Калядны карнавал на Палессі

Калядны карнавал на Палессі


Каляды — свята ў гонар зімовага сонцастаяння — доўжыцца два тыдні і складаецца з серыі абрадаў і звычаяў народнага календара, прысвечаных ушанаванню продкаў роду і пачатку новага года. Межамі свята з”яўляюцца тры вячэры — тры куцці, на якія збіраецца абавязкова ўся сям”я. Першая і трэцця вячэры — посныя, складаюцца з 7 страў (лічба 7 сімвалізуе сям”ю, як і гаршчок з кашай-куццёй, ад якой атрымалі сваю назву вячэры), а другая —скаромная, багатая, якая часцей носіць назву Шчодрая (паколькі гэта ноч навагодняя, то страў на стале павінна быць 12 — столькі, колькі месяцаў ў годзе). Ад Шчодрай куцці і ўвесь вечар называюць Шчодрым. Шчодрым яшчэ і таму, што не толькі самі вячэраюць за багатым сталом (каб і ўвесь год такім быў), але і адорваюць салам, каўбасамі, пірагамі і іншымі прысмакамі, а таксама грашыма прадстаўнікоў вясковай абшчыны — шчадроўнічкаў. Удзельнікі абраду шчадравання пераапраналіся ў звяроў, птушак, людзей (якія сімвалізавалі продкаў або з”яўляліся персанажамі жывой батлеі — сцэнак з сялянскага жыцця, дзе ёсць такія персанажы, як мужык, баба, цыганы, карчмары-яўрэі, поп, цар і іншыя). У большасці персанажаў гэтага навагодняга карнавалу вопратка была навыварат (выварочвалі кажухі, шапкі — воўна была сімвалам багацця), старое адзенне, выцягнутае са скрыняў або нават парванае. Раней яго проста спальвалі пасля абраду, а самі на Вадохрышча акуналіся ў палонку з вадой, каб ачысціцца. Пераапраналіся ў асноўным хлопцы і маладыя мужчыны, бо для жанчын сутыкненне з “тым” светам лічылася небяспечным. У асноўным на Палессі мужчынскія гурты маскіраваліся і хадзілі “у казлы” асобна, а жаночыя называліся “шчадрухі” — у іх святочна апранутыя дзеўкі і жанчыны спявалі прыгожыя абрадавыя песні. Дзіцячыя гурты хадзілі раніцай у першы дзень Новага года на Васілле і “засявалі” (рассыпалі жыта па падлозе хаты, імітуючы засяванне ў полі, нагадваючы, што сонца павярнула на лета, час рыхтавацца да работы ў полі, а таксама жадалі добрага ўраджаю ў новым сельскагаспадарчым годзе).

Карнавал як абрадава-відовішчнае дзейства з атмасферай іншабыцця (маскі з”яўляюцца з “таго свету”) дазваляе рабіць усё тое, што немагчыма згодна агульнапрынятых правілаў паводзін у звычайным жыцці (на “гэтым свеце”). Карнавальныя традыцыі ў беларусаў існуюць амаль на ўсе вялікія святы народнага календара і сямейных абрадаў, аднак калядны карнавал мае свой набор масак і рэгіянальныя асаблівасці.

На Палессі асноўны персанаж абрадаў калядавання (ладзіўся ў першыя тры дні пасля Раства) і шчадравання (у ноч на стары Новы год, згодна праваслаўнай традыцыі) — гэта Каза або Казёл. Маскі гэтага персанажа дагэтуль існуюць самыя разнастайныя: сапраўдная галава забітай казы або вырабленая з аўчыны, дрэва, саломы, надзетая на кій і пакрытая посцілкай (яе трымае хлопец, пакрыты посцілкай або ў вывернутым кажуху – у гэтым выпадку галава казы прымацоўвалася на дугу). Але часцей каза тупала нагамі — дзеянне, скіраванае на абуджэнне зямлі ад зімовага сну. Яшчэ Дзед або Цыган для гэтай жа мэты сцёбаў падлогу пугай. Пугай жа яны “муштравалі” Казу і Каня. Менавіта Каза ў абрадзе скакала, а потым падала — памірала (у Давыд-Гарадку падае Конь), як зямля зімой, але “ажывала” пасля таго, як гаспадар або гаспадыня адорвалі калядой (каўбасы як сімвал “залатога веку”, багацця, а з імі і сала — гэта ўсё стравы з забітага кабана, які лічыцца жывёлай, якую ахвяравалі сонечнаму боству), хлеб або пірог — ахвяра дзеля добрага ўраджаю збожжа, гарэлка — каб памянулі продкаў, цяпер даюць грошы — каб у гэтай хаце грошы вяліся. А ўвогуле гаспадары даюць, хто што можа за добрыя пажаданні. Беларусы і сёння вераць у сілу прамоўленага ў пэўны час слова і захоўваюць традыцыі продкаў.

Сярод масак звяроў найперш трэба назваць МЯДЗВЕДЗЯ. Беларусы ўшаноўваюць мядзведзя з часоў неаліту і звязана гэта з язычніцкім культам Вялеса — бога падземнага свету, які апекаваўся свойскімі і дзікімі жывёламі, уздзейнрічаў на плоднасць чалавека, таму кожны род, кожная абшчына ў старажытнасці яму пакланялася. Гэта персанаж не толькі агульнаславянскі, а і агульнаеўрапейскі. Маска мядзведзя існуе вельмі шырока на Беларусі ў каляднай абраднасці. У календарным кодзе мядзведзю адводзіцца перыяд зімы, ваўку — лета. Маска ВАЎКА таксама ёсць у калядным карнавале палешукоў, пераважна, на захадзе Палесся. Бачыла такую маску ў Кобрынскім раёне і ў Столінскім у Давыд-Гарадку. Калі Мядзведзь сімвалізуе сілу, здароўе, то з ЗАЙЦАМ ( давялося назіраць, як скача гэты персанаж у абрадзе шчадравання ў в.Старажоўцы Жыткавіцкага раёна) звязана пажаданне гаспадарам быць спрытнымі, лоўкімі, скорымі ў рухах. Рэдка сустракаецца абрад Ваджэння БЫКА, але ён быў у Жабінкаўскім раёне, а зараз такая маска ёсць у карнавале Давыд-Гарадка, як і маска КАРОВЫ.

Продкаў сімвалізуюць Дзед і Баба. Яны апранутыя ў саматканае адзенне, якое захоўваецца ў скрынях як памяць пра талент і працу рук прашчураў, якія выраблялі адзенне і абутак уласнымі рукамі з вырашчанай імі самімі сыравіны. Дзед звычайна вядзе Казу, а Баба нясе сявеньку або торбу, у якую збірае каляду. Яшчэ ходзяць Цыган, які прадае каня, цыганка з дзіцем, якая варожыць, Бусел або Журавель… У Кобрынскім раёне я бачыла гуску ў абрадзе (пудзіла нясуць на руках), у Жыткавіцкім — сароку, якая прыносіць добрую вестку. Птушкі звязаны з выраем — разам з імі душы памерлых адлятаюць на той свет і вяртаюцца вясной, дапамагаючы нашчадкам у клопатах пра ўраджай. Варыянтаў абраду і персанажаў каляднага карнавалу шмат.


Рэгіна ГАМЗОВІЧ.


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.