Шчадраванне ў Дзятлавічах Лунінецкага раёна 13 студзеня 2014 г.

Шчадраванне ў Дзятлавічах Лунінецкага раёна 13 студзеня 2014 г. У Шчодры вечар, 13 студзеня, адбыўся абыход двароў у вёсцы Дзятлавічы Лунінецкага раёна. Персанажы ў гурце шчадроўнікаў наступныя: Каза, Мядзведзь, Цыган, Цыганка, Каляда. Ходзяць з гуртом гарманіст і бубнач. Нехта з персанажаў-шчадроўнікаў выступае заадное ў ролі зорканошы, нехта – у ролі механошы. Клікаюць пад вокнамі гаспадароў, Каляда асыпае іх і хату жытам. Спяваюць гаспадарам шчадроўкі, танчыць каза. Калі гаспадары запрашаюць гурт шчадроўнікаў у хату, каза паказвае поўную праграму: “памірае”, калі даюць каляду - “ажывае”. Адна з самых цікавых шчадровак у Дзятлавічах мае наступны тэкст:
Ой, там на горы жылі столяры, святы вечор
Жылі столяры, цэркоў строілі, святы вечор
Цэркоў строілі з трыма вокнамі, святы вечор
В первэ окенцэ - ясно сонейко, святы вечор
В друге окенцэ - ясны зоранькі, святы вечор
В трэце окенцэ - ясны месячык, святы вечор
Ясно сонейко – родна матачка, святы вечор
 Ясны месячык – родны татачка, святы вечор
Ясна зоранька – родна сястрыца, святы вечор
Песня мае касмаганічны змест, вобраз сталяроў, што будуюць царкву, адсылае да часу стварэння Сусвету. Спяваецца менавіта пад час Калядаў, бо ў традыцыйнай свядомасці з наступленнем новага году “Сонца паварочвалася на лета”, ажывала, і увесь свет разам з ім. Таму ў гэты час стан Сусвету блізкі да першапачатковага, у момант стварэня.
Аматары традыцыйнай культуры з Мінска далучыліся да гурта шчадроўнікаў. Адзін з удзельнікаў падзяліўся сваімі ўражаннямі.
Аляксей: Гэта самыя энергетычна насычаныя Каляды.Калядоўнікі, як віхор, неслі песні, музыку і безліч найлепшых пажаданняў на наступны год.Тое, што мы робім тут, у Менску, пасля ўдзелу ў дзятлавіцкіх Калядах выглядае як святочная імпрэза першакласнікаў. Чаго не хапае? Жыцця, шчырасці, адкрытасці, імправізацыі, адчування сітуацыі. А яшчэ вельмі важна адВаротная сувязь. Гэта калі калядоўнікаў сустракаюць адчыненай брамай, а далей, у самой хаце, — адпаведным настроем… і настоем :). Карцей, нам ёсць куды расці.
У той жа вечар, 13 студзеня, у Дзятлавічах шчадруюць і дзіцячыя гурты, і групы падлеткаў.
Акрамя Калядаў у Дзятлавічах святкуюць Купалле, гукаюць вясну на праваслаўнае Звеставанне, водзяць куста на Троіцу. Такім чынам, нематэрыяльная спадчына вёскі досыць багатая. І сапраўды жывая!
Алена Ляшкевіч

Фота можна паглядзець тут.
Фота Аляксея Піскуна

Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.