Выйшаў дыск з матэрыяламі фэсту традыцыйнай культуры “Пятровіца” (абноўлена)

Выйшаў дыск з матэрыяламі фэсту традыцыйнай культуры “Пятровіца” (абноўлена)

РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” выдала дыск з матэрыяламі фэсту традыцыйнай культуры “Пятровіца”, што ладзіцца сям’ёй Кухарэнкаў у Любанскім раёне ўжо 5 год пры падтрымцы Таварыства і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама.

На дыску змешчаны відэаматэрыялы па танцах і іншых аспектах традыцыйнай культуры Любаншчыны, запісаныя на працягу ўсіх пяці год існавання фэсту. Дыск прызначаны для прыватнага прагляду, але інфармацыя, змешчаная на ім, можа быць карыснай і ў адукацыйных мэтах, для працы з дзецьмі і моладдзю.

Пятровіца – Пятроўскі пост, перыяд ад Дня Святой Тройцы (можа прыпадаць на май ці чэрвень) да свята роўнаапостальных Пятра і Паўла (12 ліпеня). Такую ж назву атрымала ў 2011 г. летняя школа традыцыйнага танца, а потым і Любанскі фэст традыцыйнай народнай культуры, у які школа перарасла за пяць год існавання. З усёй Беларусі, а таксама з бліжняга замежжа збіраецца моладзь, каб навучыцца народнай манеры танца. Адчыніць танцавальную скарбонку Любаншчыны дапамагае Сяргей Выскварка, мастацкі кіраўнік узорнага фальклорнага калектыву “Верабейкі” Любанскага раённага цэнтра культуры. Ужо пяць год ён дзеліцца сваімі ведамі, якія атрымаў перш ад сваёй бабулі, а пасля ў пошуках танцаў і іншай аўтэнтыкі аб’ездзіў раён уздоўж і ўпоперак.

Сяргей Выскварка каментуе: “Галоўны вынік за гэтыя гады – тое, што Любаншчыну ведае ўся Беларусь і трохі бліжэйшае замежжа як цэнтр танцавальнай культуры, ды і традыцыйнай культуры ўвогуле. Нашы аўтэнтычныя гурты цешацца ўвагай, іх удзельніцам – дадатковы стымул збірацца, негледзячы на сталы ўзрост ды хваробы. Як жа, моладзь прыязджае, цікавіцца, хоча спяваць і таньчыць разам! Завязваецца сяброўства, некаторыя ўдзельнікі “Пятровіцы” прыязджаюць на працягу года на святы ды канцэрты”.

Алена Ляшкевіч



Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.