Галоўны захавальнік жывой танцавальнай спадчыны. Да 65-годдзя Міколы Козенкі.

Галоўны захавальнік жывой танцавальнай спадчыны. Да 65-годдзя Міколы Козенкі.
          Сёлета, 9 сакавіка, адзначае свой юбілей Мікола Аляксеевіч Козенка – вядомы дзеяч беларускай культуры, этнограф, прадзюсар, педагог, даследчык харэаграфічнай спадчыны беларусаў, аўтар звыш 170 публікацый па праблемах аўтэнтычнага фальклору і аматарскай харэаграфічнай творчасці, аўтар праекта і мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «БЕРАГІНЯ», шэрагу іншых знакавых фестываляў, заснавальнік першага ўзорнага дзіцячага фальклорна-этнаграфічнага гурта «БЕРАГІНЯ» з в.Мётча Барысаўскага раёна, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за 2014 год. 
          У сувязі з гэтай падзеяй просяць слова выхаванцы юбіляра – Фальклорны калектыў «МІЛАВІЦА» ЦДА ДіМ “Ветразь” г. Мінска. Кіраўнік Марыя Васільеўна Снітко, яе памочнікі Алесь Пятровіч Булойчык, Надзея Касцяневіч, Вераніка Анцілеўская – і ўсе ўдзельнікі калектыву, а іх больш за 70 чалавек, віншуюць шчодрага душой, таленавітага, сэрцам адданага танцавальнай творчасці беларускага народа дзеяча нацыянальнай культуры Міколу Аляксеевіча Козенку з Днём нараджэння! 
          Ужо чацвёрты год ён перадае свае натхнёнае майстэрства ўдзельнікам калектыву – ладзіць заняткі па беларускіх танцах у «МІЛАВІЦЫ», у складзе якой сёння і самыя маленькая дзеткі, і падлеткі, юнакі і дзяўчаты, іх бацькі і, нават, бабулі з дзядулямі. Разнастайны ўзрост і немалая колькасць удзельнікаў «МІЛАВІЦы» прыпадабняе калектыў да вялікай вёскі, дзе ўсе адзін аднаго добра ведаюць. Такі асяродак з’явіўся добрай глебай, на якой Мікола Аляксеевіч, праз танец, узрошчвае пачуцці еднасці і павагі да тых, хто побач, робіць іх натуральнымі асновамі жыцця для кожнага. Праз злучаныя рукі ў танцах аб’ядноўваюцца нашыя сэрцы моцнымі і трывалымі сувязямі, каб назаўжды зрабіць нас сапраўднымі сябрамі. Яднаючую сутнасць беларускага танца мы адчуваем кожны раз, калі збіраемся на занятках, і гэта пачуццё застаецца з намі, як каштоўны падарунак, тым даражэйшы, чым больш складаныя выпрабаванні прапаноўвае час нашага існавання. Лірычнасць і хараство рухаў складаюцца ў арнаменты і замалёўкі, якія не надакучвае кожны раз «разглядаць» пад час заняткаў. Толькі праз ўласны досьвед можна спазнаць эмацыйны пад’ём і бадзёрасць, якія адчуваюцца пасля танцавальных сустрэч. Педагагічнае майстэрства найвышэйшага кшталту пераўтварае заняткі ў неверагодную дзею – калі на нашых вачах і з нашым удзелам адбываецца вандроўка па прасторах часу. Мы адкрываем для сябе зносіны, адчуванні, уласцівыя нашым продкам, – спадзяванні народа, яго ўспрыманне сусвету, надзеі, лад жыцця – усё, што ўвасабляецца ў рухах народнага танца. Гэты скарб карпатліва збірае і шчодра перадае нам Мікола Аляксеевіч Козенка. Выказваем вялікую ўдзячнасць за непаўторныя моманты, за незабыўныя пачуцці нашаму маэстра нацыянальнай харэаграфіі, зычым яму моцнага здароўя, дабрабыту, увасаблення задумаў і мар! 
          У Мінску спасцігаюць майстэрства беларускага танца пад кіраўніцтвам Міколы Аляксеевіча Козенкі не толькі дзеці, але і дарослыя. Гэта студэнты факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва БДУКіМ, гэта вучні Школы традыцыйнага мастацтва ўзростам ад 16 да 60 год. Сённяшнія вучні і выхаванцы распаўсюджваюць атрыманыя веды сучаснымі сродкамі. Удзельнік Школы традыцыйнага мастацтва Зміцер Крымоўскі стварыў артыкул ў Вікіпедыі, прысвечаны Настаўніку. На канале YouTube Беларускія традыцыйныя танцы можна пабачыць цікавую канцэртную праграму, у якую пераўтвараецца кожны залік па курсу "Лексіка народнага танца”, што выкладае Козенка М.А. студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Паступова, з дапамогай валанцёраў, алічбоўваецца велізарны архіў, які налічвае каля 1,5 тысячы адзінак відэазапісаў беларускіх аўтэнтычных танцаў. Ладзіцца ў сталіцы Конкурс беларускіх танцаў «МЯЦЕЛІЦА», што працягвае традыцыі Фестывалю фальклорнага мастацтва «БЕРАГІНЯ», які з нецярпеннем чакаюць усе ў гэтым годзе. Жыццё заўсёды віруе вакол Міколы Аляксеевіча! 
          Багацце ўражанняў, каштоўны досьвед, грунтоўныя разважанні і шчырыя пажаданні юбіляру яго сябры, калегі, паплечнікі і вучні калісці склалі ў вялікую кнігу, якая выйшла ў 2011 годзе пад назвай "Хто, калі не я…”. З мноства цудоўных словаў , сказаных у ёй пра Козенку М. А., хацелася б працытаваць наступныя, з артыкула Алены Крачкоўскай: “- Хто ён? - Чалавек. Мужчына. Джэнтэльмен. Жартаўнік. Кіраўнік. Даследчык. Дарадца. Гаспадар. Інтэлігент. Харэограф. Прафесіянал. Муж. Бацька. Дзед. Сябра. Майстар. Які ён? - Мудры і просты. Ветлівы і настойлівы. Дасведчаны і сціплы. Вясёлы і сур’ёзны. Адказны і таленавіты. Сімпатычны і вынаходлівы. Апантаны і справядлівы. Шчаслівы! Шчаслівы тым, што не губляе свой час на дробязі і мітусню, прыкрыя для яго душы. Шчаслівы тым, што аднойчы зрабіўшы свой выбар беспамылкова, цалкам аддае сваё жыццё высакароднай справе вывучэння, захавання і папулярызацыі народнага мастацтва.” 
          Зычым гэтага шчасця юбіляру на доўгія-доўгія гады, зычым бачыць плён сваёй працы, мець многа радасці ад поспехаў сваіх выхаванцаў і працягваць смела крочыць новымі шляхамі сучаснасці! 
           З Днём нараджэння, шаноўны наш, Мікола Аляксеевіч! 
           З павагай і ўдзячнасцю, 
           Вашы выхаванцы                                                                                                                                                                                      
                                                                                                                                                                                                 

Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.