Міжнародная сустрэча аматараў традыцыйнай музыкі і танцаў «Дзень і ноч танцаў у гарадзенскіх дворыках»Прэс-рэліз На Гродзеншчыне ў трэці раз адбудзецца міжнародная сустрэча аматараў традыцыйнай музыкі і танцаў «ДЗЕНЬ І НОЧ ТАНЦАЎ 19/Х/19 У ГАРАДЗЕНСКІХ ДВОРЫКАХ». Удзельнікаў сустрэчы 19 кастрычніка 2019 г. запрашаюць далучыцца да традыцыйных танцаў, якія спрадвеку танцавалі нашыя продкі. У рэпертуары — полькі, вальсы, факстроты, абэркі, мазуркі, фігурныя танцы. На танцполе дзейнічае прынцып: умееш — пачынаеш танцаваць, ня ўмееш — становішся ў кола і вучышся ад іншых. Сустрэча збярэ музыкальныя капэлы з Беларусі, Польшчы, Латвіі і Расіі. Ахвотныя выканаўцы змогуць зайграць падчас вольнага мікрафона. У традыцыйнай музыцы рэй вядуць гармонік, дуда, скрыпка, цымбалы, труба, барабан. Музыкаў запрашаюць паджэміць разам перад ноччу танцаў на адмысловых музычных пляцоўках. Упершыню ў Беларусі госці сустрэчы завітаюць на ярмарак майстроў музычных інструментаў, дзе змогуць пазнаёміцца з іх аўтарамі і калекцыянерамі. Дзяцей чакае асобная пляцоўка з настольнымі гульнямі, традыцыйнымі танцамі ды забавамі. Да таго ж, сустрэча дае выдатную магчымасць падняцца на званіцу і больш даведацца пра гродзенскія званы. Удзельнікам сустрэчы можа стаць кожны. Абавязковая рэгістрацыя. Месце сустрэчы: аграсядзіба "Гэлена" (53°44'43.3"N 23°58'22.1"E), в. Казіміроўка, Гродзенскі раён Праграма сустрэчы: 11.00 ГРОДЗЕНСКІЯ ЗВАНЫ (вуліцы Старога Гродна): тэматычны шпацыр з наведваннем дзейнай званіцы. 14.00 ЯРМАРАК МАЙСТРОЎ МУЗЫЧНЫХ ІНСТРУМЕНТАЎ (аграсядзіба "Гэлена"): сустрэчы і знаёмствы з майстрамі, рэстаўратарамі і калекцыянерамі; прэзентацыі музычных інструментаў; дэманстрацыя раней не друкаваных і малавядомых відэастужак з прыватных архіваў этнаграфічных экспедыцый; музычныя джэм-пляцоўкі; дзіцячыя пляцоўкі з настолкамі, танцамі і гульнямі. 19.00 НОЧ ТАНЦАЎ 19/Х/19 (аграсядзіба "Гэлена"): у танцавальнай праграме граюць: Kapela Niwińskich (Польшча), Kanka Franka (Польшча), Brička (Латвія), "От-Туда" (Расія), "На таку" (Беларусь), Folk Band Koliśnija / Капэля "Колісьнія" (Беларусь), Капэла Танцы Гарадзенскіх Дворыкаў (Беларусь); вольная сцэна – час для асобных музыкантаў, дуэтаў і капэл, створаных у межах сустрэчы. Інфармацыя ў сацыяльных сетках: https://vk.com/tancy_dworykau https://ok.ru/tancydworykau https://www.facebook.com/groups/844534892343512 Пра першую міжнародную ноч танцаў, зладжаную ўдзельнікамі сацыяльнага праекта «Танцы гарадзенскіх дворыкаў» у 2017 г. чытайце ў артыкуле: Танцы бязь межаў. Як ініцыятыва горадзенскіх музыкаў з панадворку вырасла ў ноч пяці народаў Сустрэча з ініцыятарам і арганізатарам падзеі Андрэем Бароўскім адбылася 22.09.2019 ў радыёпраграме «Беларуская этнафонія»
Форум для отзывов 11 не существует. |
|