Абласны семінар і фэст аўтэнтычнай песні «БАБУЛІ» у Любанскім раёне

Абласны семінар і фэст аўтэнтычнай песні «БАБУЛІ» у Любанскім раёне

Удзельнікі абласнога семінара па рабоце з элементамі НКС 19 красавіка наведалі раённы фэст аўтэнтычнай песні «БАБУЛІ» у аг. Рачэнь Любанскага раёну. Фэст, які ладзіцца ўжо ў чацвёрты раз, кожны год прымае адна з вёсак, у якой фальклорныя гурты захоўваюць мясцовыя спеўныя традыцыі. Традыцыйных спеўных асяродкаў у Любанскім раёне амаль дзесятак і іх колькасць павялічваецца. Нават танцавальны гурт «Напарачка» з Любані сустракаў удзельнікаў семінару велікоднымі песнямі (на фота).

У фэсце «БАБУЛІ» ў гэтым годзе прымалі ўдзел гурты «Павалякі» (в. Обчын), «Глыбокія крыніцы» (в. Закальное), «Журавушка» (в. Ямінск), «Беражніца» (в. Пласток), «Чуткі» (в. Камуна), «Шчодрык» і У.А.Ціханоўскі (в.Рачэнь). Кожны гурт распачынаў выступ велікоднай песняй, а працягваў праграмай, складзенай адмыслова да фэсту. Пасля канцэрта-прэзентацыі гуртоў на сцэне, распачалася «прэзентацыя» мясцовых прысмакаў і вясёлых пазаабрадавых і застольных песень. Удзельнікі семінару засталіся абмеркаваць тое, што ўбачылі на працягу дня. А ўбачылі, пачулі і паспрабавалі па дарозе на фэст многія з нематэрыяльных скарбаў Любаншчыны.

У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключаны мясцовы песенны стыль выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых песень аўтэнтычнымі фальклорнымі гуртамі "Журавушка", "Глыбокія крыніцы" і "Павалякі".  У сувязі з гэтым па ініцыятыве раёна на клубных установах вёсак Ямінск, Закальное і Обчын з’явіліся ахоўныя дошкі, якія сведчаць аб захаванні ва ўстанове культуры элементаў НКС са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці. Удзельнікі гуртоў атрымалі пасведчанні носьбітаў і захавальнікаў адметных мясцовых традыцый.

Але ўвагу у Любанскім раёне атрымоўваюць усе народныя традыцыі незалежна ад статуса. Работа па ідэнтыфікацыі і інвентарызыцыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны ідзе пад кіраўніцтвам загадчыка арганізацыйнага аддзела Любанскага РЦК Сяргея Георгіевіча Выскваркі ўжо многа год, і на семінары быў паказаны яе вынік – першы ў Беларусі раённы Любанскі спіс НКС, які ўключае 82 элементы! Удзельнікі семінару атрымалі магчымасць пазнаёміцца з некаторымі, сярод якіх  велікодныя «шкрабанкі», пяць гатункаў традыцыйна выпечанага хлеба і яшчэ больш гатункаў велікодных пірагоў, блінцоў і іншых прысмакаў, дзіцячы велікодны абрад «У рарэшнікі», абрадавыя і пазаабрадавыя спеўныя традыцыі, узоры аднаўлення народных строяў, мясцовыя вясельныя абрады, адноўленыя і запісаныя на сапраўдным сучасным вяселлі. 

Арганізатарам семінару з Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці прыйшлося падзяліцца на дзве часткі, каб паспець наведаць установы, якія паспяхова і творча працуюць з народнай спадчынай. У Любанскай дзіцячай школе народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, адкрытай у 2011 годзе, дзеці займаюцца па сямі рамесных накірунках: мастацкая кераміка і ганчарства, мастацкая разьба па дрэве, бондарства, лозапляценне, мастацкае саломапляценне, ручная мастацкая вышыўка і касцюм, ручное ўзорнае ткацтва. Па гэтых накірунках таксама вывучаюцца мясцовыя традыцыі, сабраны калекцыі вырабаў. Старшыня Беларускага саюза майстроў Я.М.Сахута, які прыехаў пазнаёміцца з дзейнасцю школы, высока ацаніў яе вынікі.

На семінары ў Любанскі раён спецыялісты ўстаноў культуры Мінскай вобласці заўсёды едуць з вялікай ахвотай, бо ведаюць, што кожны раз ім удасца ўбачыць новыя і цікавыя аспекты работы з нематэрыяльнай культурнай спадчынай. Дзейнасць у гэтым напрамку заўсёды падтрымліваецца аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама, што ўзначальвае Васіль Сцяпанавіч Каткавец, які сам заўсёды сустракае і праводзіць гасцей шчырымі беларускімі вершамі.

Практыкі па захаванню нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Любанскім раёне, безумоўна, заслугоўваюць абагульнення і прэзентацыі не толькі на абласным ці рэспубліканскім, але і на міжнародным узроўні, як комплекс праграм, праектаў і дзейнасці, што найлепшым чынам адлюстроўвае прынцыпы і мэты Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

           Алена Каліноўская


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.