24 лютага – Дзень народзінаў Рыгора Барадуліна

24 лютага – Дзень народзінаў Рыгора Барадуліна

24 лютага споўнілася б 82 гады народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну (1935 – 2014). Да гэтай даты грамадская супольнасць рыхтуе шэраг мерапрыемстваў.

16 лютага адбылася прэзентацыя новага супольнага музычнага праекту «Песні матчыны з Вушаччыны» на сайце «Нашай Нівы». Вынікам працы стаў зборнік песень, які аб'яднаў беларускіх музыкаў вакол асобы Рыгора Барадуліна народнага паэта Беларусі.

22 лютага (ужо сёньня!) у «Арт Сядзібе» (пр-т Незалежнасці, д. 58, оф. 430 у будынку Маскоўска-Венскага гандлёвага цэнтру) з 18.00 да 20.00 адбудзецца аўтограф-сесія з удзелам Сяржука Доўгушава і іншых музыкаў праекту, раздача падарункаў спонсарам альбому на Talaka.by і старт продажу CD-дыска на symbal.by.

24 лютага, у дзень народзінаў Рыгора Барадуліна, гурт «Re1ikt» прэзентуе кліп на песню «Дробненькі дожджык», а пакуль можна паглядзець трэйлер.

26 лютага ў Палацы культуры ветэранаў (вул. Янкі Купалы, 21) адбудзецца канцэртная прэзентацыя праекту «Песні матчыны з Вушаччыны» . Сачыць за навінамі і даведацца інфармацыю пра квіткі можна праз суполкі «У Кантакце» і на «Фэйсбуку».

Зборнік «Песні матчыны з Вушаччыны» – пераасэнсаванне і аднаўленне народных песень з малой радзімы Рыгора Барадуліна, якія паэту ў дзяцінстве спявала яго маці. Гэтыя песні натхнялі і суправаджалі паэта ўсё жыццё. Гэтая музычная складанка – выдатны праваднік па роднай для паэта Вушаччыне. Тут вы знойдзеце абрадавыя песні, напеўкі, смяшынкі-казытушкі: шчымлівыя і гуллівыя, дасціпныя і каларытныя, сціплыя і скаромныя. На альбоме вы пачуеце песні і вершы ў выкананні Рыгора Барадуліна і яго маці Акуліны Андрэеўны, Сяржука Доўгушава (аўтара і кіраўніка праекту), Ірэны Катвіцкай, Веры Саламонік, Ілоны Лесь, Віктара Сямашкі, гуртоў «Re1ikt», «Vuraj», «Harmonic Style Project», «Варган», хора «Салютарыс» ды іншых.

Альбом “Песні матчыны з Ушаччыны” можна паслухаць на Soundcloud, а спампаваць тут. Матэрыялам для апрацоўкі сталі песні, засвоеныя Рыгорам Барадуліным ад маці і запісаныя бардам Алесем Камоцкім у 2000-м годзе. 56 трэкаў (гэта далёка не ўсё, што выканаў тады дзядзька Рыгор) выдадзена на альбоме “Гойкнуў баравік” (альбом на Soundcloud; рэцэнзія на суполцы “Вольны архіў”).

Арганізатары выказваюць падзяку Міхаілу Шэстаку (запіс альбому на студыі «Bach records»), спонсарам, культурніцкай арганізацыі «Арт Сядзіба», Паўлу Белавусу, Дашы Бялькевіч, Алесю Сьнегу, Міхасю Скоблу, Сяргею Драніцу, усім гуртам і ўдзельнікам праекту, людзям, што падтрымалі праект на Talaka.by.

Падрыхтавала Алена Ляшкевіч, па матэрыялах афіцыйнага прэс-рэлізу праекту “Песні матчыны з Ушаччыны”.

Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.