Беларускаму мастацтву выцінанкі будзе нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

На пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, якое адбылося ў Міністэрстве культуры 19.04.2021, было прынята рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Беларускае мастацтва выцінанкі”.

Адметная праява нематэрыяльнай культурнай спадчыны мае комплексны характар і прадстаўлена на тэрыторыі ўсіх абласцей Беларусі і г.Мінска. У Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце культуры і мастацтваў былі вывучаны матэрыялы сямі прапаноў, якія паступілі ў Міністэрства культуры. Кожная вобласць прадставіла разгорнутыя звесткі пра носьбітаў майстэрства выцінанкі на сваёй тэрыторыі: у Брэсцкай вобласці пажадалі заявіць пра сябе 12 майстроў, у Віцебскай – 20, у Гомельскай – 14, у Гродзенскай – 12, у Магілёўскай – 9, у Мінскай – 26 і ў г.Мінску – 10 майстроў. Такім чынам, у Беларусі ў 2021 г. больш 100 майстроў практыкуюць мастацтва выцінанкі як у межах уласнай творчасці, так і ў якасці сродка мастацкага выхавання дзяцей і моладзі, вывучэння і ўвасаблення лепшых узораў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Ганаровы статус «Народны майстар Беларусі» нададзена 11 майстрам выцінанкі, вырабы якіх характарызуюцца арганiчным увасабленнем калектыўнага мастацкага вопыту беларускага народа, маюць выразныя нацыянальную самабытнасць i мастацкую вартасць.

Па меркаванню экспертаў, адметнай асаблівасцю сучаснага беларускага мастацтва выцінанкі з’яўляецца адыход ад практычных утылітарна-дэкаратыўных функцый з адначасовым набыццём уласнай мастацкай самакаштоўнасці, ярка выяўленая станкавізацыя, імкненне і здольнасць вырашаць любую тэму нярэдка высокага грамадзянскага гучання ці з глыбокім філасофскім падтэкстам.

Паводле характару, мастацкага вырашэння і адносін да традыцый сучасная беларуская выцінанка мае некалькі розных напрамкаў і узроўняў:

творчасць майстроў, якія прадаўжаюць даўнія мясцовыя традыцыі выцінанкі або аднаўляюць традыцыі аздаблення інтэр’еру папяровымі карункамі;

індывідуальная творчасць майстроў з арыентацыяй на новыя павевы ў сучаснай народнай творчасці, імкненне надаць вырабам ярка выяўленую дэкаратыўнасць, а таксама выйсці за межы чыстай арнаментальнасці і звярнуцца да сюжэтна-тэматычнай праблематыкі;

творчасць майстроў, якія маюць прафесійную мастацкую адукацыю і ўзнялі сучасную выцінанку на новы ўзровень, надалі ёй характар самакаштоўных станкавых твораў графічнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Фота ў артыкул-2.JPG

Найбольш ярка прадстаўляюць апошні напрамак майстры маладзечанскай школы выцінанкі – выкладчыкі і выпускнікі аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва музычнага каледжа імя М.К.Агінскага. У г.Маладзечна мастацтва выцінанкі сёння падтрымлівае 15 майстроў, яшчэ 5 майстроў стварылі цэнтры выцінанкі ў іншых раёнах і абласцях. Работы маладзечанскіх майстроў вылучаюцца высокай графічнай культурай, майстэрскай стылізацыяй, дызайнерскім падыходам, каларыстычным лаканізмам і з’яўляюцца яскравым сведчаннем выдатнага разумення спецыфікі гэтага арыгінальнага віду мастацтва.

У Міністэрстве культуры выставу работ і прапанову аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці беларускаму мастацтву выцінанкі прадставілі Маладзечанскія майстры Лізавета Львоўна Чырвонцава, Людміла Мікалаеўна Валковіч-Борыс, Вольга Вячаславаўна Бабурына і доктар мастацтвазнаўства, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Міхайлавіч Сахута.

На сайце Міністэрства культуры паведамляецца: “У мэтах папулярызацыі беларускай спадчыны на міжнародным узроўні і павелічэння прысутнасці беларускіх элементаў у спісах ЮНЕСКА Міністэрствам культуры запланавана падрыхтоўка ў 2021 годзе намінацыі па элементу “Беларускае мастацтва выцінанкі” для яе накіравання ў Сакратарыят Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА”.

Сучасная выцінанка, па меркаванню экспертаў, дасягнула ўзроўню сапраўднага мастацтва, якое, тым не менш, прама ці апасродкавана прадаўжае і развівае традыцыі беларускай народнай творчасці.

Каліноўская А.Т.,
вядучы спецыяліст ІПКіПК БДУКМ 


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.