Пяты раённы фэст аўтэнтычнай песні “Бабулі” адбудзецца ў Любані 19 кастрычніка 2019 г.

Любанскія бабулі_А.Мікус.jpg

Раённы фэст аўтэнтычнай песні “Бабулі” – фестываль прыдуманы і арганізаваны ў Любанскім раёне для папулярызацыі традыцыйных аўтэнтычных спеваў з мэтай зберажэння нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці  “Мясцовы спеўны стыль выканання абрадавых і пазаабрадавых твораў аўтэнтычнымі фальклорнымі гуртамі вёсак Ямінск, Закальное, Обчын Любанскага раёна Мінскай вобласці”.

Спеўных гуртоў на Любаншчыне шмат, толькі аўтэнтычных мы налічылі 9, вось і ўзнікла ідэя збірацца разам, каб паспяваць, прадэманстраваць свае песні і падзівіцца на суседзяў. Фэст кожны год мяняе месца дыслакацыі. Першы фэст прымала Закальное, другі адбыўся ў Дарасіно, трэці ў Кузмічах, чацвёрты ў Рачэні і вось зараз пяты – у Любані!

“Павалякі”, “Журавушка”, “Глыбокія крыніцы”, “Беражніца”, “Чуткі”, “Кацярынка”, “Шчодрык”, “Хамеліха”, “Баярачка” – толькі пералік назваў выглядае цікава і гучна, не меней цікава і прыгожа будуць гучаць спевы, тым больш, што гэтым разам акрамя гуртоў будуць прадстаўлены носьбіты фальклору з вёсак Палічын, Шыпілавічы, Дварэц. Кожны раз гаспадаром свята становіцца мясцовы гурт, гэтым разам гасцей прымае фальклорны гурт “Напарачка” Любанскага РЦК. Няхай сабе гэты гурт больш танцавальны, але ж мастацтва аўтэнтычнае, і трэба сказаць, што на гэты раз сярод спеўных гуртоў будуць удзельнікамі тры танцавальныя, акрамя “Напарачкі”, прымуць удзел гурты “Расіца” (аг. Сарачы) і “Верабейкі” (г. Любань).

Сярод песень, якія прапанавана выканаць гуртам, абавязкова павінна быць адна вясельная з мясцовай традыцыі. Адбудзецца прэзентацыя фотаработ Альфрэда Мікуса “Традыцыйная Любаншчына”, якія рабіліся для аднаіменнага фотальбома. На выставе “Вяселлейка па-Любанску” будзе прадэманстравана вясельная атрыбутыка, старыя вясельныя фотаздымкі і рэканструяваныя вясельныя вянкі ад народнага майстра Раісы Вальковай. Будзе магчымасць прымераць вяночак і сфтаграфавацца.

Значнай падзеяй стане прэзентацыя аўдыёкнігі “Бяседныя песні” ад Сяргея Доўгушава і каманды “Традыцыя”. Для Любані вельмі ганарова што тры песні ў альбоме з 34 нашы!. “Ой, вы, столікі мае пазасціланыя” – у выкананні сясцёр Вольгі Цішкі і Раіны Слівец з вёскі Малыя Гарадзячыцы, “Церабі мне дарогу” – гурт “Вытокі” з вёскі Сосны і “У цёмным лузе” – гэту песню на прэзентацыі выканае сам гурт з вёскі Ямінск “Журавушка”.

Акрамя гэтага адбудзецца прэзентацыя відэакліпа гурта “Астроўна” (г. Мінск) на песню, перанятую ад Вольгі Дастанкі з вёскі Обчын “Як пайду я дарогаю”. Кожны гурт прывязе на свята свае пачастункі да чайнага стала, а аздобяць сцэнічную дзею аўтэнтычныя выцінанкі, жывыя і віртуальныя, ад народнага майстра Наталлі Адзінец з вёскі Рачэнь.

Завершыцца фэст традыцыйнай танцавальнай вечарынай пад гармонік і барабан “Любанскіх музыкаў” – Васіля Семашкевічы і Мікалая Юніцкага.

Сяргей Выскварка, фота Альфрэда Мікуса

Абвестка-3.jpg

Даведка Інвентара НКС:

Аўтэнтычныя фальклорныя гурты Любаншчыны ў 2019 годзе сталі сапраўднымі зоркамі Беларускага тэлебачання! На тэлеканале “БЕЛАРУСЬ 3” выйшла больш дзесятка тэлепраграм з іх удзелам:

ЖЫВАЯ КУЛЬТУРА. Мясцовы стыль выканання песень гуртамі "Журавушка", "Глыбокія крыніцы", "Павалякі"

НАПЕРАД У МІНУЛАЕ. Вёска Обчын (Любанскі раён)

НАПЕРАД У МІНУЛАЕ. Вёска Пласток (Любанскі раён)

НАПЕРАД У МІНУЛАЕ. Вёска Рачэнь (Любанскі раён)

Абрад “Дажынкі”. Вёска Обчын Любанскага раёна

Абрад “Папрадухі”. Вёска Обчын Любанскага раёна

Абрад “Вяселле”. Вёска Закальное Любанскага раёна

Абрад "Агледзіны поля". Вёска Рачэнь Любанскага раёна

Абрад “Провады Русалкі”. Вёска Сосны Любанскага раёна

Стрэчанне ў вёсцы Пласток Любанскага раёна

Карагод. Вёска Жораўка Любанскага раёна


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.