысячную армію гасцей і ўдзельнікаў свята. Такая колькасць народу сабралася на Аўгустоўскім канале з-за таго, што тут адначасова праходзіла некалькі святочных мерапрыемстваў. Давайце пералічым іх.

         Па-першае, ля шлюза Дамброўка стартаваў яркі і відовішчны абласны адкрыты  фестываль народнай творчасці “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў – Беларусі, Польшчы і Літвы”, які адраджае традыцыі беларуска-польска-літоўскага памежжа.  

Па-другое, у рамках названага вышэй фестывалю прайшоў 18-кіламетровы велапрабег у падтрымку Мэтаў устойлівага развіцця ААН. Больш за 400 чалавек з 20 краін свету, сярод якіх міністры, дыпламаты, кіраўнікі прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый, пераадолелі 18-кіламетровую дыстанцыю па маляўнічых месцах Аўгустоўскага канала.

Па-трэцяе, сюды ж арганізатары далучылі спартыўныя мерапрыемствы  “2017 Bike4SDGs: ”Одна дарога, агульныя мэты” – сплаў на байдарках і спаборніцтвы па скандынаўскай хадзьбе. Удзельнікі свята запомнілі і выдатныя нумары ўдзельнікаў міжнароднага танцавальнага праекта грамадскага аб’яднання  “Беларускі фонд дапамогі спартсменам-інвалідам».

Тут жа яшчэ праходзіў  канцэрт моладзевых калектываў Гродзеншчыны і вядомых фолькгуртоў “Традыцыйная культура і сучаснасць”. Хэдлайнер – моладзевая фолькгрупа “PAWA”. Дадамо сюды ж “Аўгустоўскі  Open Air” – танцавальна-забаўляльную праграму”. Гэта чарговае мерапрыемства.

І вось яшчэ адна немалаважная дэталь: 18-кіламетровы маршрут удзельнікаў велапрабегу быў пракладзены па маляўнічых мясцінах Аўгустоўскага канала, а завяршыўся ў вёсцы Радзівілкі, дзе ў рамках фестывалю прайшло ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі Гурскім, былым уладальнікам мястэчка.

І вось, нарэшце, наступная, галоўная падзея, ці як яго назвалі “фестываль у фестывалі” – Рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”. Паралельна з гэтым святам праходзіў (ледзь не забылася пра яшчэ адно свята) ІІІ тур абласнога фестывалю традыцыйнай культуры “Панямоння жыватворныя крыніцы”. Вось так!!! Вучыцеся працаваць па-гродзенску, калегі!  Вось толькі калегаў на ўсіх гэтых прыгожых і шматлікіх мерапрыемствах якраз і не было відаць. А шкада. Павучыцца тут ёсць чаму і падзяліцца вопытам работы з прафесіяналамі было б не лішне.

І ўсё ж галоўная падзея дня – фэст “Скарбы Гродзеншчыны”. Вось гэта свята святаў, сапраўднае народнае свята, якое парадавала  рэгіянальнымі спевамі і танцамі, а яшчэ, шчодрымі ды багатымі падворкамі!

Падчас круглага стала “Захаванне і папулярызацыя асаблівасцей традыцыйнай культуры Гродзеншчыны”, які праходзіў у Сапоцкінскім культурна-турыстычным цэнтры, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Алена Клімовіч адзначыла наступнае: “Сёння часта можна чуць і бачыць сучасныя апрацоўкі і інтэрпрэтацыі народных песень, танцаў, музыкі, і гэта добра, але ў той жа час важна захоўваць традыцыі і іх аўтэнтыку. Таму асабліва прыемна, што паралельна з нашымі дарослымі калектывамі працуюць і дзіцячыя, якія пераймаюць традыцыйную культуру”.

Сёння ў Гродзенскай вобласці працуюць амаль 120 фальклорных калектываў, 11 майстроў маюць званне народных. Яны займаюцца захаваннем і трансляцыяй, перадачай моладзі мясцовых традыцый і майстэрства падчас святаў і фестываляў. Іх творчасць была навідавоку падчас арганізаванай работы падворкаў традыцыйнай культуры Гродзеншчыны з гожаю назвай  “Бацькоўскую спадчыну захаваем на вякі”. 

На кожным падворку было штосьці адметнае, старажытнае. Многіх гасцей свята зацікавілі стравы, якія прыгатавалі лідскія гаспадыніпольскія «галкі» вельмі падобныя на літоўскія цэпеліны, толькі іх не вараць у вадзе, а абсмажваюць на сале. Карыстаюцца лідчане, таксама, рэцэптам пана Дамбавецкага, які вельмі любіў «кулькі бердаўскія». Для гэтага выпякаюцца тонкія бліны, на якія кладзецца тушанае з цыбуляй мяса, блін збіраецца ў мяшочак і звязваецца сцяблінай кропу альбо цыбулі.

Навагрудскі падворак быў хораша аздоблены стракатымі коўдрамі, якія зроблены ў тэхніцы «пэчворк» ці шматковае шыццё. Вырабы, што раней ствараліся са кавалачкаў і абрэзкаў тканіны, таму што дорага і складана было набыць цэлае палатно, зараз сталі сапраўдным мастацтвам. Дзівосныя бялюткія выбіванкі Наталлі Клімко, дырэктара Навагрудскага Цэнтра рамёстваў ўпрыгожылі падворак, а ўжо пра стравы ды прысмакі з брусніцамі і мёдам можна расказваць бясконца. Да іх ў дадатак прапаноўвалі арыгінальна і густоўна аформленыя рэцэпты мясцовай ежы. 

Сярод шматлікіх падворкаў вылучаліся гаспадыні з Індуры, якія задумалі на падворку мыццё бялізны. Па даўнейшых традыцыях – каля калодзежа, у балейцы і тазіках. А развесілі яе на вяроўцы, якую нацягнулі паміж граблямі. Усе, хто пажадаў, маглі прайсціся па бялізне старажытнымі прасамі, як на вуглях, так і яшчэ больш даўнімі — драўлянымі.

         Жыхары з Абухава запрашалі прыняць удзел у збіцці масла ў драўлянай маслабойцы. Яшчэ і зараз у вёсках можна сустрэць гаспадароў, якія карыстаюцца такім спосабам. Масла з гэтых маслабоек атрымліваецца пышным, салодкім, з адмысловым пахам.

         І ўсё ж, на жаль, усю непаўторную прыгажосць Аўгустоўскага канала і маштаб святочных падзей  я потым змагла праглядзець у Інтэрнэце. За адзін дзень члены журы без абедзеннага перапынку “пажурыцца” ледзьве паспелі, а ўжо далучыцца да іншых падзей ды яшчэ праплысці па тым жа канале са шлюзамі – пра гэта толькі марыць застаецца. Ну што ж, наступным разам, добрым часам…

Лічу,          што такога размаху святы нельга рабіць скопам, не варта згрувашчваць у адну кучу такія важкія падзеі, вельмі цікавыя кожнае паасобку мерапрыемствы міжнароднага і рэгіянальнага ўзроўню. Атрымліваецца, з аднаго боку, з рога ўсяго многа, ці як кажуць на Гродзеншчыне, не трэба мяшаць гарох з капустай пад соусам бешамель. Навошта,  дзеля чаго гэта робіцца? Для масоўкі? Ці тут таксама аптымізацыя вінаватая?

Скарбы Гродзеншчыны невычарпальныя, але на культуры эканоміць нельга!

 

         


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.