Апублікаваны даведнік “БЕРАГІНЯ – 2016”.

Апублікаваны даведнік “БЕРАГІНЯ – 2016”.

Да кожнага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”, які адбываецца раз на два гады ў гарадскім пасёлку Акцябрскі на Гомельшчыне, аўтар і кіраўнік праекта Мікола Козенка абавязкова рыхтуе даведнік, у які старанна збірае звесткі аб кожным удзельніку, кожным гурце і, амаль, кожным госцю фестывалю. Усе ўдзельнікі і госці атрымоўваюць даведнікі ў падарунак.

На сайце "Жывая спадчына Беларусі" выданне даступна для ўсіх, хто цікавіцца традыцыйнай беларускай культурай. Што мы можам з яго даведацца?

У правітальных словах ад адказных асоб і творчых людзей вельмі трапна азначаецца важнасць фестывалю для ўсёй беларускай культуры і грамадства.

Акрамя праграмы і пераліку ўсіх, без выключэння, ўдзельнікаў конкурсных праграм, мы знаёмімся з гісторыяй і дзейнасцю кожнага гурта, які прыняў удзел ІХ Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Дзіцяча-маладзёжныя гурты, што прымаюць удзел у Рэспубліканскім турніры фальклорных калектываў – гэта цудоўныя творчыя калектывы, удзельнікі якіх, дзякуючы нястомнай працы сваіх кіраўнікоў, здолелі пераняць ад носьбітаў мастацкіх традыцый сваёй мясцовасці самыя разнастайныя віды фальклорнага мастацтва. Варта толькі зірнуць на пералік праграм і намінацый, у якіх яны прынялі ўдзел:

ПРЭЗЕНТАЦЫЯ-ВІЗІТОЎКА: “Карагод”, “Кадрыля”, “Імправізацыйны танец”, “Найгрыш у ансамблевым выкананні”, “Народная проза”;

ПЕСЕННАЯ ТВОРЧАСЦЬ: “Ансамблевыя спевы”, “Ансамблевыя мужчынскія спевы”, “Сольныя спевы”;

ТРАДЫЦЫЙНАЕ ВЯСЕЛЛЕ;

ДЭКАРАТЫЎНА-ПОБЫТАВАЕ МАСТАЦТВА: “Прэзентацыя выстаўкі ДПМ”, “Адкрытыя конкурсы на лепшы выраб з саломы, з прыродных матэрыялаў, выраб пояса і выразанне выцінанкі”, “Дэфіле-прэзентацыя народнага касцюма”.

Акрамя турніру фальклорных калектываў, многія з гэтых жа дзяцей і моладзі, прынялі ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе выканаўцаў беларускіх народных побытавых танцаў, а таксама, Рэспубліканскім конкурсе музычных інструментальных капэл (ансамбляў) традыцыйнага складу “Дудар” і Рэспубліканскім конкурсе салістаў – выканаўцаў беларускіх народных традыцыйных танцаў, якія праходзілі на “Берагіні” упершыню.

З такой неверагодна складанай праграмай паспяхова справіліся калектывы

“ЗГАДКА” са Столінскага раёна (в. Мачуль),

“ЗНІЧКА” з Полацкага раёна (в. Палата),

“ЛЁС” з Чачэрскага раёна (в. Бабічы),

“ПРАМЕНЬЧЫКІ” і “РУДАБЕЛЬСКІЯ ЗОРАЧКІ” г. п. Акцябрскі,

“НАЛЬШЧАНАЧКА” са Смаргонскага раёна (аг. Жодзішкі),

“ВЯНОК” з Валожынскага раёна (аг. Ракаў),

“МІЛАВІЦА” з г.Мінска.

Кожная песня, танец, наігрыш, якія выконваліся ў конкурснай праграме, выконваліся аўтэнтычнымі калектывамі і беларускімі гуртамі – гасцямі фэсту, маюць у зборніку даведку аб тым, ад каго, дзе, кім і калі пераняты гэты твор народнага мастацтва.

Кульмінацыяй конкурсных праграм фестывалю заўсёды зьяўляецца канцэрт-прэзентацыя аўтэнтычных гуртоў, мастацтва якіх прыехалі пераймаць маладыя таленты. У гэтым годзе былі запрошаны гурты

“ВЫТОКІ” з Лунінецкага раёна (в. Дзятлавічы)

“ЖУРАВУШКА” са Столінскага раёна (в. Адвержыцы)

“КУПАЛІНКА” з Акцябрскага раёна (в. Пратасы)

“ПЕРАЗВОНЫ” з Акцябрскага раёна (в. Гаць )

“ТАНЯЖАНКА” з Лельчыцкага раёна (в. Тонеж)

“КАЗЛОЎШЧЫНСКІ ДК” з Дзятлаўскага раёна (в. Казлоўшчына)

“ВЕРБІЦА” з Хоцімскага раёна (в. Іваноўка)

Не засталіся без увагі ў даведніку і гурты – госці фестывалю з Беларусі і замежжа.

З удзячнасцю названы ўсе, хто рыхтаваў і праводзіў фестываль – аргкамітэт, дырэкцыя, экспертная рада, рэжысёрска-пастановачная група.

Заканчваецца даведнік спісам лаўрэатаў “Берагіні – 2014” і яркімі фотарэпартажамі не толькі з фестывалю, але і з рэгіянальных праектаў, якія развіваюць і падтрымліваюць традыцыі фестывалю.

Знаёмцеся з удзельнікамі фальклорнага руху у даведніку БЕРАГІНЯ. ІХ Рэспубліканскі фестваль фальклорнага мастацтва. Навукова-папулярнае выданне. Аўтар ідэі, кіраўнік праекта, укладальнік Мікола Козенка. - Мазыр: КПУП "Калор", 2016


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.