Гурт "Варган" прэзентуе дыск “Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны”

Гурт "Варган" прэзентуе дыск “Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны”

Полацкі фальклорны гурт “Варган” прэзентуе дэбютны альбом з музыкай роднай зямлі. У альбом увайшлі песні і інструментальныя кампазіцыі, якія некалі гучалі на тэрыторыі Полаччыны на працягу гадавога каляндарнага кола. Кружэлка прызначана для аматараў этнічнай музыкі і беларускага фальклору.

 “Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны” - першы студыйны альбом фальклорнага гурта “Варган”. Ён змяшчае 18 трэкаў, сярод якіх песні, танцы і нават “цярэшкі”. У якасці бонуса – запіс купальскай песні ад аўтэнтычнай спявачкі Алімпіяды Міхайлаўны Шчарбаковай з вёскі Шастова Полацкага раёна.

 У выкананні “варганцаў” можна пачуць абрадавыя песні, прымеркаваныя да знакавых гадавых святаў, а таксама лірычныя – жаночыя ды мужчынскія. Раней песня ішла з чалавекам праз усё жыццё. Песняй сустракалі пры нараджэнні, песня дапамагала ў цяжкай працы і ў нялёгкіх жыццёвых абставінах. На кожным свяце гучалі асобныя песні, унікальныя ў кожным рэгіёне і нават вёсцы. Спявалі ў хаце, ў полі, ў дарозе.

 Вясковы свет не быў глухім і шэрым захалусцем, як і людзі не былі сумнымі і заморанымі  рабацягамі. Бо не працай адзінай жыў чалавек. Нашыя продкі ўмелі і любілі весяліцца. Як доказ – інструментальная частка альбома, што пераносіць слухача на сапраўдную вясковую вечарыну з танцамі. гармонік ды скрыпка, цымбалы ды бубен, дуда ды колавая ліра і канешне ж – варган. Так, сапраўды, на дыску можна пачуць гукі гэтага старажытнага інструмента. І гэта не нейкія фантастычныя разважанні на тэму. Мала хто ведае, але ў Полацку гралі на варганах з ранняга сярэднявечча. Гэта пацвярджаюць археалагічныя знаходкі. Ды і назву гурт абраў сабе не выпадкова. Варган для спевакоў сімвалізуе своеасаблівы “партал”, які дазваляе вандраваць у прасторы і часе і паглыбляцца ў гукавую стыхію мінулых стагоддзяў. 

 У стварэнні інструментальнай часткі альбома прымалі ўдзел запрошаныя музыкі – вядомы майстар, музыка і мастак Алесь Лось (дуда, колавая ліра), а таксама Алеся Сівохіна  (цымбалы).

Наша мэта – стварыць жывы музычны вобраз Полаччыны, прапусціўшы аўтэнтычны матэрыял праз сваё сэрца, прадэманстраваць тую палітру гукаў і эмоцый, якія несла ў  сабе гэтая музыка – кажуць удзельнікі гурта. Спрабуючы дакрануцца да ўнікальнай музычнай традыцыі Полаччыны, удзельнікі гурта “Варган” імкнуцца максімальна наблізіцца да аўтэнтычнай манеры выканання і перадаць яе жывую энергетыку.

 Гучанне альбома стварае атмасферу, набліжаную да палявога запісу ў час свята, вечарынкі, ігрышча. Частка кампазіцый запісвалася ў Полацку (запіс, звядзенне – Алесь Лось), частка – у Мінску (запіс, звядзенне, мастэрынг – Арцём Петрашкевіч і Валерый Бяляеў).

Дызайн вокладкі стварыла Святлана Клепікава.

Прэзентацыі альбома “Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны” адбудуцца ў Полацку 6 кастрычніка і ў Мінску 14 кастрычніка.

Альюом выйшаў у межах праекта “Традыцыя”, у якой раней пабачыў свет дыск «Мужчынская традыцыя спеву» і «Вясельныя песні і найгрышы вёскі Лявонпаль і яе наваколляў»

Паслухаць альбом можна тут


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.