Калядны Абрад «Шчадрэц» (в. Рог Салігорскага р-на Мінскай вобл.)

Калядны Абрад «Шчадрэц» (в. Рог Салігорскага р-на Мінскай вобл.)

Самабытная вёска Рог на Беларускім Палессі месціцца каля Чырвонага возера. Гэтыя тэрыторыі вызначаюцца спецыфічнай захаванасцю старажытных праяў каляндарна-песеннай культуры. Адна з іх – навагоднія песенна-віншавальныя абходы – «Шчадрэц».

Абыходны абрад «Шчадрэц» («Шчодрык») праводзіцца на багатую куццю (13 студзеня). Магутным фактарам захавання традыцыі ў часе выступае песенны кампанент рытуальнага абходу, увасоблены ў віншавальных «шчадроўных» песнях для гаспадара і яго сям’і, песнях, суправа­джаючыя рытуальныя скокі «казы». Віншавальныя напевы выконваюцца «шумна», у выгуковай манеры. Для выканальніцкага стылю ўласціва тэмбрава-дынамічная яркасць, элементы гетэрафоннай фактуры.

Шчадраванне адбываецца з удзелам традыцыйных маскіраваных персанажаў, як зааморфных – «казы», «жураўля», «каня», так і антрапаморфных – «дзеда», «бабы», «цыгана» і «цыганкі» з «дзіцём» (лялькай) у «калысцы». Маска казы ў абрадзе здаўна лічыцца асноўным сімвалам пладавітасці і жыццёвай энергіі. Найбольш унікальны персанаж у гурце шчадравальнікаў – «дзед» і яго берасцяная маска, аналагаў якой больш няма на Беларусі. Маску вырабляюць з цэльнага кавалка бяросты, знешні бок якой застаецца ўнутры, а ўнутраны – звонку маскі. Зверху яе ўмацоўваюць крыж-на-крыж таксама дзвюма палоскамі бяросты, выразаюць дзіркі для вачэй, рота і носа.

Абрад «Шчадрэц» у в. Рог існуе ў жывым выглядзе, ёсць пэўныя ўмовы для яго захавання: носьбіты традыцый і пераемнікі, у першую чаргу, вучні Краснабярэжскай сярэдняй школы-садка і іх настаўнік А.Л. Дубіцкі.

З фотаальбомам Калядны абрад "Шчадрэц" можна азнаёміцца тут.

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.