Гурт «Vuraj» дзеліцца ўражаннямі з палескіх экспедыцый і рыхтуе прэзентацыю альбома «Litо»

Гурт «Vuraj» дзеліцца ўражаннямі з палескіх экспедыцый і рыхтуе прэзентацыю альбома «Litо»

Рыхтуючыся да прэзентацыі альбома «Lito», гурт «Vuraj» выпусціў відэа пра вандроўкі на Палессе. Здымкі і мантаж рабіў Арцём Лобач. Паездкі адбываліся для збору матэрыялу, які потым лёг у аснову альбома.

У атмасферным экспедыцыйным роліку можна пабачыць краявіды і жыхароў вёсак Заверша, Горыцы, Навасёлкі, Бездзеж у Драгічынскім раёне і Чухава, Ботава, Сташаны, Лемяшэвічы на Піншчыне. Тут пейзажы ды інтэр’еры, закінутыя ды пакуль жылыя хаты, жывёлы, расліны, аўталаўка, прыдарожныя крыжы, свежапафарбаваныя цэрквы, старыя рэчы, што ўжо выйшлі з ужытку і тыя, што пакуль выкарыстоўваюцца… Відэаэнцыклапедыя палескага жыцця, якое паступова адыходзіць у нябыт, знікае, як той бусел, што зрываецца з месца ў апошнім кадры роліка.

Палеская экспедыцыя з гуртом Vuraj / Palesse expedition with band Vuraj https://www.youtube.com/watch?v=BUg0MsfxVcM

Матэрыялы, што ўвайшлі ў ролік, здымаліся з 2015 года. Людзі, як вядома, не маладзеюць, магчыма, некаторых з герояў ужо няма ў гэтым свеце. Тлумачачы любоў да Паўднёвай Беларусі, лідар «Vuraj» Сяржук Доўгушаў кажа: «З Палесся ўсё пачыналася. Канечне, я бываў у экспедыцыях не толькі там, але першая паездка – самая запамінальная. Мы вандравалі разам з фатографам Міхаілам Лешчанкам і даследчыцай Ірынай Мазюк па Драгічынскім раёне, у 2012 годзе. А далей я пачаў самастойна арганізоўваць падарожжы, у некаторых былі са мной і музыкі гурта «Vuraj». Нас нават многія называюць папулярызатарамі палескіх песень і гаворак. Напрыклад, наша назва «Вурай», а не «Вырай». Так кажуць у асобных рэгіёнах заходняга Палесся. А словам «літо» на Палессі завуць цыкл абрадавых песень, што выконваюцца пасля Купалля».

Музыкі гурта «Vuraj» апошнія чатыры гады запісвалі песні ад старэйшых жыхароў згубленых у багнах і лясах палескіх вёсак. Альбом «Litо» стаў своеасаблівым падсумаваннем гэтай працы. У яго складзе – пераасэнсаваны аўтэнтычны матэрыял. Кожнай песні нададзена адметнае «вурайскае» гучанне. Сяржук Доўгушаў тлумачыць: «Мы паспрабавалі максімальна захаваць усю магію і сакральны сэнс песень, а галоўнае – мелодыі і мікрамовы. Мы як кампазітары пачулі нешта касмічнае, натхніліся і пачалі пісаць сваю сімфонію. На альбоме Lito гучаць песні, знойдзеныя ў розных кутках Палесся. Для творчых эксперыментаў мы ўзялі толькі малую частку запісанага матэрыялу. У альбоме увайшло і некалькі інструментальных твораў. Упершыню ў нашых кампазіцыях загучала колавая ліра і з’явіліся аўтэнтычныя выканаўцы».

Акрамя ўласна песень вялікую ролю адыгралі ўражанні, атрыманыя падчас экспедыцый. Імі музыкі і паспрабавалі падзяліцца ў відэароліку.

Сродкі на альбом «Lito» збіралі праз краўдфандынг. Запіс, звядзенне і мастэрынг рабілі ў Варшаве. Канцэрт-прэзентацыя новага альбома фолк-гурта «Vuraj» «Lito» адбудзецца ў Мінску 1 лістапада ў культурнай прасторы ОК16 з удзелам гурта «Рада» і аўтэнтычнага фальклорнага калектыву «Вытокі».

Прэс-рэліз падрыхтавала Алена Ляшкевіч


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.