Фестываль у Вялікім Поўсвіжы Лепельскага раёна 2 жніўня

Фестываль у Вялікім Поўсвіжы Лепельскага раёна 2 жніўня

2 жніўня ў вёсцы Вялікі Поўсвіж Лепельскага раёна, на аграсядзібе "Поўсвіж" (вул. Маладзёжная, д. 34), адбудзецца фестываль "Жнівень". Фэст распачнецца аб 11.00 выставай пленэрных работ мастакоў на тэматыку Лепельскага цмока і міфалогіі Лепельшчыны. Пленэр "У княстве Лепельскага Цмока" пройдзе на аграсядзібе "Поўсвіж" з 31 ліпеня.

2 жніўня а 13.00 адбудзецца фальклорная частка фэсту: выступы гуртоў "Варган" (г. Полацк) і "Паўночная Сухадроўка" (г. Віцебск), майстар-класы па беларускіх традыцыйных танцах. А 15.00 – сярэднявечная праграма ад гурта "Літы талер" – спевы, майстар-клас па сярэднявечных танцах. На працягу ўсяго фэсту – выстава-продаж твораў мастацтва, рамесных вырабаў, а таксама – продаж хатніх прысмакаў, прыгатаваных на жывым агні.

Акрамя праграмы, цікавае само месца правядзення фэсту – аграсядзіба Васіля Шкіндзера "Поўсвіж". Вёска стаіць на беразе возера Поўсвіж, недалёка ад яе... капішча Перуна: быў камень-следавік на гары, якую спрадвеку звалі Перуновай, а пасля аднаго з мастацкіх пленэраў мінулых гадоў з ініцыятывы гаспадара аграсядзібы усталявалі фігуру Перуна. На сядзібе дзейнічае невялікі этнаграфічны музей. Гаспадар аграсядзібы ўсяляк падтрымлівае беларускую культуру, праводзіць на працягу году мерапрыемствы, прымеркаваныя да традыцыйных святаў – Купалле, Багач, Жаніцьба Цярэшкі. Да таго ж Васіль Шкіндзер сам грае на дудзе.

Што да элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, то вёска Вялікі Поўсвіж уваходзіць у арэал распаўсюджвання каляднага абраду"Жаніцьба Цярэшкі", узятага пад ахову дзяржавы як нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі.

Дабірацца да месца правядзення фэсту трэба праз Лепель: Вялікі Поўсвіж знаходзіцца за 3 км на поўдзень ад горада.

Тэлефон для даведак +379-29-719-23-92 (мтс) 

Алена Ляшкевіч

Фота з сайта lepel.by


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.