Юбілей заснавальніцы «БЕРАГІНІ» Беразоўскай Святланы Анатольеўны

Юбілей заснавальніцы «БЕРАГІНІ» Беразоўскай Святланы Анатольеўны       10 сакавіка 2016 года юбілейны дзень нараджэння адзначае Беразоўская Святлана Анатольеўна, загадчыца аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Акцябрскага райвыканкама Гомельскай вобласці.
      Складана пералічыць усё, што зроблена Святланай Анатольеўнай за вялікі працоўны перыяд. А зроблена, безумоўна, шмат добрага, значнага і важнага. Пад кіраўніцтвам Беразоўскай С.А. у Акцябрскім раёне працуе 41 установа культуры. Па яе ініцыятыве пачалі сваю дзейнасць у раёне сетка ўстаноў культуры новай тыпалогіі, карцінная галерэя, раённы Дом рамёстваў, культурна-забаўляльны комплекс «Бубнаўка», музычная школа ператворана ў школу мастацтваў. 
      Узровень якасці і стабільнасці самадзейнай мастацкай творчасці раёна вызначаюць дванаццаць калектываў са званнем “народны” і “узорны”. Дзесяць з іх былі створаны пры падтрымцы Беразоўскай С.А. Мерапрыемствы, якія праходзяць ў раёне, адрозніваюцца прафесіяналізмам, мастацкім густам, высокім арганізацыйным узроўнем. 
      Шмат намаганняў Святланы Анатольеўны скіравана на забеспячэнне захавання культурнай спадчыны, зберажэнне і развіццё нацыянальнай культуры, рост культурных дасягненняў раёна, фарміраванне духоўных і маральных асноў, развіццё мастацка-эстэтычнай дзейнасці насельніцтва.
      Беразоўскай С.А. арганізавана даследчая дзейнасць па вывучэнню фальклорнай спадчыны раёна. Падчас этнаграфічных экспедыцый вывучалася абрадавая, танцавальная, песенная, рамесная творчасць, створаны картатэкі носьбітаў народных традыцый, аудыё- фота- відэаархівы народных святаў, абрадаў, рамёстваў. Сабраныя матэрыялы ляглі ў аснову фестываля фальклорнага мастацтва «БЕРАГІНЯ», які заснаваны і існуе дзякуючы энтузіазму і натхненню Святланы Анатольеўны. 
      Кожныя два гады, пачынаючы з 1999-га, фестываль збірае ў гарадскім пасёлку Акцябрскі да тысячы ўдзельнікаў, якія прадстаўляюць лепшыя ўзоры традыцыйнай культурнай спадчыны сваіх раёнаў і абласцей. У 2004 годзе фестываль набыў статус рэспубліканскага і стаў праходзіць пры падтрымцы Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЭСКА. 
      Сёння ў нашай краіне «БЕРАГІНЯ» - адзіны сістэмны фестываль, які скіраваны на аўтэнтычныя формы народнай культуры, комплексную мастацкую адукацыю і выхаванне дзяцей і моладзі сродкамі народнага мастацтва ва ўсіх яго каранёвых праявах. Фестываль грунтуецца на сканцэнтраваных ў традыцыйнай культуры адвечных чалавечых каштоўнасцях і параемнасці гэтых каштоўнасцей.
      У 2016 годзе «БЕРАГІНЯ» зноў збірае сяброў з усёй Беларусі, з блізкага і далёкага замежжа. Да іх прыёму рыхтуюцца ўсе ўстановы культуры раёна пад кіраўніцтвам сваёй руплівай гаспадыні – Святланы Анатольеўны Беразоўскай. Вялікую ўдзячнасць за яе працу на ніве зберажэння і ўзбагачэння нацыянальнай спадчыны сёння выказваюць тысячы ўдзельнікаў фестывальнага руху.
      Зычым Святлане Анатольеўне святочнага настрою, натхнення для новых творчых поспехаў, плёну ў працы, міру ў душы, здароўя і дабрабыту!                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                  Сябры, калегі і ўдзельнікі «БЕРАГІНІ»

Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.