У віхуры беларускага танца

У віхуры беларускага танца Звыш 70 танцавальных пар з розных рэгіёнаў Беларусі прадставілі мясцовыя танцавальныя традыцыі на конкурсе беларускіх танцаў “Мяцеліца”, які адбыўся 12 сакавіка ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Іаханэса Рау.
Конкурс ладзіўся Школай традыцыйнага мастацтва супольна з Беларускім фондам культуры пры падтрымцы Грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!».

Партнёрскую падтрымку ажыццяўлялі вытворцы адметных беларускіх тавараў і паслуг, цэнтры крэатыўных ідэй і прадуктаў беларускай сталіцы: Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Іаханэса Рау, беларускі партал TUT.BY, майстэрня Elen Carotte, інтэрнэт-крама SYMBAL.BY, брэнд беларускага адзення HONAR, інтэрнэт-крама актуальнага беларускага адзення LSTR Adzieńnie, крама настольных гульняў NASTOLKI.BY, этнакрама RAGNA.BY, Ніна Шыдлоўская, Andrey Larry, БМАgroup і кампанія «ВІГМА».

Праграма конкурсу складалася з 20 беларускіх танцаў: як добра вядомых – лявоніха, полька, падыспань, барыня, мікіта, так і значна менш распаўсюджаных – абэрак, матлёт, грачанікі, гапак, субота, ночка.

Падчас конкурсу гучала жывая музыка ў выкананні вядомай мінскай капэлы «НА ТАКУ» пад кіраўніцтвам Аляксея Крукоўскага, ансамбля народнай музыкі Капаткевіцкага ГДК Петрыкаўскага раёна пад кіраўніцтвам Анатолія Грынько, а таксама ансамбля народнай музыкі Акцябрскага цэнтра вольнага часу пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Бяжкова.

Адметнай была атмасфера конкурса, супольна створаная арганізатарамі, удзельнікамі і наведвальнікамі. Выступы танцораў падчас конкурснага прагляду нагадвалі больш вечарыну, на якую прыйшлі ўсе жадаючыя і мелі магчымасць “сябе паказаць, на іншых паглядзець”. Наведвальнікі з асаблівым нецярпеннем “каб патаньчыць” пад жывую музыку чакалі танцавальных перапынкаў, якія ладзіліся на працягу ўсяго конкурснага дня. Гэтай магчымасцю карысталіся нават сябры экспертнай рады, у склад якой уваходзілі вядомы музыка, мастак і этнограф Алесь Лось, культуролаг Любоў Свурава, мастацкі кіраўнік узорнага ансамбля фальклорнага танцу “Палескія плясуны" Іван Лёгкі, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, кіраўнік народнага ансамбля танца “Крупіца” Георгій Чорны, старшы выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, этнограф Ірына Мазюк.

Конкурс «МЯЦЕЛІЦА» стварыў выдатную магчымасць пазнаёміцца з багаццем беларускай танцавальнай традыцыі, з людзьмі, якія яе сёння падтрымліваюць і практыкуюць па ўсёй краіне. Сваё майстэрства прыехалі паказаць танцоры з дзевяці раёнаў Гомельскай вобласці, з Асіповіцкага, Любанскага, Полацкага, Віцебскага, Валожынскага раёнаў, г. Бабаруску, г. Мінску. Многія гурты і музычныя ансамблі, якія прыехалі на конкурс, атрымалі падтрымку ад  аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкамаў, мясцовых устаноў культуры і адукацыі.

Правядзенне такіх конкурсаў стварае ўмовы для аднаўлення, захавання, папулярызацыі беларускай народнай культуры, а таксама, перадачы традыцый беларускага танца ад старэйшых носьбітаў прадстаўнікам малодшага пакалення, аб чым сведчыць ўзрост удзельнікаў конкурсу , які вагаўся ад 15 да 75 гадоў.

Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.