Рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны» на Аўгустоўскім канале

Апошняя субота жніўня для наведвальнікаў Аўгустоўскага канала выдалася незвычайнай. Тут адразу “віравалі” тры фестывалі:

адкрыты фестываль народнай творчасці “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў”;

рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”;

заключны тур абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”.

Рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны” распачаўся ў культурна-турыстычным цэнтры г. п. Сапоцкін Гродзенскага раёна, дзе прайшоў круглы стол на тэму “Захаванне і папулярызацыя асаблівасцей традыцыйнай культуры Гродзеншчыны”. Яго ўдзельнікамі сталі кіраўнікі і спецыялісты раённых устаноў культуры, вядучыя метадысты Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, навукоўцы і даследчыкі традыцыйнай культуры з Акадэміі мастацтваў, Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Удзельнікі круглага стала мелі магчымасць наведаць музей сапоцкінскай пісанкі і паўдзельнічаць у майстар-класе па роспісу яек мясцовай традыцыйнай тэхнікай васкавання.

На тэрыторыі Аўгустоўскага канала (каля шлюза Дамброўка) размясціліся 15 падворкаў традыцыйнай культуры “Бацькоўскую спадчыну захаваем навякі”, на якіх “раскінуліся” выстаўкі-прэзентацыі элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзеншчыны “З народных глыбінь да сённяшніх дзён”.

Кожны падворак зазываў гасцей і наведвальнікаў фестывалю на выстаўкі і майстар-класы традыцыйных рамёстваў, дэманстраваў свой народны касцюм, частаваў традыцыйнымі стравамі, знаёміў з мясцовымі абрадамі і звычаямі, пабытовымі танцамі. Усюды гучала народная музыка і песня ў выкананні фальклорных калектываў Гродзеншчыны.

На інтэрактыўнай пляцоўцы “Танцавальная вясельніца” выконваліся Гродзенскія кадрылі, дзе кожны мог прыняць удзел у майстар-класах па побытавых танцах, а на пляцоўцы “Кошык весялосці” народныя тэатры гульні Гродзенскай вобласці прапанавалі гульнёва-забаўляльныя праграмы.

Асаблівасцю рэгіянальнага фестывалю традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны” стаў актыўны ўдзел дзяцей і моладзі, як на падворках традыцыйнай культуры, так і ў іншых эпізодах і канцэртных праграмах.

У рамках фестываля “Скарбы Гродзеншчыны” прайшоў конкурс, дзе кампетэнтнае журы, якое ўзначалілі Клімовіч А.В. – першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, старшыня журы і Каліноўская А.Т. – намеснік начальніка аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ІПК і ПК установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”, намеснік старшыні журы, падвяло вынікі фестывалю і ўзнагародзіла лепшых у наступных намінацыях:

 “Лепшы падворак традыцыйнай культуры Гродзеншчыны”

І месца – Воранаўскі раён

ІІ месца – Гродзенскі раён

ІІІ месца – Свіслацкі і Ваўкавыскі раёны

 “Лепшая калекцыя работ традыцыйных рамёстваў”

І месца – Гродзенскі раён

ІІ месца – Навагрудскі раён

ІІІ месца – Смаргонскі раён

 “Рэканструяваны мясцовы строй”

І месца – Лідскі раён

ІІ месца – Свіслацкі раён

ІІІ месца – Іўеўскі раён

  “Традыцыйныя стравы Гродзеншчыны”

І месца – Навагрудскі раён

ІІ месца – Гродзенскі раён

ІІІ месца – Карэліцкі раён

Спецыяльным дыпломам журы была адзначана ўдалая прэзентацыя падворка Лідчыны “А ў восень работ восем…”. Абрад “Дажынкі”, дэманстрацыя традыцыйнай апрацоўкі льну, лідскія дзявочыя строі і традыцыйны ўбор нявесты прыцягвалі ўвагу нават іншаземных турыстаў. На Лідскім падворку кожны хацеў паспрабаваць іх мясцовыя стравы, асноўным кампанентам якіх з’яўляецца льняное семя.

Таксама спецыяльнымі дыпломамі і прызамі былі ўзнагароджаны:

Гродзенскі раён - “за пераемнасць народных традыцый і інтэграцыю ў моладзевае асяроддзе”;

Гродзенскі раён - “за лепшую прэзентацыю элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны”;

Гродзенскі раён - “за самабытнасць акцёрскага майстэрства”;

Астравецкі раён - “за ўдалую інтэрпрэтацыю народных традыцый”;

Воранаўскі раён - “за лепшую гульнёва-забаўляльную праграму”;

Дзятлаўскі і Карэліцкі раёны - “за папулярызацыю мясцовых танцавальных традыцый”;

народны майстар Скрамблевіч Мар’ян Антонавіч, з аг. Адэльск Гродзенскага раёна - “лепшы народны музыка”;

народны майстар Міхно Станіслава Вікенцьеўна, з аг. Пагародна Воранаўскага раёна - “лепшы выканаўца народнай песні”;

народны майстар Мажэйка Марыя Юльянаўна, з в.Петрыкі Астравецкага раёна - “самаму сталаму ўдзельніку фестывалю”

Люляк Марыя Віктараўна, ўдзельнік аматарскага аб’яднання “Мара” Шчучынскі раён - “лепшы чытальнік”

Арцём Казлоўскі, Гродзенскі раён - “за своеасаблівае выкананне народнай песні”;

Маша Клімко (г. Навагрудак) - “самаму юнаму ўдзельніку фестывалю”;

сям’я Клімко Наталлі Аляксандраўны (г. Навагрудак) - “за перадачу традыцыйнага рамяства ў сям’і”.


   Сайт «Жывая спадчына Беларусі» прапануе пазнаёміцца з думкамі экпертаў аб фестывалі, якім падзяліліся сябры журы Галіна Суша і Яўгенія Станіна, а таксама фотарэпартажам з падворкаў традыцыйнай культуры «СКАРБЫ ГРОДЗЕНШЧЫНЫ – 2017»

 


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.