Галерэя

Урачыстае адкрыццё Дзён Еўрапейскай спадчыны ў Беларусі (27 верасня 2013 г.)

27 верасня ў Галерэі М. Савіцкага па адрасе пл. Свабоды, 15 г. Мінска, адбылося ўрачыстае адкрыццё Дзён Еўрапейскай спадчыны ў Беларусі.

У гэтым годзе падзея мае асаблівае значэнне для Беларусі, бо для нас 2013 г. юбілейны. Пачынаючы з 1993 г. мы імкнемся па-новаму раскрыць для сваіх грамадзян і замежных гасцей аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны, глыбей пазнаёміць іх з гісторыяй і багатай культурай нашай краіны.

На працягу 20 год мерапрыемства праводзілася пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. З 2009 г. асноўным арганізатарам гэтага працэсу з'яўляецца Інстытут культуры Беларусі. У гэтым годзе было прынята рашэнне падтрымаць тэму «жывой» спадчыны. З аднаго боку – выдатная магчымасць нагадаць аб такой падзеі, як святкаванне 10-годдзя Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, з другога – прадставіць шырокай публіцы нядаўна адкрыты сайт «Жывая спадчына Беларусі» (створаны пры фінансавай і кансультацыйнай падтрымцы ЮНЕСКА), які дазваляе любому чалавеку даведацца як мага больш аб народнай культуры, абрадах і традыцыях, пазнаёміцца з прафесійна падрыхтаванай базай даных па ўсіх рэгіёнах Беларусі. Падчас правядзення Дзён Еўрапейскай спадчыны былі прадстаўлены буклет і фотавыстаўка, прысвечаныя тэме года.

На ўрачыстым адкрыцці з прывітальным словам выступілі намеснік Міністра культуры Чэрнік Васілій Мечаслававіч і начальнік сектара па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Хвір Наталля Дзмітрыеўна, дырэктар Інфармацыйнага пункта Савета Еўропы ў Беларусі Ярашэвіч Вячаслаў Іванавіч, настаяцель касцёла святых Сымона і Алены, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, Шчасны Уладзімір Рыгоравіч, які доўгія гады займаў пасаду Старшыні Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА і мастацтвазнаўца Крывашэева Нэлі Абрамаўна. Таксама прысутнічалі прадстаўнікі дыпламатычных місій у Рэспубліцы Беларусь, дзеячы культуры і мастацтва.

Асаблівую душэўную атмасферу на працягу ўсяго мерапрыемства стварылі ўдзельнікі калектыву «Страла» кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверстэта культуры і мастацтваў, якiя выконвалі народныя песні і танцы ў нацыянальных касцюмах.

У 17:00 адбылася адкрытая публічная лекцыя доктара філалагічных навук Таццяны Валодзінай «Народная медыцына ў сістэме традыцыйнай культуры беларусаў». Лекцыя выклікала не толькі шчырую зацікаўленасць з боку прысутных, але і ажыўленую дыскусію.

Дні Еўрапейскай спадчыны ў Беларусі сталі яшчэ адной яркай кропкай на карце культурных падзей Еўропы.

Матэрыял падрыхтаваны В. Дзмітрыевай