Брашура “Фальклор Прыпяцкага запаведніка”

Брашура “Фальклор Прыпяцкага запаведніка”

Пабачыла свет брашура “Фальклор Прыпяцкага запаведніка”. Работнікі ўстановы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” сумесна з аддзелам культуры Жыткавіцкага райвыканкама і жыткавіцкім цэнтрам фальклору даследавалі вёскі Азяраны, Перароў, Перароўскі Млынок, Хваенск, Хлупін Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці з мэтай вывучэння розных форм быавання мясцовых каляндарна-земляробчых і сямейна-бытавых святаў і абрадаў, фальклорных твораў.

Калісьці ў гэтых вёсках, па словах мясцовых старажылаў, “святы праходзілі амаль праз кожную вёску”. Вёскі з’яўляліся ў свой час цэнтрам актыўнага бытавання народных святаў і абрадаў, фальклору, а іх жыхары ладзілі каляндарныя і сямейна-бытавыя святы і абрады – паўсюдна: каляды, шчодры, гуканне вясны, Юр’е, Троіца, купалле. Калі доўга не было дажджу, выклікалі яго, “рабілі талакой” у Хлупіне, ездзілі на чоўнах, якіх тут як аўтамабіляў у сучасным горадзе, кахалі, адзначалі сціплыя вяселлі, “білі бабіну кашу”, спявалі, танчылі, верылі ў русалак, ведзьмаў, дамавых. Ведалі пра паходжанне назваў сваіх вёсак. Усё гэта сведчыць, што людзі ў памяці захавалі яшчэ свае колішнія традыцыі і звычаі, легенды і паданні, міфалагічныя ўяўленні.

У гэтым пераканала фальклорная экспедыцыя па вышэйназваных вёсках Прыпяцкага запаведніка тэрыторыі Жыткавіцкага раёна, дзе калісьці быў сапраўдны “фальклорна-этнаграфічны рай”.

Падаецца важным выяўленне мясцовых лакальных праяў колішніх святаў і абрадаў, якія на жаль не захаваліся ў сваёй цэласнай структуры, але ж каштоўнасцю гэтай брашуры з’яўляецца даследаванне менавіта лакальна-рэгіянальных асаблівасцей найбольш значных з’яў каляндарна-абрадавай, фальклорнай традыцый.

Паколькі да звестак пра абрадавыя з’явы дадаюцца песенныя тэксты, то гэта можа стварыць больш-менш аб’ектыўнае ўяўленне аб традыцыйнай культуры.

Жыццядзейнасць традыцыйнай культуры, абуджэнне цікавасці да яе ў многім залежыць ад узроўню папулярызатарскай работы. Брашура з’яўляецца менавіта такой навукова-папулярнай літаратурай для метадыстаў па фальклору і этнаграфіі ўстаноў культуры: абласных цэнтраў народнай творчасці, раённых арганізацыйна-метадычных цэнтраў аддзелаў культуры, дырэктараў і загадчыкаў сельскіх дамоў культуры і сельскіх клубаў, а таксама спецыялізаваных устаноў – дамоў і цэнтраў фальклору, народных традыцый, народнай творчасці, выкладчыкаў і студэнтаў профільных устаноў.

Фальклорныя матэрыялы вёсак Азяраны, Перароў, Перароўскі Млынок, Хваенск, Хлупін можна выкарыстоўваць падчас правядзення вучобы кадраў: курсаў павышэння кваліфікацыі, семінараў, семінараў-практыкумаў, творчых лабараторый клубных работнікаў і накіраваць іх на далейшае вывучэнне бытавання лакальнай традыцыі, забяспечыць профільную сістэму трэнінгу культработнікаў, якія маюць дачыненне да лакальнай традыцыйнай народнай культуры.

З дапамогай гэтага выдання і дадатка да яго – дыска з аўдыязапісамі песень і фотаздымкамі вёсак і носьбітаў, а ў перспектыве і іншых выданняў і дадаткаў да іх з серыі “Фальклор Прыпяцкага запаведніка” культработнікі змогуць адрадзіць фальклорныя традыцыі некаторых запаведных вёсак Жыткавіцкага, Петрыкаўскага і Лельчыцкага раёнаў Гомельскай вобласці, што можа з’явіцца станоўчым у развіцці турсферы, турбізнесу. 

Людміла Мельнікава

Спампаваць брашуру можна тут.

Праглядзець асобна фотаздымкі з брашуры можна тут.


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.