“Нематэрыяльная культурная спадчына як фактар устойлівага развіцця тэрыторый” – навукова-метадычны семінар 3 лістапада 2016 г.
Запрашаем прыняць удзел у навукова-метадычным семінары “Нематэрыяльная культурная спадчына як фактар устойлівага развіцця тэрыторый”, які адбудзецца 3 лістапада 2016 г. з 11.00 па 16.30 у Дзяржаўнай ўстанове адукацыі “Інстытут культуры Беларусі” (г. Мінск, вул. Каліноўскага, 12)
Мэта семінару: павышэнне ролі нематэрыяльнай культурнай спадчыны (далей – НКС) як фактара ўстойлівага развіцця тэрыторый, знаёмства з методыкай распрацоўкі і рэалізацыі плана мерапрыемстваў па захаванню НКС. Задачы: • аналіз вопыту захавання элементаў нематэрыяльнай гісторыка-культунай спадчыны Беларусі ў кантэксце патрабаванняў Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (2003 г.) і лепшых міжнародных практык; • абмеркаванне этычных прынцыпаў захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны і мажлівасці распрацоўкі беларускага кодэкса этыкі ў адносінах да НКС; • знаёмства з методыкай распрацоўкі і практычнага прымянення планаў па захаванню элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў кантэксце ўстойлівага развіцця тэрыторый. У новай павестцы ААН у галіне ўстойлівага развіцця да 2030 г. культура ўпершыню разглядаецца ў якасці фактару дасягнення мэтаў устойлівага развіцця, якія тычацца адукацыі, развіцця тэрыторый, харчовай бяспекі, экалогіі, эканамічнага росту, устойлівых мадэляў спажывання і вытворчасці, а таксама пабудовы мірных і інклюзіўных таварыстваў. Нематэрыяльная культурная спадчына як неад'емная частка культуры аказвае значны ўплыў на працэсы сацыяльнага развіцця, паколькі па вызначэнні з'яўляецца інструментам аб'яднання супольнасцяў, груп і асобных асоб вакол іх спадчыны, пастаянна абнаўляецца, перадаецца з пакалення ў пакаленне і фармуе ў сваіх носьбітаў пачуццё самабытнасці і пераемнасці. Канвенцыя аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прынятая ЮНЕСКА ў 2003 г. і ратыфікаваная 151 краінай свету, зарыентавана ў першую чаргу на непасрэдных удзельнікаў працэсу захавання НКС – на яго стваральнікаў і носьбітаў: супольнасці, групы, канкрэтных людзей. У гэтым заключаецца краевугольны камень дадзенага руху, яго асноўны матывіруючы фактар. У адпаведнасці з Канвенцыяй, захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны – гэта, у першую чаргу: забеспячэнне яе жыццядзейнасці. Развіццё, змяненне, абнаўленне, пры захаванні кантэксту, сэнсавай тканіны культурнай з'явы, з'яўляецца асноўным для НКС. Такім чынам, забеспячэнне жыццядзейнасці элемента НКС уключае ў сябе сістэму мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне і падтрымку інстытута пераемнасці. Гаворка ідзе пра распрацоўку спецыяльнай палітыкі, якая ўвасабляе розныя сцэнары ўстойлівага развіцця месцаў пражывання супольнасцяў, што валодаюць НКС, у тым ліку, стымуляванне мясцовай эканомікі праз інвестыцыйныя праграмы, развіццё турызму, перш за ўсё, агратурызму, крэатыўных індустрый, заснаваных на патэнцыяле спадчыны, рамёстваў, мастацтва; навучанне прадстаўнікоў супольнасцяў маркетынгавым тэхналогіям, спосабам прасоўвання культурных прадуктаў; абарона аўтарскіх правоў стваральнікаў НКС, сертыфікацыя прадукцыі, а таксама – захаванне традыцыйнага культурнага ландшафту і падтрымка носьбітаў, уключаючы стварэнне прэміяльнага фонду і падатковыя прэферэнцыі. Усе гэтыя меры, у канчатковым рахунку, павінны спрыяць стабільнаму развіццю супольнасцяў і гарманізацыі асяроддзя для далейшага існавання і развіцця НКС. На сённяшні дзень у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключаны 111 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Адсюль асаблівую актуальнасць набывае дзейнасць па выпрацоўцы і ажыццяўленню комплексу мер на дзяржаўным і рэгіянальным узроўнях па забеспячэнню жыццядзейнасці элементаў НКС. На семінары адбудзецца азнаямленне з этычнымі прынцыпамі аховы НКС, якія прыняты на 10-ай сесіі Міжурадавага Камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА (2015 г.) у якасці кіруючых для выкарыстання ў дзейнасці спецыялістаў і арганізацый, што прама ці ўскосна ўплываюць на НКС з мэтай забяспячэння яе жыццяздольнасці і ўнёску ва ўстойлівае развіццё тэрыторый, асваенне методыкі распрацоўкі і рэалізацыі планаў мерапрыемстваў па захаванню НКС, яе практычным прымяненнем у адпаведнасці з патрабаваннямі ЮНЕСКА. Таксама ў праграму семінара ўключана прадстаўленне лепшых сусветных практык па захаванню НКС, унесеных у Рэестр перадавых практык ЮНЕСКА; адбудзецца абмеркаванне беларускіх праграм, праектаў і мерапрыемстваў, якія найлепшым чынам адлюстроўваюць прынцыпы і мэты Канвенцыі (2003 г.) Да ўдзелу у семінары запрашаюцца спецыялісты па ахове гісторыка-культурнай спадчыны з аблвыканкамаў і райвыканкамаў, на тэрыторыі якіх знаходзяцца элементы НКС, уключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, спецыялісты ўстаноў культуры і ўсе, зацікаўленыя пытаннямі аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Арганізатар семінару – аддзел навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі. Мадэратар – Сташкевіч А.Б., начальнік аддзела навукова-метадычнага забесяпчэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Эксперты па пытаннях аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: Валодзіна Т. В., загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў, доктар філалагічных навук. Кухаронак Т. І., старшы навуковы супрацоўнік аддзела нарадазнаўства, кандыдат гістарычных навук. Варфаламеева Т.Б., старшы навуковы супрацоўнік аддзела музычнай культуры і этнамузыкалогіі, кандыдат мастацтвазнаўства, сябра Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Праграма семінару 10.30 Рэгістрацыя 11.00 Адкрыццё семінару 11.10 Захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны і ўстойлівае развіццё тэрыторый (Сташкевіч А.Б.) 11.25 Да пытання аб этыцы захавання НКС (Валодзіна Т.В.) 11.50 Этычныя прынцыпы захавання НКС, прынятыя ЮНЕСКА (Сташкевіч А.Б.) 12.10 Дыскусія: распрацоўка беларускага коду этыкі ў дачыненні да НКС 13.00 Перапынак на абед 13.40 Сусветныя практыкі захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны і беларускі кантэкст (Каліноўская А.Т.) 14.10 Круглы стол: беларускія праграмы, праекты і мерапрыемствы, якія найлепшым чынам адлюстроўваюць прынцыпы і мэты Канвенцыі 2003г. 14.40 Трэнінг: план па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны: методыка, структура, рэалізацыя (мадэратар - Сташкевіч А.Б.) 16.00 Прадвядзенне вынікаў, прыняцце рэкамендацый. Форум для отзывов 1 не существует. |