Дабрасейная чудасія на ІХ фестывалі дзіцячай тэатральнай творчасці “ЧАРОЎНЫ КУФЭРАК” (28-29 сакавіка 2013 г., Любанскі раённы цэнтр культуры)

Дабрасейная чудасія на ІХ фестывалі дзіцячай тэатральнай творчасці “ЧАРОЎНЫ КУФЭРАК” (28-29 сакавіка 2013 г., Любанскі раённы цэнтр культуры)

Вось ужо на працягу больш 20 гадоў збірае Мельпамена на Любаншчыне юных аматараў тэатральнай справы на фестывалі “Чароўны куфэрак”. З самага пачатку фестываль задумваўся як яшчэ адзін дзейны сродак прапаганды лепшых духоўных традыцый беларускага народа. Калісьці ў куфрах нашы бабулі і дзядулі захоўвалі лепшыя, самыя каштоўныя набыткі сям’і. Мы ж прадставілі скарбонку духоўнасці народа таксама як куфэрак. Толькі не звычайны, а чароўны, бо начыненне гэтай скарбонкі — невычарпальнае, і дакранаючыся да яго чалавек дакранаецца павагай да свайго народа, сваёй мовы, сваёй культуры. Да такога працэсу, безумоўна, трэба быць далучаным з дзяцінства.

З праграмай фестывалю можна азнаёміцца тут.

Кожны фестываль праходзіць пад пэўным лозунгам і дэвізам. Аднак тэматыка пры гэтым — самая розная. Так ІХ фестываль пройдзе пад зоркай Максіма Гарэцкага, 120-годдзе з дня нараджэння мы адзначаем гэтымі днямі. І пазначаны ён як “дабрасейная чудасія”, так менавіта М. Гарэцкі назваў накірунак творчасці. А дэвіз “Браму скарбаў сваіх адчыняем”

Нас брама ў вечнасць запрашае,

Нам брама адкрывае свет.

Ад таямніц зямнога шара

Да неба з тайнамі планет.

У сваім артыкуле “Наш тэатр”, напісаным роўна 100 гадоў таму, М. Гарэцкі пісаў:

“Тэатр наш павінен стаць Храмам Нашага Адраджэння… Тэатр гадуе маладых байцоў за праўду, і дае грамадзянскую моц людзям у пары… бо вядома ўсім, якое вялікае значэнне мае тэатр у жыцці і што чалавеку, апроч паўміскі юшкі патрэбна і страва для душы. Кірунак нашага маладога тэатра павінен быць жыццёва-мастацкі, а дэвізам “Падняць беларуса да ідэальнага чалавека”.

Гэтыя праблемы востра стаяць і ў сённяшні час. Гэтым мы і кіруемся ладзячы ІХ фестываль “Чароўны куфэрак”.

І нездарма, кожны раз звяртаемся да пачынальнікаў беларускай літаратуры, роднага слова, дзіцячай драматургіі. Як пісаў М. Гарэцкі: “Вы, лепшыя пчолкі з раю младабеларусаў, мастакі і штукары тэатра беларускага, вы асобенна вучыцеся мове і дбайце аб яе сіле і прыгажосці”. Гэтым разам адкрые фестываль беларускі пясняр, пісьменнік роднага краю, паэт надзвычай трагічнага лёсу, адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай драматургіі Алесь Гарун. Цяжка хворы, прыкованы да ложка, ён пісаў свае жыццясцвярджальныя “Жывыя казкі для дзіцячага тэатра”. Наш тэатр “Летуценнікі” разам з героямі п'ес А.Гаруна спрабуе разабрацца, якія рысы характару трэба выпрацоўваць пачынаючы з дзяцінства. Таму і назва спектакля па адным з вершаў Алеся Гаруна “Чаму з маленства, з уражэнства…”. І адна з тых якасцей, якія трэба выпрацоўваць з дзіцячых гадоў — любоў да свайго роднага, кроўнага.

 

Чаму з маленства, з уражэнства

У жыццёвы май

Не ўмеў, як маці, шанаваці

Цябе, мой край?

 

Галіны, што неба хістаюць

Я з каранямі звязваю

 

Менавіта, пераемнасць традыцый, шырокае выкарыстанне твораў беларускіх аўтараў адна з характэрных асаблівасцей фестывалю. Таму гэтым разам у фестывальнай афішы і У. Караткевіч са сваім “Чортавым скарбам” у выкананні юных акцёраў з п. Ратамка, што пад Мінскам. І сусветная дзіцячай класіка “Прыгоды трох парасят” на беларускі лад з песнямі, танцамі, гарэзлівымі выкрунтасамі напісанымі вядомай беларускай паэткай Нінай Мацяш, у выкананні лялечнага тэатра “Сюрпрыз” з г. Беразіно. Гэта і ўнікальны беларускі лялечны тэатр “Батлейка” з в. Дзераўное, што на Стаўбцоўшчыне са сваім “Чарадзейным карэньчыкам” П. Марозава, і яшчэ два вельмі цікавых спектаклі “Хохлік — добры гном” — зімовая казка вядомага беларускага драматурга С. Кавалёва паводле беларускай міфалогіі ў выкананні ўзорнага тэатра “Ялінка” в. Нарач Вілейскага раёна і п’еса маладога драматурга Таццяны Ламонавай “Малеча Гном”, жанр якога назначаны як “казка пра летуценнасць для дзяцей ад 7 да 107”. Такім чынам палітра даволі разнастайная і адметная.

І каб не рупіла раўці,

На нас здалля ваўчыным зграям,

Як паратунак у жыцці

Сабе сяброў мы выбіраем.

Шукаем верных мы сяброў

Каб свет наш злагаду агораў…

Кожны фестываль, кожная сустрэча — гэта, менавіта, сустрэча з новымі сябрамі, са сваімі раўналеткамі. У нас ужо пабывалі і сталі сапраўднымі сябрамі юныя акцёры з Расіі, Польшчы, Літвы, а таксама тэатральныя калектывы з усіх куточкаў Беларусі. Гэтым разам мы далучаем да фестывальнага кола цікавы і самабытны тэатр “Сарванцы” з г. Харкава, неаднаразовага ўдзельніка і пераможцу многіх дзіцячых тэатральных фестываляў. Падораць чароўныя імгненні і прыхільнікі Мельпамены, маладзёжны тэатр “Гарадзенская Надзея”, і лялечны тэатр “Цудадзеі”, г. Гродна і г. Жыткавічы. Аж цэлых 17 цікавых творчых калектываў з вялікіх гарадоў і маленькіх мястэчак (г. Мінск, Дзяржынск, Барысаў, Маладзечна, Нясвіж, Слуцк, Салігорск), а ў фестывалі прымаюць удзел тэатральныя калектывы з в. Дзераўное Стаўбцоўскага раёна, в. Нарач Вілейскага раёна, п. Ратамка Мінскага раёна будуць валадарыць на трох сцэнічных падмостках Любаншчыны: Сароцкага СДК, Любанскага РЦК і Любанскай ДШМ.

Ах, як нас заводзіць яшчэ маторнасць,

Як трубак і вінцікаў гулкіх надзей,

Люблю чалавечую непаўторнасць

У кожным сабраце з народы людзей.

Дык не спяшайцеся ваяўніча

Аб тым, што потым, а што спярша…

Нацыянальнасць —

Маё аблічча

А чалавечнасць —

Мая душа.

 

Сапраўды “Чароўны куфэрак” адкрывае новыя грані дзіцячай творчасці. Менавіта, на фестывалі мы пазнаёмімся з традыцыйнай дзіцячай казкай “Жыла-была Ёжка” ў выкананні тэатра “Залаты ключык” з горада Мар’іна Горка, з яе няўрымслівым і апантаным рэжысёрам Ларысай Родак; з музычнай пастаноўкай “Гісторыя матылька” ўзорнага тэатра “Мельпамена” з г. Слуцка і “Парася, якое спявае” тэатра “Ступені” з г. Дзяржынка; пластычным маладзёжным спектаклем “Туцці-Фруцці тэатра “Гарадзенская Надзея” з г. Гродна.

Фестываль парадуе нас традыцыйнай беларускай батлейкай і пакажа цікавы вопыт дзіцячага цэнтра тэатра і кіно, кінашколы “Сінема” з г. Мінска, дзе дзеці выступаюць не толькі ў якасці акцёраў, але самі і відэааператары, гукарэжысёры, грымёры і г.д., альбо цікавы вопыт жанру лялечнай сімфабуфанады ў выкананні юных акцёраў сутудыі сучаснай казкі з г. Нясвіж, альбо яскравае спалучэнне жывой дзіцячай гульні і лялькі ў выкананні тэатра “Мікося” з п. Ратамка. Разнажанравая палітра фестываля надзвычай разнастайная і гэта вельмі радуе.

Куды сягоння мы зайшлі,

Пара як след, нарэшце, змераць

Пакуль і небу і зямлі

Яшчэ не перасталі верыць.

Мы казкай лучымся з былым,

Калі ўздымаў людзей за хмары

Чароўны самалёт-Кілім,

Што ткалі продкі з нітак мары.

 

Так, менавіта, класіка і сучаснасць яднаюць палітру “Чароўнага куфэрка” і ў кожным са спектакляў — пошукі шляху да ісціны, імкнення да вечных каштоўнасцей — любові, веры, надзеі. “Руслан і Людміла” А.С. Пушкіна — вернасць каханню, у выкананні тэатра “Сарванцы” з Харкава. “Ідылія: на жаль ці ах?” А.П. Чэхава — своеасаблівы тэст на ўменне разумець чалавечае сэрца ў выкананні тэатра “ТэСт” з г. Маладзечна. “Да трэціх пеўняў” В. Шукшына — вечны пошук свайго маяка ў жыцці — у выкананні тэатра “Маяк” з г. Дзяржынска. “Райскае жыццё” Р. Арэшнікава — аб адказнасці за тых, каго ты прыручыў, у выкананні тэатра “Трыумф” з г. Барысава, і вядома дзіцячыя спектаклі пра летуценнасць — “Малеча Гном” з Салігорска, свавольства і гарэзлівасць — “Прыгоды трох парасят” з Беразіно, “Чаму з маленства з уражэнства” з Любані, “Капрызная прынцэса” з Жыткавіч, Чарадзейнасць — “Чарадзейны карэнчык” са Сталбцоў, дабрыню і міласэрнасць — “Гісторыя матылька” са Слуцка, “Хохлік” з Вілейшчыны, “Чортаў скарб” з Мінскага раёна, шчодрасць і непаўторнасць — “Жыла-была Ёжка” з Мар’інай Горкі, першае каханне і расчараванне — “Калі пойдзе снег” кінашкола з г. Мінска, і заўсёды гэта пошукі свайго шляху ў гэтым свеце.

 

З людкасцю згубленай лучымся

вучымся

вучымся

вучымся

хадзіць

гаварыць

пісаць

каб несці

добрыя весці

з цвярозаю галавой

да берага згоды весці

разгойданы човен свій.

 

Фестываль “Чароўны куфэрак” — гэта і адпачынак, і вучоба, і эстэтычнае задавальненне, і сродак узаемаадносін, і самасцвярджэнне і, безумоўна, выхаванне. Ён не носіць ярка выражанага конкурснага характару, гэта фестываль-свята, фестываль-узаемаадносіны, фестываль-творчасць. І нават прафесійнае журы, якое ўзначаліць заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, дэкан тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар Уладзімір Андрэевіч Мішчанчук — гэта не проста журы, а “мудрыя дарадцы” для дзяцей. На фестывалі, дарэчы, працуе і глядацкія “гарэзлівыя” радцы, якое ўзначальвае рэжысёр узорнага тэатра “ТэСт” з г. Маладзечна Таццяна Бабей.

Тэатр далучае і дзяцей, і артыстаў, і гледачоў да скарбонкі сусветнай класікі, да твораў сучасных аўтараў, вучыць разумець вечныя каштоўнасці.

 

Аддай сваю душу абшару,

Як Бога, бліжняга любі

І толькі твару

Свайго твару

Ты не згубі

Не згубі.

 

Не страціў твар — і ты вялікі,

Хоць і маленечкі такі

Глядзяць з ікон святыя лікі —

Твайго аблічча двайнікі.

 

“Браму скарбаў сваіх адчыняем” і запрашаем на “дабрасейную чудасію” ўсіх прыхільнікаў і аматараў тэатральнага мастацтва, хто любіць і верыць і ідзе ў гэты вялікі свет. “Я хачу жыць вольным жыццём — жыццём радасці, добрага вясёлага смеху і ўсяго таго, што побач з другім творыць гармонію жыцця” — пісаў М. Гарэцкі ў артыкуле “Стогны душы”. І мы сардэчна запрашаем усіх на фестываль “Чароўны куфэрак”.


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.