Падвойныя дываны з Польшчы на выставе ў Музеі народнай архітэктуры і побыту

Падвойныя дываны з Польшчы на выставе ў Музеі народнай архітэктуры і побыту

10.09.2018

Адкрыццё выставы «Падвойныя дываны з калекцыі Музея земляробства  ім. кс. Кш. Клюка з г. Цехановец» адбудзецца 12 верасня 2018 г. у 13.00 на тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. Цеханавецкі музей, што знаходзіцца ў Падляшскім ваяводства Рэспублікі Польшча захоўвае ў сваіх зборах раскошныя ўзоры падвойнага ткацтва. Двухкаляровыя шарсцяныя дываны з арнаментам ХIХ-ХХ ст. былі неад’ёмнай часткай культуры жыхароў мястэчак і вёсак польска-беларускага памежжа.

Нагадаем, што ў Беларусі таксама захоўваюцца традыцыі падвойнага ткацтва ў в. Гудзевічы Мастоўскага раёна і ў в. Падбела Камянецкага раёна, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

На Падляшшы і на сумежных тэрыторыях Мазовіі ў 2-ой палове XIX ст. выраб падвойных тканінаў быў цесна звязаны з народнай творчасцю ў правінцыйных рамесных цэнтрах – у Браньску (каля Цеханоўца), Косаве Ляцкам, Сакалoве Падляскам альбо ў Ломжы. Спачатку функцыянавання гэтых рамесных майстэрняў ткалі дываны ўручную, а ў час да Першай сусветнай вайны іх пачалі вырабляць на жакардавых варштатах (механічных), на якіх капіравалі пэўныя ўзоры па трафарэту. Пасля Другой сусветнай вайны дзейнасць рамесных майстэрняў прыпынілася. Толькі вясковыя ткачыхі з ваколіцаў Сакулкі, Цеханоўца, Семятыч, Высокага Мазавецкага і Венгрова займаліся кустарным промыслам, ткацтвам шарсцяных дываноў на ручных ткацкіх варштатах, імітуючы ўзоры, якія выкарыстоўвалі майстры, альбо шукалі новыя ідэі з свайго творчага натхнення. Напрыклад, свае ідэі прапанавала праф. Элеанора Плутыньская з Акадэміі Выяўленчага Мастацтва ў Варшаве. У еўрапейскім маштабе тэхналогія ткацтва падвойных дываноў акрамя Польшчы, была вядома толькі ў XVI- XVII ст. на Скандынаўскай паўвыспе. Калі ў Нарвегіі, Швецыі альбо Фінляндыі гэтыя дываны былі звязаны з культурай вышэйшых слаёў грамадства, то ў Польшчы і Беларусі яны сталі часткай народнай творчасці.

Характэрнай асаблівасцю гэтых узорных тканін з’ яўляецца іх структура: двухслойнасць і пазітыўна-негатыўны характар узору. Выкарыстанне падвойных дываноў абмяжоўвалася ў асноўным накрываннем ложкаў у святочныя дні. Акрамя прыкладной функцыі дываны мелі важнае грамадскае значэнне. Да 80-х гадоў XX ст. яны складалі неад’ёмную частку пасагу нявесты. Дываны былі праявай дабрабыту і беражлівасці будучай гаспадыні. Звычайна ў куфрах для пасагу было некалькі дываноў. Новыя дываны спецыяльна заказваліся для нявесты, а больш старыя пераходзілі ад маці альбо бабулі.

Этнаграфічны аддзел Музея земляробства ў Цеханоўцы збірае старажытныя тканіны, вырабленыя з роднай сыравіны, у асноўным з ільну і авечай воўны, хаця хапае вырабаў з шоўку і бавоўны. Іх агульная колькасць складае прыкладна 1000 адзінак, у тым ліку 150 – гэта шарсцяныя падвойныя дываны. Самыя старыя экзэмпляры вытканы ў 2-ой палове XIX ст. Найбольш сучасным падвойным дываном у калекцыі музея з’яўляецца тканіна, вырабленая ў 2012 г. з нагоды 50-годдзя Музея земляробства. На выставе будуць дэманстравацца 34 дываны, выбраныя з калекцыі музея, якія прадстаўляюць самыя галоўныя, старажытныя цэнтры ткацтва ў паўночна-усходняй Польшчы – „браньскі”, „сокульскі” і „венгроўскі.’’

Інфармацыя паводле сайта Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту і старонкі падзеі Падвойныя дываны


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.