Вітанні носьбітам беларускага бортніцтва з нагоды Сусветнага дня пчалы!

Вітанні носьбітам беларускага бортніцтва з нагоды Сусветнага дня пчалы!

20.05.2020

Сёлета, як і ў першы год святкавання Сусветнага дня Пчалы ў 2018 годзе, адзначаецца важнае свята. Нарэшце сама Пчала, атрымала сваё свята. А да яе карысці і важнасці звяртаюць увагу самыя розныя людзі з усіх бакоў свету. Пры тым, што кожны рэгіён, супольнасць і краіна маюць сваё разуменне ролі пчалы.

У Беларусі да пчалы склалася надзвычай паважнае стаўленне, якое фарміравалася ў старажытнасці і захавалася да гэтага часу. Для традыцыйнай культуры пчала ёсць Богава істота, якая трымае ўвесь гэты Свет (бо калі пчол не стане - не стане і чалавека - можна і сёння пачуць такое сярод бортнікаў), але вельмі залежыць ад паводзін саміх людзей. Як і любы жывы арганізм, пчала адчувае ўплыў чалавечай дзейнасці на яе натуральныя ўмовы існавання, на яе здароўе і жывёльную сутнасць.

Я ж хачу выказаць усім неабыякавым людзям, якія шануюць і любяць пчалу вялікі дзякуй і са свайго боку выказаць асабістую падзяку бортнікам, з якімі я звязаны, якія насуперак абставінам займаюцца сваёй высакароднай справай, даглядаюць, ахоўваюць і глядзяць пчол. Хачу таксама выказаць падзяку неабыякавым пчалярам, якія займаюцца сваёй нялёгкай справай і па-свойму любяць сваіх працаўнікоў.

І сёння, калі не праводзяцца гучныя фэсты ў гонар Пчалы (з-за эпідэміі), я хачу ўзгадаць 2018 год, калі ўпершыню ААН аб’явіла пра святкаванне Сусветнага дня пчалы і калі нам (Осіпаў Іван, Рэгіна Гамзовіч, Альфрэд Мікус і вялікая колькасць бортнікаў і іх сямей разам з раённай адміністрацыяй) выдалася магчымасць правесці ўпершыню Сусветны дзень Пчалы ў Лельчыцкім раёне – мясцовасці з глыбокімі культурнымі традыцыямі бортніцтва (першапачатковая культурная форма пчалярства звязанная з утрыманне і доглядам здзічэлых або дзікіх пчол у борцях-дуплах у жывым дрэве або калодах-вуллях у лесе).

Менавіта ў 2018 годзе наша рознапланавая каманда энтузіястаў падчас экспедыцыі да бортнікаў Лельчыцкага раёна, паралельна выношвала план па арганізацыі першага грамадскага мерапрыемства для мясцовай супольнасці, каб паказаць усім жыхарам, арганізацыям і самім сем’ям бортнікаў, што бортніцтва гэта не просты занятак і промысел, яно мае глыбокі культурны кантэкст і з’яўляецца спадчынай і каштоўнасцю для ўсяго свету.

Першы форум бортінцтва і святкаванне Сусветнага дня пчалы адбыліся дзякуючы усім зацікаўленым бакам: бортнікам, адміністрацыі лясгаса, адміністрацыі раёна, а таксама жыхарам Лельчыцкага раёна, якія далучыліся. Менавіта 20 траўня 2018 года адбылося адразу некалькі падзей: перадача спадчыннай прылады бортніка (жэнь), колеса (прылада для ўсцягвання калоды на дрэва старым спосабам), 300-гадовай калоды і іншых экспанатаў ад саміх бортінкаў у Лельчыцкі музей, прэзентацыі Мілашавіцкага лясгаса, экспертаў у галіне НКС, а таксама грунтоўнае абмеркаванне справы з самімі бортнікамі. Галоўнай мэтай гэтых падзей было правядзенне рэгіянальнага, важнага для супольнасцей і ўсёй краіны Свята пчалы. У тым самым рэгіёне, дзе пчала шануецца не адно пакаленне, а сем’і і зараз займаюцца захаваннем і перадачай традыцыйнага ляснога промысла, традыцыі якога не перарываліся на працягу больш як 500 год.

І гэта адбылося ўжо ў 2019 годзе, калі было арганізавана вялікае свята – Сусветны дзень пчалы ў Сіманічах Лельчыцкага раёна. Свята, якое праводзілася з удзелам мясцовай супольнасці і было ёй успрынята, як важная падзея.

Я выказваю шчырую ўдзячнасць за тое, што глядзяць пчол і даглядаюць іх, трымаюцца парадаў дзядоў-прадзедаў і захоўваюць для нас бортную традыцыю ўсім вядомым на сёння бортнікам, іх сем’ям і дзядам-прадзедам бортных радоў:

Акулічам, Алексеюкам, Андрыкаўцам, Асенкам, Астаповічам, Атаманчукам, Ашарчукам, Ашомкам, Бабовічам, Барысаўцам, Бекам, Бруцкім, Булкіным, Буракевічам, Бурлевічам, Буцькам, Бушкам, Валентукевічам, Валынцам, Вашкевічам, Верасовічам, Віткоўскім, Гайкевічам, Гарыням, Гаўрыленкам, Гвоздам, Гілям, Голадам, Грыбам, Грынцэвічам, Гулевічам, Дарашэвічам, Дземідаўцам, Дзераноўскім, Дрынеўскім, Дубраўцам, Дудам, Дульскім, Ермаловічам, Жудрам, Жукаўцам, Жыгамонтам, Загаворскім, Захарычам, Зубрэям, Зуевічам, Зялінскім, Зяньковым, Кавалевічам, Казакам, Казачкам, Казачэнкам, Калёсным, Каральчукам, Карасям, Карповічам, Каршуновічам, Кірпічэнкам, Кірыенкам, Кліманцам, Клочкам, Коласам, Кондзікам, Катам, Краўчэням, Крукоўскім, Кудзелькам, Куцісам, Ладуцькам, Лаўровым, Леўкаўцам, Лівончыкам, Ліпскім, Лісіцкім, Лукашэвічам, Лук’янчыкам, Ляўковічам, Макаранкам, Маргулаўцам, Маркевічам, Масловым, Матулісам, Махнаўцам, Машчыцам, Мельнікам, Мешчанкам, Мілінкевічам, Міхалковым, Мішкевічам, Мішчанкам, Наваселецкім, Навіцкім, Назаранкам, Наскевічам, Некрашэвічам, Новакам, Палынам, Паповічам, Пархоменкам, Петраўцам, Прыбылаўцам, Прымакам, Радзіловічам, Раманавым, Рудзеням, Рэкесам, Рэўцкім, Салагубам, Самасюкам, Сасноўскім, Седлярам, Сенькам, Сініцкім, Случычам, Сушчыкам, Сяніцкім, Таболічам, Талянінам, Тарасаўцам, Таргонскім, Федаровічам, Флёркам, Хамцам, Хамутоўскім, Хвацікам, Хількам, Цалкам, Шкробатам, Шкудунам, Шобам, Шпакоўскім, Шурам, Шэўчукам, Юркевічам, Юшкевічам, Яворскім, Якубовічам і ўсім іншым, пра каго мы ня ведаем.

Слава Пчале і бортніку на дрэве, бортнай сасне, лязіву-жэні і вострай пяшні, дуплістаму бору, шырокаму дубу і Слепету ў дупле!

Іван Осіпаў,
Братэрства Босых Бортнікаў
https://www.bortnictva.by/

Як пройдзе Дзень пчол у Лельчыцкім раёне распавядае газета «Светлае жыццё»


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.