30 верасня адбыліся ўрачыстасці да Дзён Еўрапейскай спадчыны ў Беларусі - 2016

30 верасня адбыліся ўрачыстасці да Дзён Еўрапейскай спадчыны ў Беларусі - 2016

Урачыстае адкрыццё Дзён Еўрапейскай спадчыны ў Беларусі адбылося 30 верасня ў мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага.

«Спадчына і веды» – тэма Дзён Еўрапейскай спадчыны ў Беларусі 2016, абраная ў рамках Года культуры. «Культурная спадчына валодае вялікім інфармацыйным і адукацыйным патэнцыялам. Яна з’яўляецца крыніцай ведаў пра гістарычнае мінулае, культурныя здабыткі краіны, пра людзей, якія яе стваралі, а таксама пра нас саміх, іх нашчадкаў, – адзначыў намеснік міністра культуры А.А. Яцко. – Калі мы выбіраем нацыянальныя тэмы да святкавання Дзён Еўрапейскай спадчыны, то памятаем іх дэвіз “Еўропа – наша агульная спадчына” і імкнемся прадэманстраваць самабытнасць беларускай культуры ў кантэксце агульнаеўрапейскай культурнай прасторы».

Арганізатарамі акцыі выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з Інстытутам культуры Беларусі пры партнёрскай падтрымцы Мінгарвыканкама, Музея гісторыі горада Мінска, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, маладзёжнага грамадскага аб’яднання «Гісторыка», часопіса «ICON», творчай майстэрні «MART», фонду «Культурная спадчына і сучаснасць».

На ўрачыстым адкрыцці з прывітальнымі словамі выступілі намеснік міністра культуры А.А. Яцко і першы сакратар аддзела АБСЕ і Савета Еўропы ўпраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь А.А. Голубеў, мадэратар мерапрыемства – начальнік аддзела па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, нацыянальны каардынатар праекта «Дні Еўрапейскай спадчыны» Н.Д. Хвір.

У свяце прымала ўдзел каля 100 чалавек, сярод якіх прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Савета Еўропы, супрацоўнікі культурных і адукацыйных устаноў, пасольстваў замежных краін, маладзёжных аб’яднанняў, шырокая грамадскасць.

Падчас акцыі прайшоў шэраг прэзентацый, прысвечаных ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Інстытут культуры Беларусі прадставіў буклет «Спадчына і веды», у якім змешчана інфармацыя пра гістарычны цэнтр Мінска, канцэпцыя Дзён Еўрапейскай спадчыны ў Віцебску і віктарына на веданне асаблівасцей гістарычных будынкаў сталіцы краіны. Сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь была адкрыта фотавыстава «Гарады Міншчыны. Урбаністычныя замалёўкі», створаная на базе калекцыі «Філакартыя». Асаблівасцю выставы стала ідэя гістарычнай рэстраспектывы сучасных гарадоў з гарадамі стогадовай даўніны, дзе можна пабачыць захаваную і страчаную спадчыну. Пасля адбылася прэзентацыя фільма аб рэстаўрацыі Свята-Петра-Паўлаўскага сабора, намінаванай на міжнародную прэмію «Europa Nostra» (рэжысёры Юрый Ігруша і Аляксей Лосеў, рэстаўратар творчай майстэрні «Басталія» Фёдар Сарока). Таксама цікавыя праекты прадставіла маладзёжнае грамадскае аб’яднанне «Гісторыка»: праект-конкурс «РэтраПанарама – Мінск», мэтай якога з’яўляецца стварэнне дызайн-эскіза візуальнага вяртання знікшай спадчыны Мінска ў гарадскім асяроддзі і прэзентацыя «Беларускага архіва вуснай гісторыі» – анлайн-сховішча электронных дакументаў па вуснай гісторыі Беларусі XX ст. Афіцыйная частка праграмы завяршылася выступленнем заснавальніка і дырэктара праекта «ICON» Дзяніса Аргера, які пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле творчай майстэрні «”MART”.byICON» і фонду «Культурная спадчына і сучаснасць» прэзентаваў новую рубрыку «Спадчына» часопіса «ICON». Падчас акцыі асаблівую атмасферу стваралі выступленні вучняў дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 8 імя Р.Р. Шырмы.

Пасля ўрачыстай часткі мерапрыемства ў дворыку мастацкай галерэі прайшоў канцэрт з удзелам музычна-мастацкіх калектываў.


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.