Выдадзена серыя дыскаў “Жывая спадчына Беларусі”

Выдадзена серыя дыскаў “Жывая спадчына Беларусі”

Інстытутам культуры Беларусі пры кансультатыўнай і фінансавай падтрымцы ЮНЕСКА у рамках праекта інвентарызацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі выдадзена серыя дыскаў «Жывая спадчына Беларусі».

Выданне ўтрымлівае інфармацыю пра «жывыя» формы нематэрыяльнай культуры Беларусі – традыцыйныя цырымоніі, выканальніцкае мастацтва, традыцыйныя рамёствы, міфалагічныя ўяўленні, традыцыйную кухню. Асобны дыск прысвечаны абраду «Калядныя цары», уключанаму ЮНЕСКА ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова. Тэкставыя апісанні суправаджаюцца фотаілюстратыўным матэрыялам і відэазапісамі.

Серыя мае рэпрэзентатыўны характар і будзе цікавай не толькі спецыялістам і арганізацыям у галіне культурнай спадчыны, але і шырокаму колу грамадства. Гэта спроба ўбачыць духоўную культуру праз прызму канкрэтных праяў і практык, спасцігаючы яе няўлоўны і тонкі характар, каларыстыку і стылёвую адметнасць.

Дыск «Традыцыйныя рамёствы»

На дыску змешчана інфармацыя пра традыцыйныя рамёствы, веды і навыкі, звязаныя з імі, якія перадаюцца ад пакалення да пакалення і ўвасабляюць вопыт існавання чалавека ў характэрным для яго мясцовасці ландшафце. Прыродна-кліматычныя ўмовы значна ўплываюць на ўзнікненне, развіццё і захаванне традыцыйных рамёстваў. З адыходам ад натуральнай гаспадаркі, з’яўленнем у вёсцы прамысловых вырабаў, знікаюць некаторыя віды рамёстваў, напрыклад, ткацтва і ганчарства. Ужо ў наш час яны адраджаюцца дзякуючы носьбітам рамесніцкіх тэхналогій, энтузіястам, што працуюць ва ўстановах культуры, даследчыкам.

Дыск «Традыцыйныя цырымоніі. Светапогляд людзей»

Дыск прысвечаны традыцыйным цырымоніям беларусаў. Паняцце цырымоніі даволі шырокае: пад гэтую дэфініцыю трапляюць рытуалы, святы, абрады, рэлігійныя дзеянні. У Беларусі большасць традыцыйных цырымоній мае шчыльна між сабой пераплеценыя хрысціянскія і дахрысціянскія складнікі. Не ўсе цырымоніі дазваляюць прысутнасць вонкавых назіральнікаў, некаторыя патрабуюць пэўнай закрытасці для іх захавання. Таму матэрыялы, змешчаныя на дыску, дазваляюць аматарам атрымаць уяўленне пра традыцыйныя цырымоніі, не парушаючы цэльнасці элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Дыск «Міфалогія»

Прапанаваны дыск ёсць рэпрэзентатыўнай і дапрацаванай выбаркай з энцыклапедычнага слоўніка «Міфалогія беларусаў», які ўяўляе сабой сістэматычнае і дастаткова поўнае апісанне традыцыйнай культурнай спадчыны беларусаў, шматлікія фрагменты якой дайшлі да нашага часу і па-ранейшаму гарантуюць адметнасць сучаснай беларускай культуры.

У дадзеным выданні міфалогія беларусаў прадстаўлена ў 100 артыкулах, упарадкаваных згодна з асноўнымі тэматычнымі блокамі (космас – жывёлы/расліны – мясціны – персанажы – рэчы – чалавек), 100 фотаздымках, 100 пазіцыях бібліяграфіі. Тэкст для дыска падрыхтаваны Таццянай Валодзінай.

Дыск «Традыцыйныя стравы»

Дыск прысвечаны самабытным і цікавым элементам нематэрыяльнай культуры – традыцыйным стравам розных рэгіёнаў Беларусі. У некаторых кутках краіны традыцыйная кухня не губляе пазіцый асновы харчавання, а прыгатаванне кожнай такой стравы мае сваю адметную лакальную спецыфіку, з’яўляецца часткай мясцовай культуры і ў некаторых выпадках стала пазнавальным брэндам.

Захаванасць тэхналогій прыгатавання традыцыйнай ежы залежыць ад многіх абставін – ад наяўнасці неабходных інгрэдыентаў, пэўнага ўкладу жыцця і побыту, прымеркаванасці адносна апазіцыі святочнае / будзёнае, якія мяняюцца разам з пераменамі ўмоў развіцця нашага грамадства. Таму зафіксаваць і перадаць наступным пакаленням гэтыя веды – справа важная і патрэбная, у чым і дапаможа гэтае выданне.

Дыск «Абрад "Калядныя цары"» 

Дыск прысвечаны абраду «Калядныя цары» вёскі Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці – віншавальнаму абыходу з элементамі традыцыйнага каляднага карнавалу і народнай драмы «Цар Максіміліян». Традыцыя прымеркавана да Шчодрага вечара, што прыпадае на 13 студзеня і ўяўляе сабой яркае і запамінальнае відовішча, прыцягальнае як для мясцовых жыхароў, так і гасцей вёскі. У 2009 г. «Калядыя цары» былі ўключаны ЮНЕСКА ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова, што паслужыла імпульсам да развіцця традыцыі, і семежаўскія «цары» сталі вядомымі не толькі ў Беларусі.

Для запампоўкі дыскаў перайдзіце па спасылках.


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.