Рэгіянальны фэст традыцыйнай культуры «ПЯТРОВІЦА» 9-12 ліпеня на Любаншчыне01.06.2018 Рэгіянальны фэст традыцыйнай культуры «Пятровіца» – гэта навучанне танцам і спевам, рэканструкцыі даўніх абрадаў, жывая музыка, спевы ля вогнiшча і несупынныя танцы, цiкавыя знаёмствы з гасцямі фэсту і шчырымі мясцовымі носьбітамі культуры, родная мова, вольнае паветра вёскі, смачныя традыцыйныя стравы і шмат чаго яшчэ! «Пятровіца» адбудзецца на Любаншчыне ў восьмы раз. Гэта значыць, у восьмы раз у в. Шыпiлавiчы Любанскага раёна з’едуцца зацiкаўленныя людзi з усёй Беларусі, а таксама блізкага і не надта блізкага замежжа. Прыедуць, каб танцаваць i спяваць, касіць і жаць, хлеб пячы і выцінанкі выразаць, адчуць атмасферу традыцыйных вячорак, адпачыць ад гарадскога шуму і проста добра правесці час. Напярэдадні фэста 8 ліпеня пройдзе «Пятроўскі танцавальны інтэнсіў», прысвечаны асновам беларускіх танцаў, падчас якога ўсё навучанне будзе скіравана на пачаткоўцаў. З 9 па 12 ліпеня вас чакаюць майстар-классы па танцах ад этнахарэографа і фалькларыста Сяргея Выскваркi — мастацкага кіраўніка ўзорнага фальклорнага танцавальнага калектыва «Верабейкі», якому сёлета 25 год. Сяргей Георгіевіч падзеліцца сваімі ведамі, якія атрымаў яшчэ ад сваёй бабулі, а папоўніў і сістэматызаваў ужо падчас сур’ёзнай даследчыцкай працы. «Полька», «Падыспан», «Каханачка», «Нарэчанька», «Кракавяк», «Лявонiха» — гэта няпоўны спiс танцаў, якiя вам пашчасцiць пазнаць на ўласныя ногi. Акрамя заняткаў танцуем мы ў любое надвор’е і паўсюль: у сельскім клубе і каля клуба, у старой хаце і на асфальце, у чыстым полі і ў дварах вяскоўцаў. Удзельнікі Пятровіцы змогуць засвойваіць тэхніку традыцыйнага спеву пад кіраўніцтвам Вольгі Емяльянчык, удзельніцы і сузаснавальніцы фальклорнага гурта «GUDA» (Мінск), мастацкага кіраўніка фальклорнага гурта «Варган» (г. Полацк). Вольга Антонаўна дапаможа раскрыць свой голас, навучыць атрымліваць радасць ад супольнага спеву, паглыбiцца ў гукавую стыхію лепшых узораў пятроўскіх абрадавых песень і пазаабрадавай лірыкі Любаншчыны. Мужчыны, у вас ёсць унікальная магчымасць павучыцца спевам ад таленавітага і самабытнага Уладзіміра Ціханоўскага. Не ўпусціце шанец раскрыць новыя гарызонты свайго голасу! Інтэнсіўнае навучанне спевам і танцам дае свой плён. Летась у пятроўцаў атрымалася спыніць дождж з дапамогай асаблівага карагода. Спадзяемся на спрыянне і сёлета. Апроч танцаў і спеваў, вас чакаюць вандроўкі ў г. Любань, в. Пласток, в. Жораўка – асобны від эстэтычнага і гастранамічнага задавальнення. Удзельнікі гурта Напарачка ізноў чакаюць нас у госці, каб прадэманстраваць танцы з Любанскай дзясяткі і пачаставаць традыцыйнымі стравамі роднай зямлі. На сваёй радзіме, Сяргей Выскварка пакажа вынікі аднаўлення дзедавага дома, навучыць танцаваць рэдкія мясцовыя танцы, і запросіць на “квас з прыкрасамі”. У Жораўцы вы зможаце паўдзельнічаць у яркім і запамінальным абрадзе «Зажынкі», падвысіць прафесіяналізм валодання касой і сярпом. А таксама даведаецеся аб аўтары маляваных дыванаў П. Марціновічы. Не прамінем зладзіць традыцыйную ўжо вечарыну ў вясковай хаце, гаспадар якой, абяцае пачаставаць хатнім півам. Завершаецца фэст 12 ліпеня ўдзелам у народным свяце «Пятрок» з карагодамі па вёсцы, з замовай агню, з перадачай шчаслівай долі дзяўчатам, з таямніцай абракання, са спальваннем мужчынскіх шапак і пятроўскім кумленнем, з танцамі, забавамі і пятроўскай «абшчыннай юшкай». Мы ўпэўненыя, што вы пабачыце і паспрабуеце шмат цікавага і невядомага. І спадзяемся, што ў вас атрымаецца адчуць драйв і энергетыку традыцыйнай беларускай культуры так, як адчуваем яе мы! Далучайцеся да нашай «Пятровiцы» 9-12 ліпеня! Чакаем усіх! Пытанні можна дасылаць на адрас . Даведацца болей і зарэгістравацца можна на http://piatrovica.by/ Сачыце за навінамі на старонках падзеі ў сацсетках: https://vk.com/piatrovica, https://www.facebook.com/groups/211665479205810/, https://www.youtube.com/channel/UCVgtq72DzR-oBt8d2GE60tw Настасся Кухарэнка, натхняльнік і арганізатар фэсту фота Альфрэда Мікуса
Форум для отзывов 11 не существует. |
|