Конкурс беларускіх танцаў «Мяцеліца»

Конкурс беларускіх танцаў «Мяцеліца»

Конкурс беларускіх танцаў «Мяцеліца» адбудзецца ў мінскім Палацы мастацтваў (Казлова, 3) 14 снежня. Конкурс арганізуюць Школа традыцыйнага мастацтва і грамадская культурніцкая кампаніі «Будзьма беларусамі!». Святочная падзея прадставіць усім зацікаўленым магчымасці і пляцоўку для ўдасканальвання майстэрства і для добрых сяброўскіх стасункаў, абмену досведам і інфармацыяй.

Конкурсы танцаў, бальных, ірландскіх ды іншых — магутны стымул для развіцця танцавальнай культуры, уздыму папулярнасці тых ці іншых накірункаў танцу і нават моды на гэткае баўленне часу. Выканаўцы народных танцаў гадуюцца і гартуюцца ў нас па-рознаму – хтосьці з дзяцінства таньчыў у ансамблі, нехта хадзіў «на карчы» і ў «Жар-птушку», хтосьці рэгулярна наведвае адпаведныя вечарыны і клубы, а хтосьці літаральна некалькі разоў трапіў на майстар-клас і ўжо не ўяўляе ўласнага жыцця без вясёлых скокаў. Многія ў гэтым дасягнулі майстэрства, стварылі свой індывідуальны стыль і эстэтыку танца, маюць выдатны нацыянальны строй. Але конкурс дае магчымасць паспрабаваць свае сілы не толькі карыфеям, але і пачаткоўцам.

Аўтар ідэі конкурса — Мікалай Козенка – знакаміты этнахарэограф, нястомны даследчык аўтэнтычнага беларускага танца, які ўжо шматразова выступаў у якасці ініцыятара, рэжысёра-пастаноўшчыка і балетмайстра шэрагу знакавых фальклорных фестываляў.

Сёлетні конкурс мае дасведчанае і аўтарытэтнае журы: Вячаслаў Калацэй– загадчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКІМ, дацэнт, кандыдат культуралогіі, Таццяна Кухаронак – старшы навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН РБ, Аляксандр Лось – вядомы даследчык традыцыйнай музыкі і танцу, мастак, музыка, Любоў Сівурава – дацэнт кафедры менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці БДУКІМ, Сяргей Выскварка – загадчык арганізацыйна-творчага аддзела Любанскага раённага Цэнтра культуры, кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля «Верабейкі», арганізатар летняй танцавальнай школы «Пятровіца» і фестывалю «Пятроўскі фэст-2012, 2013».

У праграме конкурса – 10 найбольш вядомых беларускіх танцаў, а менавіта: лявоніха, падыспань, кракавяк, полька-какетка, полька імправізаваная, ночка, каханачка, карапет, ва саду лі, барыня.

Праграма конкурса будзе суправаджацца музыкай мінскіх інструменальных капэл: «На таку», «Дзвіна», таксама на конкурсе зайграе Васіль Семашкевіч – выдатны музыка з Любані. Між іншым, у праграме — майстар-клас па танцу «Мяцеліца» для гледачоў і ўдзельнікаў конкурса.

Да ўдзелу запрошаны танцавальныя пары, якія вывучаюць, пераймаюць і выконваюць беларускія танцы і не з’яўляюцца прафесіяналамі. Узрост удзельнікаў – ад 16 год.

Удзел у конкурснай праграме прымуць не толькі мiнскія танцавальныя пары, але і ўдзельнікі і выхаванцы вядомых ў Беларусі фальклорных гуртоў. Гэта выхаванцы ўзорнага гурта “Сунічкі” Стайскай дзіцячай школы мастацтваў Лепельскага раёна, якія імкнуцца як мага паўней аднавіць мясцовую традыцыю; удзельнікі ансамбля фальклорнага танца “Палескія плясуны”, танцавальныя пары з Асіповіч, Баранавіч, Лепеля . Вельмі прыемна, што разам з моладдзю пагадзіліся прыехаць і танцоры старэйшага ўзросту з Капаткевічаў Петрыкаўскага раёну, з гурта “Расіца” аграгарадка Сарачы, Любанскага раёну і іншыя. Акрамя конкурснай праграмы, удзельнікі фальклорных гуртоў пакажуць нам адметныя танцы сваёй мясцовасці, знойдзеныя ў этнаграфічных экспедыцыях і перанятыя ад носьбітаў традыцыйнай танцавальнай культуры.

Уваход на конкурс вольны.

Адкрыццё конкурса 11.00, завяршэнне – 16.30.

Усе пытанні і прапановы можна накіраваць старшыні аргкамітэту Кацярыне Шэйка па адрасе:

Азнаёміцца з Палажэннем аб конкурсе і іншай інфармацыяй можна на сайце Школы традыцыйнага мастацтва ці ў суполцы Укантакце. 


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.