Прэзентацыя кнігі А.Г. Шацько «Колокольный звон Белой Руси: тысячелетие традиции»

Прэзентацыя кнігі А.Г. Шацько «Колокольный звон Белой Руси: тысячелетие традиции» Прэзентацыя кнігі кандыдата мастацтвазнаўства, кампанолага А.Г. Шацько «Колокольный звон Белой Руси: тысячелетие традиции» адбылася ў Белай зале Храма-помніка ў гонар Усіх святых 24 траўня. Аўтарка манаграфіі прадставіла вынікі шматгадовага даследвання беларускай званарскай традыцыі. З 2003 па 2011 г. Алена Генадзьеўна пабывала ў 280 храмах Беларусі, дзе былі запісаны інтэр’ю з духавенствам, вернікамі, званарамі, апісаны розныя віды званоў, зафіксавана і занатавана іх гучанне. Адначасова была праведзена даследчая праца ў 15 музеях Беларусі, 25 архівах Літвы, Расіі, Польшчы, Беларусі. У выніку, ў выданне ўвайшлі гістарычныя звесткі аб званах і званарах Беларусі, аповед аб практыцы навучання званарскай справе, прыклады нясення званарскага паслушэнства ў часы абмежавання і забароны царкоўных званоў. У дадатаку апублікаваны геаграфічныя карты, матэрыялы экспедыцый, натацыя традыцыйных званоў, фотаматэрыялы . У DVD-дадатаку змешчаны дакументальныя фільмы, тэле- і радыёперадачы, прысвечаныя званарству, аўдыёзапісы звонаў праваслаўных храмаў розных рэгіёнаў Беларусі з каментарамі вернікаў. На падставе змешчаных матэрыялаў вызначаецца, што беларускія званары з пакалення ў пакаленне перадавалі і сёння працягваюць традыцыю звону, у якой вызначаюцца, з аднаго боку, агульны для Беларусі стыль, з другога – адметнасці відаў звону, індывідуальныя для кожнага храма і званара. «Захавалася пераемнасць матыву - такога больш няма нідзе на постсавецкай прасторы. У нас больш за дзве тысячы гістарычных званоў - XVI, XVII, XVIII, XIX стагоддзяў. У 19 храмах ніколі не спыняўся звон »,- адзначыла А.Г. Шацько ў інтэрвью беларускім СМІ. За асабісты ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі падзякамі міністра культуры былі адзначаны 10 шаноўных званароў, якія захавалі канон царкоўнага звону свайго храма і перадаюць яго моладзі. Выданне «Колокольный звон Белой Руси: тысячелетие традиции» А.Г. Шацько з’яўляецца крыніцай каштоўных звестак аб званарстве на тэрыторыі Беларусі, доказам выключнасці такой з’явы беларускай культуры як традыцыйнае званарства ў праваслаўных храмах, вартае зберажэння і захавання.

Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.