Адкрыццё выставы "Дарога, выбраная лёсам" 6 сакавіка 2014 г.

Адкрыццё выставы "Дарога, выбраная лёсам" 6 сакавіка 2014 г.

Адкрыццё выставы "Дарога,  выбраная лёсам" прайшло 6 сакавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі. Экспануюцца вырабы, створаныя спецыялістамі навукова-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства  "Скарбніца".

Імпрэза пачалася прывітальнымі словамі дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Алега Гар'евіча Рыжкова і намесніцы дырэктара "Скарбніцы" Алены Іванаўны Блізнюк. Затым выступілі супрацоўніца аддзела старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук Беларусі Марыя Мікалаеўна Віннікава і дацэнт кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўніверсітэта культуры Лідзія Алегаўна Малахава.

Агенцтва мадэляў "Студыя Тамара" зладзіла дэфіле ў касцюмах, вырабленых супрацоўнікамі "Скарбніцы". Прыемна было бачыць сярод паказаных строяў рэканструяваныя копіі прадметаў адзення з пэўных рэгіёнаў Беларусі (Неглюбскі строй, Добрушскі, Вілейскі, Капыльска-Клецкі). Дэманстраваліся і стылізаваныя строі. Дэфіле суправаджаў выступ гурта "Этна-суполка". Калектыў складаюць студэнты 4-га курсу спецыяльнасці "Этнафоназнаўства" ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Кіруе гуртом Таццяна Пладунова.

Выстава працуе да 16 сакавіка. Наведвальнікі могуць убачыць рэканструкцыі традыцыйных тэкстыльных і саламяных вырабаў, сувенірна-падарункавую прадукцыю "Скарбніцы". Адны з самых цікавых экспанатаў - аўтэнтычныя палескія кашулі: мужчынская і жаночая. Кашулі прывезены супрацоўнікамі "Скарбніцы" з экспедыцый, якія прадпрыемства ладзіць штогадова са дня свайго заснавання ў 1976 г. Як распавяла для сайта livingheritage.by вядучы спецыяліст "Скарбніцы" Галіна Іванаўна Загароўская, у 2013 г. для правядзення этнаграфічных даследаванняў быў абраны паўднёвая частка Мінскай вобласці. Мастацтвазнаўцы са "Скарбніцы" наведалі Любанскі, Слуцкі, Салігорскі, Капыльскі і Клецкі раёны. Вынікі даследаванняў былі адразу ж выкарыстаны ў вытворчай дзейнасці: на выставе "Дарога, выбраная лёсам" можна пабачыць рэканструкцыю Любанскага строя.

Такім чынам, НВ РУП  "Скарбніца" садзейнічае перайманню і трансляцыі беларускіх традыцыйных рамёстваў.

За дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу сайт livingheritage.by дзякуе дырэктару НВ РУП  "Скарбніца" Марыі Антонаўне Тарайковіч і вядучаму спецыялісту НВ РУП  "Скарбніца" Ірыне Ібрагімаўне Сініцы.

Фотасправаздачу з імпрэзы можна паглядзець тут. Фота Аляксандра Ярмаца.

Алена Ляшкевіч


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.