«Час выцінанкі». Адраджэнне традыцыі святочнага аздаблення вокнаў.

«Час выцінанкі». Адраджэнне традыцыі святочнага аздаблення вокнаў.


 

Час выцінанкі – гэта, безумоўна, зіма, Калядныя і Навагоднія святы, калі вокны: вялікія і маленькія, гарадскія і вясковыя, грамадскія і прыватныя – расквечваюцца папяровымі ўзорамі.

Гады ў 70-я – 80-я мінулага (страшна сказаць) ХХ стагоддзя амаль паўсюдна панавала мода на размалёку вокнаў гуашавымі фарбамі. Малюнкі святочнай елкі, Дзеда Мароза са Снягуркай, звяроў і птушак глядзелі на дарослых і дзетак з усіх бакоў. Часта для прыкладу выкарыстоўвалі малюнкі з віншавальных паштовак, выявы герояў савецкіх мультфільмаў.

Не так шмат прайшло часу. Але сёння, калі мы пройдземся па святочных вуліцах напярэдадні Новага году і зазірнем у вокны, то рэдка сустрэнем маляваных герояў нашага дзяцінства. Паўсюль пануе папяровая ажурная выцінанка, і год ад году яе ўсё болей!

Розныя сустракаюцца ўзоры: вытанчаныя і далікатныя, простыя, геаметрычна вывераныя і дакладна пракрэсленыя, вынайдзеныя самастойна і скапіяваныя з кніг, рэалістычныя, дэкаратыўна стылізаваныя… У афармленні школьных вокнаў адчуваецца дух спраборніцтва “хто прыгажэй і арыгінальней” (конкурсы стымулююць – гэта вядома!). Аднак мацярынскі погляд з усёй разнастайнасці выхоплівае вялізныя няроўныя сняжынкі з крывымі дзірачкамі, часта каляровыя альбо расфарбаваныя алоўкамі, якія звычайна раскіданыя па паверхні вакна – тыя, дзе бясспрэчна адчуваецца дзіцячая рука.

 Відавочна, што прысутнасць дзіцяці ў хаце – галоўны стымул зімовага “вокнаўпрыгожвальніцтва”. Выцінанка ў сучасным беларускім грамадстве – гэта папулярны від дзіцячай творчасці. Шмат у чым таму садзейнічаюць педагогі - людзі апантаныя. Часам сустракаем выцінанкі, зробленыя па нашых лекалах, і тады сэрца радуецца, бо і мы спрычыніліся да справы адраджэння традыцый святочнага аздаблення вокнаў выцінанкамі.

Колькасць прааналізаваных традыцыйных і сучасных прыкладаў, дазваляе пэўным чынам абагуліць мастацтва аздаблення вокнаў выцінанкай. Спадзяемся, гэта дапаможа чытачам у стварэнні асабістых вобразаў зімовых вокнаў.

Па сутнасці, выцінанкавая кампазіцыя на ваконнай шыбе – гэта тая ж дэкаратыўная кампазіцыя, фармат якой абумоўлены памерамі, формай і прапорцыямі ваконнага праёма, колькасцю секцый у вакне, а таксама колькасцю і размяшчэннем вокнаў у памяшканні альбо будынку, якія мы аздабляем. У адрозненне ад станкавай выцінанкі тут адсутнічае фон, а дакладней фонам з’ўяляецца від з вакна (пры поглядзе з памяшкання), альбо цёмны удзень ці светлы пры вечаровым ці начным асвятленні тон пакоя - пры поглядзе з вуліцы. У розны час сутак кампазіцыя будзе выглядаць па рознаму ў выніку змены асвятлення. Удзень, гледзячы з вакна на вуліцу, мы ўбачым цёмныя элементы на светлым фоне. У той жа час з вуліцы ўсё будзе выглядаць наадварот – светлыя аб’екты на цёмным фоне. Калі ж запаліць хатняе святло, выцінанкі стануць светлымі на фоне цёмнага вакна. Падсвечаныя лямпай і адцененыя каляровай фіранкай, тыя ж самыя сняжынкі з вечаровай вуліцы будуць глядзецца як цёмныя на яркім фоне.

Перад стварэннем эскіза кампазіцыі робім першапачатковы аналіз. Паспрабуем адказаць на наступныя пытанні:

1. Патрабуецца дэкор аднаго вакна ці некалькіх (пакоя для заняткаў, паверха, усяго будынка)?

2. З якога боку мяркуецца пабачыць найбольшы візуальны эфект (для прыватнага вакна лагічна разлічваць з большага на погляд знутры пакоя, для грамадскага будынка вітрыны ці пакою дзіцячага садка – натуральна, варта ацэньваць таксама і знешняе ўражанне)?

3.  Патрабуецца багаты дэкор, альбо больш істотна захаваць максімум дзённага святла, што пранікае праз вакно?

4. Патрабуецца цэльнавыразаная кампазіцыя ці зборная з некалькіх дэталяў? Гэта можа быць абумоўлена не толькі візуальным эфектам, але і колькасцю і памерам паперы, а таксама патрэбамі ў асвятленні памяшкання.

            Цяпер пераходзім да разгляду тыпаў кампазіцыі, якія можна выкарыстоўваць пры аздабленні кампазіцыйнай адзінкі (за кампазіцыйную адзінку прымаем - у залежнасці ад задумкі - секцыю вакна, вакно цалкам, некалькі вокнаў аднаго памяшкання ці  комплекс вокнаў аднаго будынка.

1.    Рапортна-фрызавая кампазіцыя – адзін альбо некалькі элементаў рытмова паўтараюцца ў гарызантальным (традыцыйная фіранка) ці вертыкальным накірунку. Светавы паток у дадзеным выпадку не надта перабіваецца, калі паласа фрызу размяшчаецца па нізе ці па версе вакна. Такі тып добра падыходзіць для арганізацыі дэкаратыўнага аздаблення шэрагу вокнаў аднаго памяшкання ці паверху. Рытмовае паўтарэнне аднолькавых матываў стварае ўражанне цэльнасці. Можна візуальна выдзяліць адно альбо некалькі цэнтральных вокнаў за кошт выкарыстання ў іх праёмах элементаў большага памеру, альбо сюжэтных кампазіцый.

2.    Рапортна-сеткавая кампазіцыя – адзін альбо некалькі элементаў (напрыклад, сняжынак) паўтараюцца, як рапорт на тканіне, раўнамерна па ўсіх накірунках. У выніку мы бачым малюнак, падобны да сеткі, размеркаваны па паверхні. Для зберажэння дзённага святла варта рабіць сетку з элементаў невялікага памеру, альбо размяшчаць іх па паверхні найменш шчыльна.

3.    Цэнтральна-сіметрычная кампазіцыя – адзін ці некалькі элементаў, выкананых у люстраной сіметрыці размяшчаюцца па цэнтральнай восі вакна/секцыі. Часцей за ўсё такі від кампазіцыі ўжываецца для стварэння сюжэтных кампазіцый.

4.    Дывановая кампазіцыя (разнастайнасць цэнтральна-сіметрычнай) –  даволі часта выкарыстоўваецца ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Тут найбольш выразна дамінуе цэнтр (можа быць як простай радыяльнай выявай, так і сюжэтнай), які акаляецца з усіх бакоў арнаментальным бардзюрам (фрызавая кампазіцыя).

5.    Дынамічная кампазіцыя – адзін ці некалькі элементаў дэкору паўтараюцца ў дыяганальным накірунку. Альбо для размеркавання выкарыстоўваецца некалькі дыяганаляў, ломаных ці нахіленых рысаў. Сустракаецца ў дэкаратыўным мастацтве не так часта, як статычна-сіметрычныя кампазіцыі, але пры аздабленні шэрагу вокнаў дае шырокія магчымасці, стварае эфект руху, эмацыйна больш уражвае.

6.    Кампазіцыя адвольнага характару – гэта найбольш просты і найбольш распаўсюджаны прыклад, калі элементы (сняжынкі ці інш.) размярковаюцца па ўсёй плошчы ў адвольным парадку, без нейкай асаблівай сістэмы “на вока”.

      Не абавязкова быць вопытным майстрам-выразальшчыкам, каб стварыць эфектны дэкор вакна. Узяўшы за аснову просты матыў сняжынкі, пагуляемся з ім. Выразаем шмат, трэніруючы адначасова руку і вока. Такі падыход дазволіць далучыць да працэсу ўпрыгожвання памяшкання вялікую колькасць удзельнікаў, напрыклад, школьнікаў-аднакласнікаў. Узяўшы аркуш аднолькавага памеру і склаўшы яго падобным чынам, пры выразанні сняжынкі кожны атрымае свой непаўторны выраб.  Але дзякуючы аднолькавым памерм, гэтыя сняжынкі лёгка будуць кампанавацца ў агульны твор. Заўважце толькі, наколькі гатовыя вырабы дзяцей разнастайныя па шчыльнасці. У кожнага - свой характар, што і ўплывае на вынік. Хтосьці выразае хутка, атрымліваючы эмацыйны грубаваты аб’ект, які адразу кідаецца ў вочы вялікімі прапорцыямі дзірачак і плотных кавалкаў. Іншы будзе доўга і акуратна праразаць далікатныя парэзкі замыславатай формы. Такая сняжынка пры разглядзе на адлегласці будзе выглядаць больш чыльнай, нібыта “шэрай”. Дзякуючы гэтаму, мы зможам ускладніць дэкор вокнаў. Скампануем асобна адныя і другія сняжынкі (напрыклад, у палоскі ці снежныя аблокі). У калектыўнай працы важна, каб кожны адчуваў асабістую важнасць для калектыву. Гэта карысны жыццёвы навык. Выцінанка такім чынам набывае выхаваўчы характар, пры ўмелым педагагічным кіраўніцтве можа стаць псіхалагічнай кампенсацыяй, стымулам духоўнага развіцця дзіцяці.

Здаецца, сярод іншых відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва выцінанка – самы малады. Кароткая гісторыя яе ўзнікнення, росквіту, заняпаду і новага адраджэння змяшчаецца ў два няпоўныя стагоддзі (Параўнайце хаця б з керамікай). Нгледзячы на гэта, яна цалкам напіталася гістарычнай памяццю, архаічнымі вобразамі і сімваламі. Нават больш таго: нам падаецца, што выцінанка стала носьбітам той самай генетычнай памяці беларусаў. Напэўна таму так лёгка і арганічна вяртаецца яна сёння ў наша жыццё.

 

 

Наталля Сухая


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.