Дзень і ноч традыцыйных танцаў у міжнародным фармаце

Дзень і ноч традыцыйных танцаў у міжнародным фармаце

Упершыню ў Беларусі ладзяцца дзень і ноч традыцыйных танцаў у міжнародным фармаце. Сустрэча аматараў і майстроў народнай музыкі і танцаў з Беларусі, Літвы, Латвіі, Польшчы адбудзецца на аграсядзібе «Райскі куток» каля Гродна 11-12 лістапада.

Такая форма працяглых танцавальных сустрэч, як ноч танцаў, набыла шырокую папулярнасць ў суседніх краінах, да яе звяртаюцца аматары розных танцавальных стыляў і ў нашай краіне. Двойчы ладзілі навагоднюю танцавальную ноч з беларускім танцамі ў Мінску музыкі капэлы «На Таку».

Арганізатарамі не толькі ночы, але і дня з разнастайнымі танцавальнымі майстар-класамі выступілі музыкі сацыяльнага праекта «Танцы Гарадзенскіх Дворыкаў». Па іх запрашэнню прыедуць вядомыя сярод танцораў музычныя капэлы з Вільні, Рыгі, Беластока і шматлікія беларускія майстры народнай музыкі і танцаў з Мінска, Ракава, Любані, Полацка, Гродна.

Прыняць удзел у сустрэчы можа кожны ахвотны, незалежна ад узросту, нацыянальнасці або танцавальнага досведу. Цікавосткі чакаюць як тых, хто мае харэаграфічную падрыхтоўку, так і тых, хто ўвогуле ніколі не танчыў. Асноўныя крокі і рухі навічкам пакажуць «з нуля».

На старонках імпрэзы ў сацыяльных сетках прадстаўлены калектывы і асобныя ўдзельнікі, іх погляды і праекты, сутнасць праграмы, прапануемай на майстар-класах, з якімі варта пазнаёміцца. 

Удзельнікі «Дня і ночы танцаў у Гарадзенскіх Дворыках»

Госці з Польшчы:

Капэла «Bałamuty» пачала сваё існаванне праз любоў да традыцыйнай музыкі Польскага Палесся. Настаўнікам удзельнікаў капэлы быў Пётр Юшкевіч (Piotr Juszkiewicz), скрыпач з вёскі Збуч (Zbucz), што недалёка ад Бельска-Падляскага. Ён памёр у 2016 годзе ва ўзросце 104 гадоў. Для таго, каб яго музыка працягвала жыць, капэла «Bałamuty» ставіць для сябе мэту заахвоціць слухачоў да адкрыцця традыцыйнай музыкі Падляшша нанова. Майстар-клас будзе ладзіць Дарыюш Крышпінюк (Dariusz Kryszpiniuk) — танцор, выкладчык традыцыйнага танца, які трэці сезон праводзіць у Беластоку рэгулярныя семінары па традыцыйных польскіх танцах. Прымаў удзел у запісе DVD-дыска «Танцы былой Сувальшчыны» («Tańce dawnej Suwalszczyzny»), выдадзенага праз «Таварыства Крушня» (Stowarzyszenie Krusznia). Майстар-клас прызначаны для пачаткоўцаў і аматараў, якія хочуць вывучыць асновы польскіх танцаў, што былі распаўсюджаны на паўночным усходзе Польшчы. Удзельнікі пазнаёмяцца з асноўным крокам полькі, абэрка, навучацца віраваць у пары, па коле, танцаваць ў тройках і чацвёрках.

Госці з Літвы:

Эдзіта Гумаўскайтэ (Edita Gumauskaitė) і Марцінас Вінгрыс (Martynas Vingrys)— традыцыйныя музыканты з Вільнюса і Каўнаса. Іх музычны рэпертуар складаецца з сельскай і гарадской традыцыйнай музыкі: фігурных танцаў, вальсаў, полек, факстротаў. Эдзіта заснавала фолк-студыю «ByTikZyz». Яе дзейнасць распачалася такімі праектамі, як «Come, learn, dance!», міжнародным фестывалем «FOLK LT». Марцінас — этнограф, які вывучае сельскіх музыкаў і традыцыйныя песні. У танцавальнай майстэрні разам з  Эдзітай Гумаўскайтэ (майстар па танцах) і Лінай Сіменайт (Lina Šimėnaitė) (танцорка) вы зможаце пазнаёміцца з крокамі літоўскай полькі, вальса і даведацца, як стаць стылёвымі танцорамі на пляцоўцы традыцыйных танцаў. Удзельнікі трыа перакананыя, што танец з'яўляецца лепшым выразам музыкі.

Госці з Латвіі:

Фальклорны танцавальны гурт «RĪGAS DANČU KLUBS». Рыжскі клуб народных танцаў (www.folkdance.lv) аб'ядноўвае маладых людзей, якія зацікаўлены ў вывучэнні традыцыйнай латышскай культуры і, асабліва, у выкананні народных танцаў. Рэпертуар клуба - танцы, карагоды і гульні розных рэгіёнаў Латвіі. Рыжскі клуб народных танцаў праводзіць рэгулярныя танцавальныя вечары ў Рызе, удзельнічае ў арганізацыі танцавальнага летніка, фестывалю «Baltijas danču naktis» і іншых танцавальных мерапрыемстваў. Ўдзельнікі шматлікіх фестываляў і праектаў у Латвіі, Швецыі, Германіі, Літве, Эстоніі, Расіі і Беларусi. Майстар-клас па традыцыйных латышскіх танцах правядуць Валдзіс Путніньш (Valdis Putniņš) і Лаўра Аксіта (Laura Aksika).

Беларускія ўдзельнікі:

Капэла «На Таку́» (Мінск) — беларускі музычны гурт, які грае традыцыйную музыку да танцаў. Капэла грае старыя вясковыя і гарадскія побытавыя танцы. Пераважная большасць — беларускія, але ёсць і літоўскія, латышскія, эстонскія, украінскія, польскія, фінскія, аўстрыйскія, брэтонскія ды французскія, а таксама іншых народаў Еўропы. Усяго — больш за сто розных танцаў. Крытэрам уключэння пэўнага танцу ў рэпертуар з'яўляецца яго гістарычная адаптаванасць да вясковай культуры і ступень захавання твору ў традыцыі. Супольна з танцорамі мінскага клуба традыцыйнага танца «СІТА» капэла арганізавала першыя ў Беларусі Ночы Танцаў (2015, 2016 гг.)

Алена Каліноўская (Мінск) — вучаніца вядучага этнахарэографа Беларусі Мікалая Козенкі, выпускніца, а зараз выкладчык Школы традыцыйнага мастацтва гурта «GUDA». Старшыня аргкамітэта конкурсу беларускіх танцаў «МЯЦЕЛІЦА». Падчас майстар-класу прапануе знаёмства з танцамі розных раёнаў Гродзенскай вобласці, варыянтамі вядомых беларускіх танцаў у тройках, чацвёрках і шасцёрках, асваенне розных крокаў традыцыйных мясцовых полек, а таксама старажытнай шматкаленнай парна-гуртавой лявоніхі.

Полацкая капэла. Восенню 2014 года інтарэс да традыцыйнай музыкі аб'яднаў вакол сябе дзяўчат, якія хутка знайшлі агульную мову і пачалі граць на танцах у Полацку. Для кожнай з іх гранне традыцыйнай музыкі мае глыбокае асабістае значэнне. Для Антаніны Емяльянчык яно нагадвае спасціжэнне культуры нейкай краіны праз яе мову. Выкананне гэтай музыкі гэта спосаб зразумець мысленне і светабачанне тых людзей, якіх гэта музыка калісьці акаляла. Для Яны Храмцовай — магчымасць акунуцца ў нейкі фантастычны сусвет, дзе яна атрымлівае задавальненне. Для стваральніцы капэлі Вольгі Фёдаравай гранне традыцыйнай музыкі ёсць агромістай радасцю супольнага грання, узаемаабмена энергіяй паміж музыкамі і танцорамі, а таксама лепшым асяроддзем для праяўлення сваіх чалавечых і музычных якасцяў. Капэля прадставіць танцавальную культуру Паазер'я і прадэманструе рэгіянальныя варыятыўнасці танцавальных элементаў. Разам з капэляй зайграе Уладзімір Жукоўскі, які толькі пачынае граць на танцах, але ўжо не можа адарвацца ад кракавякаў і полек.

Фальклорны калектыў «Вянок» з Ракаўскага Цэнтра народнай творчасці. Удзельнікі капэлы граюць разам больш за 5 год. Традыцыйнай манеры выканання на скрыпцы навучае Алёна Лісіца. Асаблівасці ігры на дудзе ўдзельнікі спасцігаюць ад Тодара Кашкурэвіча. У калектыве ў наяўнасці некаторыя аўтэнтычныя музычныя інструменты: цымбалы, вясельны барабан, бубен. Таксама выкарыстоўваюцца дуда, ліра, акарына. Капэла з задавальненнем прымае запрашэнне да ўдзелу ў мерапрыемствах і майстар-класах рознага ўзроўню. Але сапраўднае задавальненне гэта граць на вечарыне традыцыйных танцаў.

Капэля Дзяніса Сухога і Станіслава Чавуса (Мінск). Удзельнікі капэлы імкнуцца наблізіцца да традыцыйнай манеры выканання, пры гэтым пазбягаючы поўнага капіравання зафіксаваных аўтэнтычных твораў. Пра сваю музыку гавораць так: «Мы не спрабуем “залезці ў галаву” людзям, якія жылі задоўга да нас, вярнуць сыйшоўшы час, ці стварыць рамантычны вобраз мінуўшчыны, але верым, што колішняя музыка дагэтуль застаецца актуальнай і запатрабаванай і, па меры сваіх сціплых магчымасцяў, прыўносім яе элементы ў сучасны асяродак. Разам граем амаль 10 гадоў. Да фальклору прыйшлі праз цікаўнасць да дуды. Таму ў рэпертуары капэлы шмат дудовых найгрышаў. Але апошнім часам нас асабліва цікавіць самабытная палесская смыковая традыцыя. Не так даўно да нас далучыўся Сяргей Чубрык з дудой і цымбаламі»

Любанская капэля (Любань ). Музыкі якія навучылся іграць на слых: ад бацькі гарманіста пераняў манеру Васіль Васільевіч Семашкевіч і ад дзеда пераймаў навуку Мікалай Міхайлавіч Юніцкі. Музычны дуэт грае разам каля дзесятка гадоў. Граюць танцы на любанскіх вечарынках і пад час летняй молдадзевай школы традыцыйнанага танца "Пятровіца". Сяргей Выскварка і капэля аб’ездзілі з майстар-класамі палову Беларусі. Граюць больш 60 танцаў, любяць хуткі тэмп, калі танцоры "аж пад мылам". У 2017 годзе выйшаў аўдыё дыск "Любанская 10+, найгрышы для навучання", які найгралі ў адзін прысест.

Гаспадары імпрэзы – Капэля Гарадзенскіх Дворыкаў (на фота) – Андрэй Бароўскі (гармонік), Аляксандр Жура (дуда, балалайка), Андрэй Шыдла (дудка). Удалы збег абставінаў дазволіў сустрэцца музыкам гэтай капэлі. Кожны з іх прайшоў свой шлях да традыцыйнай музыкі і танцаў. Частку свайго жыцця яны і зараз прысвячаюць вывучэнню харэаграфічна-музычный спадчыны і робяць спробы данесці яе да зацікаўленых гарадзенцаў. Але менавіта эксперымент, пошук і жаданне — гэта каталізатары, якія дазволілі ператварыць звычайную забаву вулічных музыкаў у сацыяльны праект «Танцы Гарадзенкіх Дворыкаў». І, на думку ўдзельнікаў капэлі, гэты праект мае добрыя перспектывы на развіццё.

Паводле інфармацыі арганізатараў


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.