Традыцыя ўшанавання валуна «Нявесцін камень» набудзе статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Традыцыя ўшанавання  валуна «Нявесцін камень» набудзе статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны 27 ліпеня 2017 г. разгледзела прапанову аб уключэнні ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь традыцыі ўшанавання валуна «Нявесцін камень» у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці і прыняла рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці гэтаму элементу НКС. Прапануем вашай увазе даклад Сяргея Аляксандравіча Жыліка, метадыста Ашмянскага раённага цэнтра культуры, які прагучаў на пасяджэнні рады і выдатна адлюстраваў сутнасць элемента, яго цесную ўзаемасувязь з традыцыйным культурным ландшафтам, значнасць як для мясцовай супольнасці, так і для этналогіі, гісторыі і культуры ўсёй краіны:

Гісторыка-культурны ландшафт Ашмянскай зямлі вельмі насычаны і разнастайны. У ім спалучаюцца матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці – помнікі архітэктуры розных стыляў і эпох, аб’екты археалогіі, помнікі гісторыі і мастацтва. Адметнасць Ашмянскай зямлі надае Беларуска-Літоўскае (Ашмянскае) ўзвышша, якое гістарычна стала асяроддзем фарміравання мясцовай культуры памежжа, традыцый і абрадаў, якое багата на помнікі прыроды, у тым ліку, на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі – узгоркі і  валуны ледавіковага перыяду. Вакол некаторых з іх сфарміраваліся комплексы легенд, паданняў і традыцый  ушанавання.

Найбольш знакамітым з’яўляецца помнік прыроды рэспубліканскага значэння, які ўваходзіць ў сем цудаў Ашмяншчыны – валун “Нявесцін камень” вагой каля 74 тон, памерам 4,1х3,1х2,2 метры, які з’явіўся тут прыблізна 20-18 тыс. год назад з Аланскіх астравоў Балтыйскага мора. Ён размешчаны ў глыбокім Рамбоўскім (другая назва валуна – “Рамбоўскі”) рове на ўскрайку леса ў атачэнні маладых дубоў. Каштоўнасць дадзенага помніка прыроды для мясцовага культурнага асяроддзя не толькі ў яго памерах, але і ў шматлікіх міфах і паданнях з ім звязаных.

Увогуле, міфалагічная прастора раёна насычана легендамі пра Белую панну і Чорнага манаха Гальшанскага замка, Белую панну кляштара францысканцаў, паданнямі пра Гальшанскае гарадзішча і стары драўляны млын. Асобнае месца займаюць легенды пра культавыя валуны – камень следавік “Чортаў ступень”, валун “Вялікі камень”. Але жывая практыка іх ўшанавання  на дадзены момант адсутнічае.

Для нашага рэгіёну ўласціва традыцыя ўшанавання адметных прыродных з’яў, у прыватнасці, валуноў, якая сустракаецца па ўсёй Беларусі. Так, ушаноўваюцца сакральныя камяні, напрыклад, “Дзед” (Мінск), паклонныя – “Барысаў камень” (Полацк), валуны-следавікі (Навагрудскі раён), “чортавы” камяні (Валожынскі і Карэліцкі раёны), скамянелыя з-за праклёнаў (Лельчыцкі раён), камяні-“шаўцы” (Вілейскі і Докшыцкі раёны).

Згодна п. 13 арт. 91 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры ў намінацыйных матэрыялах прадстаўлена інфармацыя  аб адметных вартасцях, арэале бытавання і іншых характэрных рысах каштоўнаці. Ушанаванне валуна “Нявесцін камень” захавалася да нашых дзён у жывой практыцы і будуецца на вераваннях жыхароў навакольных вёсак Навасёлкаўскага сельскага савета,  якія з’яўляюцца носьбітамі традыцыі і ўвогуле жыхароў раёна, ў цудадзейныя ўласцівасці каменя. Дакладная дата паходжання элемента невядома, аднак сталыя жанчыны сцвярджаюць, што чулі паданні пра яго ад дзядоў і бацькоў яшчэ ў даваенны час. Старэйшыя сваякі часта пыталіся ў маладога хлапца, які сустакаўся з дзяўчынай: “Ці вадзіў ты дзяўчыну да Нявесцінага (Рамбоўскага) каменя?” Практыка ўшанавання валуна складвалася  шмат дзесяцігоддзяў і не перарывалася. Апошнім часам традыцыя пакланення значна актуалізавалася. Вядома, што на тэрыторыі Беларусі традыцыя пакланення  налічвае не адно стагоддзе і, нават, тысячагоддзе. Усё гэта адпавядае крытэрыям 1.2 аб тым, што традыцыя ўшанавання мае значнасць для рэгіёну з пункту гледжання гісторыі, этналогіі і культуры і 1.3 аб тым, што элемент непасрэдна звязаны з традыцыямі, вераваннямі і перакананнямі мясцовай супольнасці арт. 92 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

Адпаведна з п. 10 і п. 12 арт. 91 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры аб навуковай апрацоўцы культурных каштоўнасцей і выяўленні іх спецыфічных рыс,  зафіксаваны шматлікія легенды і паданні, якія надаюць валуну сакральны змест. Так, існуе паданне пра маладую дзяўчыну, якая кінулася ўслед за любым, які патануў у глыбокім рове, і пераўтварылася ў велізарны камень. Існуюць міфы пра тое, што пад каменем схаваны скарб, што яго спрабаваў пакласці у падмурак свайго палаца граф Чапскі, але не здолеў, бо пакаранне чакае таго, хто будзе яго чапаць і кранаць з месца. Назва рова Рамбоўскі пайшла ад легенды пра каханне  заможнага хлопца па прозвішчы Ромба і  простай дзяўчыны, якім забаранілі ажаніцца і якія вырашылі быць разам на дне глыбокага рова. Кажуць, нібыта пад каменем пахавана манахіня, якая шчыра малілася за ўсіх закаханых, што на месцы каменя існавала язычніцкае капішча. Існуе паданне, што камень дапамог жанчыне шчасліва нарадзіць доўгачаканае дзіця. Усё гэта з’яўляецца прыкладам існавання аўтэнтычнага міфалагічнага ланшафта, у якім адлюстроўваюцца традыцыі пэўнага перыяду гісторыі беларускага народа, што адпавядае крытэрыю 1.5 арт. 92 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры,  неабходнага для надання статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці .

Сутнасць ўшанавання валуна мясцовай супольнасцю праяўляецца ў ахвяраваннях яму ў выглядзе абрусоў, стужак, ланцужкоў, дробных грошаў, цукерак, яблыкаў і прадметаў асбістага ўжытку. На камень кладуць невялічкія плеценыя кошыкі з маленькімі лялькамі. Маладыя перад шлюбам наведваюцца да валуна, каб папрасіць шчаслівага і заможнага сямейнага жыцця, жанчыны рознага ўзросту, каб вылечыцца ад хвароб і нарадзіць доўгачаканае дзіця, маладыя дзяўчаты, каб знайсці жаніха. Сталыя жанчыны просяць шчаслівай долі для дачок. Паклаўшы ахвяру на камень, або павязаўшы стужку ці рушнік на дрэва, трэба дакрануцца да валуна (абняць яго, а то нават і сесці), моцна папрасіць камень выканаць жаданне. На дадзены момант ёсць жанчыны, якія сцвярджаюць, што ён дапамог і прыходзяць каб аддзячыць. Пэўнага вызначанага часу наведвання каменя не існуе, ён адвольны, традыцыя ўшанавання не суадносіцца з якімі-небудзь рэлігійнымі святамі і не супярэчыць ім. Усе гэта зафіксавана згодна п. 6 арт. 91 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры аб фіксацыі культурных каштоўнасцей, апісанні іх адметных духоўных і мастацкіх вартасцей, а таксама носьбітаў нематэрыяльных каштоўнасцей. Дарэчы, традыцыя ўшанавання каменных крыжоў існуе ў Тураве і вёсцы Данілевічы, іх ўпрыгожваюць, шануюць і прыносяць да іх ахвяраванні. Яна ўжо ўнесена ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і мае адпаведны статус. Традыцыя нашага рэгіёну ў нечым падобная, але мае свае адметнасці.

Вялікая запатрабаванасць з’яўляецца сведчаннем таго, што традыцыя ўшанавання валуна “Нявесцін камень” аказвала і працягвае аказваць значны ўплыў на духоўнае развіцце рэгіёна, фарміраванне яго своеасаблівасці. Сацыяльна-культурная функцыя элемента і яго атрыбутаў на сённяшні дзень выражаецца ў яго значным краязнаўчым, рэакрэацыйна-турыстычным, сакральна-культурным рэсурсе. Праведзеныя этнаграфічныя экспедыцыі паказалі зацікаўленасць мясцовай супольнасці ў захаванні і папулярызацыі элемента, перадачы его моладзі.

Сведчаннем цікавасці да элемента ў рэгіёне з’яўляецца правядзенне навуковай канферэнцыі “Валуны – маякі гісторыі” з удзелам  Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, мясцовых краязнаўцаў, моладзі, носьбітаў традыцыі. Уплыў элемента на мясцовую культуру знайшоў водгук ў творчасці мясцовых паэтаў і фальклорных калектываў. Напрыклад, з’явілася паэма “Валун “Нявесцін камень” і тэатралізаваная пастаноўка з удзелам носьбітаў “Легенда пра “Нявесцін камень”. Актыўнасць мясцовага насельніцтва і зацікаўленасць улад у падтрымцы і папулярызацыі элемента ўвасобілася ў праект у рамках міжнароднай гуманітарнай дапамогі “Нявесцін камень”. Дзякуючы яму ўдалося вывучыць элемент, добраўпарадкаваць тэрыторыю, прылягаючую да валуна, уключыць адметны помнік ў шэраг турыстычных маршрутаў, у тым ліку, транспамежны “Падарожжа па Ашмянскім узвышшы”.

Значная ўвага ўдзяляецца інфармацыйнай падтрымцы элемента. Ашмянскай  раённай бібліятэкай падрыхтаваны і выдадзены шэраг матэрыялаў па яго гісторыі, выпушчаны відэафільм па выніках экспедыцыі. Шмат публікацый было ў друкаваных сродках масавай інфармацыі раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. На канале БТ-3 ў цыкле праграмы “Край”  у 2017 годзе выйшаў сюжэт аб традыцыі ўшанавання каменя.

Устаноўлены інфармацыйны стэнд. Актыўная падтрымка работы па захаванню і развіццю элемента існуе з боку Ашмянскага раённага выканаўчага камітэта, Навасёлкаўскага сельскага выканаўчага камітэта, Раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Ашмянскага лясніцтва, устаноў культуры і адукацыі Навасёлкаўскага сельскага савета, ДУК “Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф. Багушэвіча”, ДУК “Ашмянскі раённы цэнтр культуры”, ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка”. У 2018 г. плануецца правесці добраўпарадкаванне дарогі ад магістралі Мінск-Вільнюс да месца знаходжання каменя.  Раённай бібліятэкай пад час складання слоўніка рэдкіх і знікаючых слоў мясцовай гаворкі адбудзецца вывучэнне мовы легенд і міфаў элемента, якая з’яўляецца своеасаблівай моўнай інтэрферэнцыяй беларускай, рускай, польскай і літоўскай моў.

Дадзены элемент нематэрыяльнай спадчыны яскрава характэрызуе, гістарычны, этнаграфічны, моўны і сакральны ландшафт нашага рэгіёну. Ён каштоўны для супольнасці сваім зместам, характарам, адпавядае яе прыродным, сямейна-бытавым уяўленням, з’яўляецца прадметам веры. Упэўнены, што ўключэнне элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыя ўшанавання валуна “Нявесцін камень” паспрыяе яго захаванасці і перадачы наступным пакаленням супольнасці, дасць магчымасць шырэй папулярызаваць адну з адметнасцей нашай зямлі.

Намінацыйныя дакументы падрыхтаваны ў Ашмянскім раённым цэнтры культуры пры куратарскай падтрымцы Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Матэрыял  прайшоў папярэднюю ацэнку і экспертызу на адпаведнасць патрабаванням Канвенцыі  аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны і нацыянальнага заканадаўства ў Інстытуце культуры Беларусі. Навуковую апрацоўку і ацэнку правялі эксперты Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Валодзіна Т.В., доктар філалагічных навук, загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў і Кухаронак Т.І., кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела нарадазнаўства.


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.