У спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей прыняты 3 новыя элементы

У спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей прыняты 3 новыя элементы

10 снежня на паседжанні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь было прынята рашэнне ўключыць у дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей 3 элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны:

Абрад ваджэння Кусты на другі дзень Тройцы ў аграгарадку Лобча Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці;

Велікодныя вербы на Гродзеншчыне;

Традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер'я.

Выраб гродзенскіх велікодных вербаў (дэкарыраванне вербных галінак) – гэта адметная тэхналогія вырабу раслінна-кветкавых кампазіцый да Вербнай (Пальмавай) нядзелі, якая адзначаецца за тыдзень да Вялікадня (Пасхі). Гродзенскія пальмы з’яўляюцца святочным атрыбутам і, адначасова, сапраўдным творам народнага мастацтва.

У гродзенскіх вербах спалучаецца народны вопыт пазбаўлення ад хваробаў пры дапамозе зёлкавай магіі і хрысцыянскае царкоўнае благаслаўленне праз свянцоную ваду. Свянцоныя вербы кладуць на абразы парай (па дзве) на сямейнае шчасце. Лічыцца, што свянцоная вярба адганяе навальніцу.

У сельскай мясцовасці свянцонай вярбой на Юр’я выганяюць жывёлу ў поле, а на Дзяды – адносяць на могілкі.У каталіцкай традыцыі іх спальваюць ў канцы вербнай нядзелі, попел збіраюць, нясуць ў касцёл і там пасыпаюць ім галаву. Сёння, акрамя хрысціянскага значэння, вербы маюць дэкаратыўны характар і часта служаць аздобай інтэр’ера жылля.

Усе гродзенскія вербы – плоскія (“лапаткі”), робяцца абавязкова на трох галінках белай вярбы. Для іх вырабу выкарыстоўваюць бяссмертнікі, жытнія і аўсяныя каласкі, разнастайныя травы: цімафееўку, канапельку, мятлік і іншыя. Ствараецца дэкаратыўная вертыкальная рытміка. Майстры маюць шырокі выбар розных па фактуры, пластычных магчымасцях матэрыялаў каларыстычнай палітры. Побач з травамі натуральнай прыроднай афарбоўкі, рознакаляровымі бяссмертнікамі, якія вытворцы вербаў спецыяльна вырошчваюць, ужываюцца расліны, пафарбаваныя штучнымі анілінавымі фарбавальнікамі (часцей за ўсё ў чырвоны, зялёны, ліловы, жоўты, аранжавы колер). Вырабы маюць сярэднія памеры, каля 50 сантыметраў.

Сёння асноўнымі носьбітамі традыцыі вырабу гродзенскіх велікодных вербаў з’яўляюцца чатыры сястры Сарасек (прозвішча дзявочае) з Гродна. Традыцыю перанялі ад продкаў і ў сваю чаргу далучаюць да яе сваіх родных, блізкіх, знаёмых.

Традыцыя вырабу гродзенскіх велікодных вербаў з’яўляецца лакальнай культурнай адметнасцю Гродзеншчыны і прызнаецца яе носьбітамі як элемент народнай спадчыны

Дакументы былі падрыхтаваны метадыстам Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Янінай Барысевіч і экспертам, старшынём грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці” Яўгенам Сахутам.

У народнай культуры Віцебскага Паазер’я маляваныя дываны маюць характар адметнай мастацкай традыцыі з адмысловымі прыёмамі выканання, кампазіцыйнымі схемамі і высокім узроўнем стылізацыі раслінных форм. Маляваныя дываны з'яўляюцца відам народнага жывапісу, у якім сфарміравалася паэтыка ідылічнай карціны свету з характэрнымі для яе маляўніча-пластычнымі метафарамі раю. Малюнак, як правіла, мае раслінна-арнаментальнае акаймленне. Абавязковы кампанент дыванковых пейзажаў захаду Віцебскай вобласці – водная стыхія, што звязана з асаблівасцямі прыроднага ландшафту локусу фарміравання дадзенага віду мастацтва. На маляванках шмат расліннай арнаментыкі, выяў гісторыка-культурных помнікаў Віцебшчыны. Дыванковы вобраз альбо сюжэт таксама можа запазычвацца з класічнага мастацтва і набываць спрошчаны архетыповы характар. Традыцыі маляванага дывана склаліся ў 1920-я гг. і развіваліся да 1960-х гг. У гэты час маляванкі сталі абавязковай дэталлю вясковых інтэр’ераў. Працэс аднаўлення традыцый маляванага дывана распачаўся ў 2-й палове 1980-х гг. шляхам правядзення выставак, конкурсаў, навучальных урокаў, збірання калекцый. У мерапрыемствах бралі ўдзел носьбіты традыцыі, якія дзяліліся сваімі навыкамі з маладымі мастакамі. Непасрэдныя стасункі з пакаленнем сталых майстроў мелі Г. П. Таляронак, С. А. Скавырка, А. А. Выжыкоўская, А. Г. Таляронак, Л. М. Маяк, В. У. Беласлудцава, В. М. Гукава, Я. Б. Ліманоўская. Сёння яны з’яўляюцца паўнавартаснымі пераемнікамі сакрэтаў рамяства, працуюць у класічных формах маляванкі з адметнымі вобразамі і сюжэтамі, характэрнымі для індывідуальнай творчасці. Майстры з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі шматлікіх выставак і свят народнай творчасці, іх работы заўсёды ацэньваюцца на высокім узроўні. Сучасныя носьбіты традыцыі ажыццяўляюць перадачу свайго майстэрства праз правядзенне майстар-класаў, вядуць гурткі па маляванцы, бо лічаць свае ўменні каштоўнасцю, якая павінна жыць і перадавацца ад пакалення да пакалення.

Дакументы былі падрыхтаваны метадыстам Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Людмілай Вакар і экспертам, старшынём грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці” Яўгенам Сахутам.

Падрабязней пра прынятыя элементы гл. у інвентарынематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Поўны спіс элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прынятых пад ахову, гл. тут.


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.