Імпрэза, прысвечаная Еўрапейскім дням спадчыны

Імпрэза, прысвечаная Еўрапейскім дням спадчыны

Урачысты вечар з нагоды чарговай акцыі «Дні еўрапейскай спадчыны» адбыўся 18 верасня ў сталічнай ратушы. Арганізатарамі  выступілі Міністэрства культуры, Інстытут беларускай культуры, Мінгарвыканкам і фонд «Культурная спадчына і сучаснасць» пры падтрымцы Музея гісторыі горада Мінска. На сустрэчы сабралася каля ста чалавек, у ліку якіх прадстаўнікі дыпламатычных місій, музейныя супрацоўнікі, спецыялісты па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, студэнты. 

Беларуская тэма акцыі — горад як месца для дзеяння — была абрана невыпадкова, адзначыў на адкрыцці ўрачыстага вечара намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко. 

«Горад і гарадская спадчына прадстаўляюць культуру сучаснай Беларусі ў кантэксце міжнароднай спадчыны, — сказаў чыноўнік. — Непасрэдна гарадская спадчына нашай краіны прадстаўлена досыць шырокім спектрам архітэктурна-будаўнічых помнікаў, помнікаў культуры і мастацтва. Варта адзначыць, што гарадская спадчына — гэта не толькі матэрыяльныя аб`екты, але і гарадская міфалогія, імёны і справы тых, хто шмат зрабіў для свайго месца. У беларускіх гарадах — ад старажытных Полацка, Турава, Заслаўя да маладых Наваполацка і Новалукомля — гістарычна сфарміравалася адмысловая атмасфера, якая і сёння працягвае развівацца». 

Сёння важнай задачай з`яўляецца «не толькі захаванне, але і прымнажэнне гарадской спадчыны». Гэтага, сказаў Яцко, можна дасягнуць шляхам яе пераасэнсавання, правядзення ў гарадской прасторы розных культурных мерапрыемстваў. «Межы гарадской прасторы цяпер пашыраюцца, і горад усё часцей выкарыстоўваецца ў якасці пляцоўкі для культурных акцый», — дадаў намеснік міністра культуры. 

Архітэктар Вадзім Гліннік выступіў з лекцыяй «Гістарычны цэнтр Мінска: новае і старое». Так, паводле слоў архітэктара, на сённяшні дзень у Мінску існуе «вялікая праблема з новымі будынкамі ў гістарычным цэнтры горада». 

Ён звярнуў увагу на тое, што апошнія дзесяць гадоў у цэнтры сталіцы «пачалі з'яўляцца дзіўныя, несувымерныя гістарычнаму маштабу сталіцы будынкі». Такая сітуацыя стала магчымай з-за таго, што тэрыторыя гістарычнага цэнтра Мінска «непасрэдна не звязаная з кампетэнцыяй Міністэрства культуры», а залежыць ад генеральнага плана забудовы галоўнага горада Беларусі. «Атрымліваецца, што, з аднаго боку, адбываецца рэстаўрацыя гістарычнага аблічча горада, з іншага — парушэнне гістарычнага характару Мінска», — зазначыў архітэктар. 

У якасці адмоўнага для аблічча горада прыкладу Гліннік прывёў гмах на праспекце Пераможцаў, а таксама будынак Velcom побач з Кастрычніцкай плошчай. Паводле яго слоў, гэта прыклад «выдатнай архітэктуры», але яна «сувымерная з маштабамі забудовы Берліна, Вены, Парыжа, але ніяк не двухпавярховага гістарычнага Мінска». 

Навабуд за Палацам Рэспублікі архітэктар назваў «непрафесійнай грудай металу», якая парушыла традыцыйны сілуэт тыповай забудовы гэтага раёна. Таксама, паводле яго слоў, гатэль «Кемпінскі» на месцы разбуранай першай мінскай электрастанцыі побач з цыркам у рэальнасці значна вырас у паверхавасці, візуальна знішчыўшы кампазіцыю абеліска на плошчы Перамогі і праспекта Незалежнасці. 

Кажучы пра трохкутны гмах у Траецкім прадмесці, Гліннік заявіў, што не разумее, «як такое магло з'явіцца побач з гістарычным цэнтрам горада», бо яго «архітэктурная абсурднасць настолькі відавочная, што не патрабуе каментараў». Усе гэтыя і шэраг іншых будынкаў былі прызнаныя Міністэрствам культуры дысгарманічнымі, нагадаў архітэктар. 

У той жа час асамблея Савета Еўропы «яшчэ ў 1963 годзе выступіла з ініцыятывай аб інтэграцыі культурнай спадчыны ў горадабудаўнічыя планы і планы сацыяльна-эканамічнага развіцця гарадоў». Пры гэтым, падкрэсліў архітэктар, многія гарады Еўропы былі больш пашкоджаныя, чым Мінск, але цяпер яны выглядаюць больш аўтэнтычна, чым беларуская сталіца. 

«Думаю, што нам не варта нічога вынаходзіць, а трэба толькі пераняць гэты пазітыўны вопыт», — падагуліў Гліннік.

http://nn.by/?c=ar&i=135652

http://nn.by/articles/135641

Фотасправаздачу з імпрэзы можна паглядзець тут. Фота Вольгі Дзмітрыевай.

 


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.