Дударская вясна

Дударская вясна

Цягам апошніх двух гадоў актыўна вядзецца абмеркаванне магчымасці ўключэння культуры беларускай дуды не толькі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, але і ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ў складзе мультынацыянальнай намінацыі, далучацца да якой прапанавала Славакія. 

“Жывая спадчына” прапануе маніторынг беларускага дударства за вясну 2017 г.

Сёлета ўзімку не было танцавальных сустрэч Дударскага клуба, таму сезон фактычна распачаўся Дударскім фэстам 8 красавіка ў клубе Re:public. Там выступілі гурты Стары Ольса, PAWA, HardWood, Trollwald, Sakramant, Lity Taler, PiopROCK. У складзе кожнага з іх ёсць дудар, а ў гурцеHardWood яшчэ дударка. Праз тэхнічныя праблемы з сайтам “Жывая спадчына” не змагла аператыўна асвятліць мерапрыемства, таму фота з імпрэзы шукайце ў альбоме “Дударства-2017 ў фота Алены Ляшкевіч”.  Падрабязней пра Дударскі фэст можна пачытаць у артыкуле Анатоля Мяльгуя, знакамітага музычнага крытыка, “самага “дударскага” журналіста” (па выразе адміністрацыі суполкі “Дударскі клуб”), які памёр сёлета ўвесну. 

А таксама глядзіце матэрыялы Марыны Весялухі, Марыны Серабраковай, Юліі Хвошч, Johnny Willson і Nat Nazgul, Змітра Лапцэвіча. 

Для афішы “Дударскага фэста” была выкарыстана выцінанка Наталлі Сухой. 

Пасля фэста ў камерных умовах кавярні “Грай” прайшла дударская канферэнцыя (пра яе можна пачытаць тут ), на якой было абяцана прадэманстраваць раней невядомыя аўдыазапісы беларускіх дудароў. Аднак, даследчыца, што іх знайшла ў архіве, вырашыла не рабіць праслухоўвання нават для малога кола зацікаўленных, пакуль не зробіць навуковай публікацыі. Праз некалькі дзён пасля канферэнцыі дзякуючы дудару Стасю Чавусу высветлілася, што запісы, пра якія, імаверна, ішла гаворка, можна праслухаць у вольным дасягу на сайце sovmusic.ru. Гэта 2 вясельныя найгрышы Ф. І. Сцеся з Кушлякоўскага с/с Полоцкага р. і мелодыі песні і танца у выкананні М. Ф. Усцінава з Бельскага с/с Полацкага р., выдадзенныя ў 1939 г. на фірме “Грампластрест”. Паслухаць запісы і пачытаць дыскусію дудароў з нагоды гэтага адкрыцця можна тут  і тут. 

Дудары звярнулі ўвагу, што вясельны танец у выкананні Ф. Сцеся – дакладна той самы, як на фрагменце з кіначасопіса “Савецкае мастацтва” № 7 за той жа 1939 г. дудароў быццам бы з Гарадоцкага раёна. Відэа было знойдзена ў архівах Канстанцінам Рэмішэўскім і апісана ім сумесна з Вячаславам Калацэем (публікацыю можна пачытаць тут).

Дудары нават выказалі думку, што Ф. І. Сцесь і М. Ф. Усцінаў і ёсць музыкі, знятыя для “Савецкага мастацтва”, аргументуючы тым, што:

- танальнасць абедзвюх дудаў на аўдыазапісах вельмі блізкая да танальнасці дудаў на відэа і тым;

- рагавень дуды Ф. Сцеся, які захоўваецца ў музыкі Алеся Лася вельмі падобны да рагаўня аднаго з дудароў на відэа 1939 г. па форме і аздабленні цвікамі;

- ў тытрах да кіначасопіса пазначана "мастацкая самадзейнасць калгасаў... прысвечаная Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставе". З экспедыцыйных даследаванняў А. Лася, Т. Кашкурэвіча, З. Сасноўскага мы ведаем, што Ф. Сцесь якраз удзельнічаў у гэтым мерапрыемстве ў Маскве.

Зрэшты, звесткі, што дудароў для здымак знайшлі ў ваколіцах воз. Лосвіда ў Гарадоцкім р., прыведзеныя ў артыкуле К. Рэмішэўскага і В. Калацэя, не супярэчаць таму, што дудары маглі быць родам з Полацкага р.: можа, яны гасцявалі ля Лосвіды ці гралі на якой урачыстасці, іх адтуль і прывезлі?

Наступнай вялікай падзеяй увесну 2017 г. стаў фэст “Дударскі рэй”, што прайшоў у Глыбоцкім раёне 7 – 9 траўня. Яго арганізаваў мясцовы ўраджэнец, дудар Віталь Воранаў, што цяпер жыве ў Польшчы. У самім Глыбокім і вёсках раёна выступілі беларускія дудары разам з бельгійскімі, польскімі, чэшскімі, шатландскімі. Была прадстаўлена таксама эстонская дуда, на ёй граў глыбачанін, які жыве ў Карэліі.

Фэст выклікаў шалёную ўвагу прэсы:

http://www.racyja.com/kultura/na-glybochchyne-zavyars.. 
http://www.racyja.com/kultura/dudarski-rej-u-glybokim/ 
http://westki.info/blogs/22186/u-glybokim-prayshou-pe.. 
http://westki.info/blogs/22187/dudary-vystupili-u-gly.. 
http://westki.info/blogs/22183/dudary-vystupili-na-ra..
 
http://westki.info/blogs/22179/u-glybokim-adkryusya-d..
 
https://www.svaboda.org/a/28474240.html
 
http://vitvesti.by/kultura/shestce-dudaro-u-glybok-m...

http://www.vitebsk-region.gov.by/ru/news-ru/view/shestse-dudarou-i-impravizavanyja-kantserty-u-glybokim-adbyusja-pershy-festyval-dudarski-rej-14745-2017/ 
http://cbs.okglub.by/news/1028-prezentatsyya-vystavy-..

http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=14175

http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=14180

Напярэдадні фэсту Віталь Воранаў выдаў кнігу “Дударская Глыбоччына”, фрагмент якой дасяжны тут.

27 – 28 траўня ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту прайшоў фэст “Эпоха рыцарства”, дзе дудары выступілі ў складзе гуртоў HardWood, Lity Taler, Стары Ольса, Неўрыда. Пострэліз фестывалю тут. 

Бліжэйшыя вялікія фестывалі з удзелам дудароў – “Свята Сонца”  17 – 18 чэрвеня і “Купальскае кола” 24 – 25 чэрвеня.

Канечне, шэраг гуртоў, у складзе якіх ёсць дудары, даваў і сольныя канцэрты. Пералічыць усе няма магчымасці, таму назавем толькі некаторыя.

Напрадвесні, 18 лютага, ў мінскім клубе «Бруге» прайшла прэзентацыя альбома«Не бяры да галавы» гурта «Кашлаты Вох». Стыль сваёй музыкі ўдзельнікі вызначаюць як фолк-панк, у складзе гурта грае дудар Мікола Дашыневіч. Яны разам з вакалістам Вячаславам Красулінымудзельнічаюць у гурце “Жвавы карчмар”, што складаецца з выпускнікоў Універсітэта культуры і мастацтваў. Трэці дудар “Жвавага карчмара” – Мікіта Халькоў. Гурт ладзіць танцавальныя вечарыны, разлічаныя адначасова і на спрактыкаваных, і на зусім недасведчаных танцораў. Адна з іх прайшла на вольным паветры на Нямізе 10 чэрвеня.

29 красавіка электра-фольк-гурт PAWA выступіў у мінскім паб-клубе «Графіці». На канцэрце прагучала некалькі новых песень: перапрацоўка беларускай бяседнай «Наварыў верабей піва» і польскай «Siadaj, nie gadaj», аўтарская кампазіцыя «Шлях дамоў». Як прызналіся музыкі, 10 новых трэкаў ужо запісана на студыі. Магчыма, увосень выйдзе альбом.

З траўня пачаўся сезон танцаў на вольным паветры на Карчы.  Гэта сустрэчы музыкаў, танцораў і спевакоў на тэрыторыі лесапаласы ля метро Барысаўскі тракт. Рэгулёвыя танцавальныя вечарыны на вольным паветры пад дудовую музыку — унікальная мінская з’ява. Такога няма ні ў адным іншым горадзе Беларусі і суседніх краін, а, можа, і свету. 30 траўня музыкі з Карча выбраліся ў горад, каб дапамагчы вандроўнаму тэатру “Гістрыён” зладзіць выпускны яго танцавальнай школы. 

Раім таксама пачытаць інтэрв’ю з дударом Юрасём Панкевічам , што рабіла Марына Весялуха для газеты “Звязда”, і паглядзець выпуск праграмы “МоваНанова”, прысвечаны дударству , дзе журналісты Алеся Літвіноўская і Глеб Лабадзенка завіталі ў госці да Тодара Кашкурэвіча.

Нагадаем, што рашэнне рыхтаваць мульцінацыянальны файл па дударстве было прынята падчас Круглага стала ў Інстытуце культуры Беларусі. Падрабязней пра гэта можна пачытаць тут. Нацыянальная камісія Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА падтрымала гэта рашэнне на паседжанні 10.02.2017 г.

Падрыхтавала Алена Ляшкевіч


Фотасправаздача:  Дударства-2017 ў фота Алены Ляшкевіч

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.