Рэгіянальнае свята фальклору «Па сцежках спадчыны» у Мастоўскім раёне

Рэгіянальнае свята фальклору «Па сцежках спадчыны» у Мастоўскім раёне           У рамках Года культуры на Гродзеншчыне прайшоў чарговы Тыдзень нематэрыяльна-культурнай спадчыны. На пачатку мая ён быў прысвечаны двум элементам, якія першымі ў вобласці былі ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Гэта абрад “Юр’я” ў вёсцы Ахонава Дзятлаўскага раёна, што адбыўся 5 і 6 мая і мясцовы танцавальны стыль выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых танцаў аўтэнтычным фальклорным калектывам “Котчынская кадрыля” в. Котчына Мастоўскага раёна, якому было прысвечана рэгіянальнае свята фальклору «Па сцежках спадчыны».

         
          4 мая 2016 года ў вёсцы Вялікія Азёркі Мастоўскага раёна да свята падрыхтавалі прасторную адкрытую пляцоўку, упрыгожаную саматканымі посцілкамі, вышыванымі рушнікамі, вялікімі кошыкамі і глінянымі жбанамі. Удзельнікам і гасцям была прадстаўлена выстаўка традыцыйных рамёстваў. Але галоўная мэта рэгіянальнга свята фальклору «Па сцежках спадчыны» – папулярызацыя мясцовага танцавальнага стылю выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых танцаў аўтэнтычнага фальклорнага калектыву “Котчынская кадрыля”. Таму адной з галоўных частак свята быў майстар-клас па вывучэнню з гледачамі рухаў і малюнкаў найбольш вядомага і цікавага танца – Котчынскай кадрылі. 
          Кадрылю ў вёсцы Вялікія Азёркі ведаюць і танцуюць ад самых маленькіх да дарослых. Тут працуе фальклорны гурт «Вытокі», дзіцячы фальклорны гурт «Крынічка» і самыя маленькія артысты, якія эмацыйна і зухавата выконваюць не толькі кадрылю, але і іншыя побытавыя танцы, што і ў цяперашні час бытуюць на вёсцы. У праграму былі ўключаны тыя песні, гульні і танцы, якія прайшлі выпрабаванне часам і заслужылі любоў мясцовых жыхароў. Свята было сардэчным і шчырым, гледачы былі актыўнымі ўдзельнікамі, без прымусу танцавалі, пелі, гулялі. 
          Праз традыцыйныя танцы, песні, гульні мы дакрануліся да мясцовай гісторыі, да культурных вытокаў, якія збераглі дарослыя і перадаюць сваё ўменне малодшаму пакаленню. Пераемнасць пакаленняў падтрымліваецца ў вёсцы на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Сёння кадрылю танцуе тры пакаленні жыхароў. Упэўнены, Свята фальклору «Па сцежках спадчыны» будзе папулярным у жыхароў і гасцей вёскі.

Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.