Абрад "Конікі" (г. Давыд-Гарадок, Столінскі р-н, Брэсцкая вобл.)

Абрад "Конікі" (г. Давыд-Гарадок, Столінскі р-н, Брэсцкая вобл.)

13 студзеня ў Давыд-Гарадку Столінскага раёна Брэсцкай вобласці праводзіцца абрад на Шчодры вечар, які мясцовыя людзі называюць “Конікі”.

На Раство ў Давыд-гарадку жанчыны ходзяць з зоркай і спяваюць традыцыйныя калядкі. Дзеці таксама носяць вялікую зорку, а малыя бегаюць пад вокны з так званымі “ражкамі” – праменьчыкамі вялікай каляднай зоркі і таксама спяваюць калядкі.

У многіх сем'ях беражліва захоўваецца абрадавая атрыбутыка. Маладыя мужчыны робяць для сябе “коніка”. Гурты маскіраваных пачынаюць хадзіць пад вечар. Для коніка традыцыйнай канструкцыі зараз у Давыд-Гарадку спецыяльна плятуць кошыкі з лазы. Абавязковыя персанажы традыцыйнага карнавалу – таксама Дзед і Баба, Бык і Воўк з латуннай трубой.

Як і іншыя інструменты, горн апавяшчае сваім гучаннем, што да хаты ідуць “конікі”. Конікі могуць зайсці ў магазін, спыніць машыну, у любога мінака прасіць гасцінца або грошай. Наперадзе гурта абавязкова крочыць конік.

Ноччу ўсе гурты сыходзяцца ў цэнтр Давыд-Гарадка да помніка яго заснавальніку князю Давыду і весяляцца пад упрыгожанай елкай.

З фотаальбомам абраду "Конікі" можна азнаёміцца тут.

 Ураджэнец Давыд-Гарадка паэт Леанід Дранько-Майсюк, які бывае штогод на стары Новы год у бацькоў у Давыд-Гарадку і назірае абрад, апісвае яго такім чынам:

 – У дзяцінстве, калі я ўпершыню ўбачыў пад вокнамі конікаў, мне было 4–5 гадоў. Перш за ўсё гэта было адчуванне страху, гэта я добра памятаю. І Конь напалохаў, і Смерць... Маскі для дзіцячых вачэй былі сапраўды страхавітыя, таямнічыя, і я сваёй дзіцячай душой адчуваў, што гэта нешта чужое, не характэрнае для штодзённага жыцця. Адчуванне гэтага страху было некалькі гадоў, пакуль я не стаў школьнікам і не пачаў сам хадзіць у конікі. Толькі тады гэты страх знік. Калі я зараз аналізую свае першыя ўражанні, я бы сфармуляваў іх так: гэта быў страх, казачнасць і таямнічасць. А пасля прыйшло адчуванне эстэтычнай асновы конікаў – я ўжо пачаў успрымаць гэта як хараство, як нашу давыд-гарадоцкую прыгажосць. Гэтае хараство было ў руху Коніка і кожнай маскі, у танцах (полечка на марозе пад гармонік і бубен). Кожны рабіў прычворы, як кажуць у Давыд-Гарадку, як умеў, усіх смяшыў ад старога да малога. Прыгажосць найбольш яскрава выяўлялася ў гуках – вельмі прыгожа спявалі. Песня была толькі адна – “Там стаяла сосна тонка, высока. Шчодры вечар!”

Спявалі толькі тады, калі атрымаюць згоду гаспадароў. Нязгода прыняць конікаў праяўлялася такім чынам: у хаце выключалі святло. Або сапраўды нікога не было дома. Калі святло гарэла – конікаў чакалі і гатовы былі прыняць. Калі добра дарылі, гурт крычаў: “Каб за год даждалі і нас прымалі!”.

 Даўнейшыя гарадчукі трымаліся такога звычаю, што на Конікі, калі хто захварэе, то ніколі не звярталіся да лекара – цярпелі. Было такое ўяўленне, што той, хто пойдзе да лекара або выкліча дахаты, увесь год будзе хварэць. Ужо на наступны дзень можна было ісці лячыцца, а ў навагоднюю ноч – не. Жыхары навакольных вёсак такой звычкі не трымаліся. Навагодняя ноч, калі спраўляюць абрад Конікі, у нас мае некалькі назваў: стары Новы год, Шчодры вечар, Шчадрэц. Збіраючыся з Мінска ў Давыд-Гарадок на гэтае свята, гарадчукі пытаюцца адзін у аднаго: “Ты на Конікі паедзеш?” Звычайна, дзе б ні жылі, стараюцца прыехаць да бацькоў менавіта на Конікі, бо ў гэты вечар сям”я павінна быць у зборы, і свята гэтае для Давыд-Гарадка – адно з самых вялікіх і цікавых.

Традыцыйныя маскі на Конікі – гэта сам Конік, Дзед, Баба, Казёл, Мядзведзь, Баран, Бусел, Смерць, Чорт, Скарбнік.

КОНІКА рабілі з 2-х лазовых кошыкаў, змацаваных паміж сабой. Да гэтай канструкцыі далучалі стары валёнак з доўгай халявай, з якога рабілі морду і шыю каня. Валёнак абшывалі белай тканінай, якую называлі “коленшчына” (пэўна, таму, што гэта была колішняя старая саматканая вынашаная і адбеленая з цягам часу прасціна або кусок палатна ад старой кашулі). У мой час гэта была старая баваўняная прасціна, але яе ўсё роўна называлі “коленшчына”. Зверху на валёнак, абшыты белай тканінай, прымацоўвалі чорную грыву, якую рабілі са старога кажуха. Чорным вугалем малявалі вочы каню. А кошыкі пакрывалі белай тканінай так, каб паміж двума кошыкамі мог улезці хлопец – ён выконваў ролю вершніка на кані. На каня накідвалі ўзорыстую аброць (часам такую, якая прызначалася для маладых коней), прымацоўвалі званочак. Сам дзядзька, які насіў на сабе канструкцыю каня, рабіў сабе абутак з шыпамі кавальскай работы, каб было латвей бегаць і не падаць на лёдзе. У руках ён трымаў пугу. Конік вёў за сабой увесь гурт і першы пачынаў спяваць.

 Сённяшнія салдацкія шынялі, салдацкія рамяні, якія апранаюць зараз вершніку, наводзяць на мяне вялікі смутак. Гэтага нельга рабіць, гэта разбурае саму аснову “Конікаў”. Таксама, як і вялікія маскі Кракадзіла Гены, галівудскіх пачвараў, Веркі-Сярдзючкі і іншых. Гэта проста бяда. Я ўсюды пра гэта кажу і пішу. А музыка, якая гучыць на плошчы падчас свята! І Алу Пугачову круцяць, і абы-якія дыскатэчныя мелодыі. Культработнікі не разумеюць, што гэта – парушэнне канонаў свята.

  ДЗЕДА апраналі ў світку або сак, збоку ў яго была шанька.

 Ён звычайна іграў на гармоніку (калі ўмеў), курыў трубку.

  БАБА, таксама ў світцы, бегала побач з Дзедам, увесь час хапала яго пад руку, каб утваралася пара з іхніх масак. У Бабы ў руках была таксама шанька.

  Маскі Дзеда і Бабы сімвалізавалі продкаў.

  КАЗЁЛ быў у вывернутым кажуху, рагаты (маску рабілі). Ён увесь час скакаў і мэкаў. Як толькі забягуць у двор – ён абавязкова мэкне, а калі з двара ідуць, праспяваўшы песню і атрымаўшы ўзнагароджанне, таксама мэкае.

  СМЕРЦЬ – гэта суцэльны белы балахон, у якім праразаліся дзіркі для вачэй, а галава такой формы, як вядро, пад балахонам. Смерць (высокі хлопец) трымала ў руцэ вялізную драўляную касу, бегала і махала гэтай касой – пужала, страшыла.

  БУСЕЛ таксама быў увесь белы, толькі галаву яму рабілі малую, а сам хлопец, якому апраналі гэтую маску, павінен быць вельмі высокім.

  БАРАН – гэта нізкаваты хлопец, апрануты ў вывернуты кажух, са скручанымі рагамі па баках. Шапку насоўвалі на твар. Баран бэкаў, але не так часта, як Казёл. Баран або Чорт біў у бубен.

  ЧОРТ – увесь чорны, рагаты, з мятлой-дзеркачом у руках. Гэтым дзеркачом ён то снежную хмару падымаў, то мёў пад нагамі, то падымаў уверх і махаў. Таксама пужаў сваім выглядам. Імітаваў Коніка – скакаў на дзеркачы.

Акрамя гармоніка, сярод музычных інструментаў, з якімі хадзіў гурт, быў рог – сігнальны інструмент, з гучання якога пачыналася свята, у яго трубілі, падыходзячы да кожнай хаты. Часам хадзілі з трубой. Цяпер можна ўбачыць конікаў з піянерскай трубой.

Увечары 13 студзеня, калі з'явіцца першая зорка на небе, трубіў рог – музыка яго была працяглая, як сам страх. Затым чуўся другі рог, а тады ўжо трэці, чацвёрты – і так па ўсім чыста месту. Праз некаторы час рогі змаўкалі, давалі разгаварыцца гармонікам і бубнам, а таксама ж вялікім, з добрую кварту, бомам і маленькім, з напарстак, звонікам. Гэтыя гукі і зараз на стары Новы год чуюцца па ўсяму Давыд-Гарадку, па іх гучанні можна даведацца, дзе шчадруе бліжэйшы гурт.

У асноўным конікі шчадравалі пад вокнамі. Спявалі пра тонкую і высокую сасну, на якой зіхцела залатая “корыца” (кара), віншавалі гаспадароў са Шчадрацом, жадалі ім дабра і “коб за год дождалі”, і мелі за гэта грошы, і не толькі грошы. У хату заходзіў толькі Скарбнік – атрымаць узнагароджанне. Яму гаспадары давалі грошы, каўбасу або сала для ўсёй грамады, маглі і гарэлкі наліць, але толькі яму. Гэта быў самы старэйшы і паважаны мужчына ў гурце шчадроўнічкаў-конікаў.

Уздымаючы снежны віхор, уздоўж платоў ляцела карнавальнае таварыства, і трэ было даваць дарогу, бо ў хмяльной гарачцы маглі стаптаць, а то і аперазаць пугай. Паперадзе ўсіх бег белы Конь – грыва на доўгай шыі хадзіла хадуном; вялізныя вочы, начорненыя вуголінай, поўныя добрага шалу, а на храпе – узорыстая аброць. Жывейшага каня, чым гэты, на зямлі не было, і зусім не думалася, што ягонае тулава сплецена з вярбовых дубцоў і абцягнута коленшчынай. За Канём – Скарбнік, Бусел, Баран, Дзед, Баба, Смерць, Чорт, Казёл і Мядзведзь...

Скарбнік першы ўваходзіў у кожную хату, Бусел выхваляўся доўгай чырвонай дзюбай, Баран паказваў крутыя рогі, Дзед граў на гармоніку, Баба патрэсвала шанькай, высокая Смерць у белым балахоне весела пагражала драўлянай касой, Чорт скакаў на дзеркачы, Казёл біў у бубен, Мядзведзь штосілы дзьмуў у рог... Усё шчырае і крыху страшнае, знаёмае і кожны раз нязвыклае, зразумелае і поўнае таямніцы... З прытупамі, скокамі і прычворамі, як кажуць у Давыд-гарадку, бегалі ўвесь вечар ад хорткі да хорткі (ад вакна да вакна), ад хаты да хаты... Бегалі да позняй ночы, а то і ўсю ноч. У нас так і кажуць “конікі бегалі”. Яны і зараз бегаюць, нават цяжка палічыць, колькі ж гуртоў збіраецца штогод у Давыд-Гарадку!

Пад раніцу гурт вяртаўся ў тую хату, дзе пераапраналіся, і Скарбнік дзяліў грошы, каўбасы і іншыя дары. Давалі па 10, 20 капеек, а кожны за ноч зарабляў рублі 3. У Давыд-Гарадку ў конікаў пераапраналіся сталыя мужчыны, але не старыя – 30-40 гадоў. Маглі быць трохі старэйшыя і трохі малодшыя. На кожнай вуліцы збіраўся свой гурт конікаў, а шчадраваць хадзілі на суседнюю. Часам, калі сустракаліся гурты, то маглі і пабіцца за тэрыторыю: “болоцкіе” з “коморскімі”, “осэліцкіе” з “вугоньскімі”, “мэльніцкіе” з “радзіцкімі”, “закосцёльскіе” з “каралінскімі”, “лужкоўскіе” з “кодацкімі”...

  Міліцыя лавіла, рабіла аблавы, не давала спраўляць абрад, цягнула ў міліцыю, штрафавала або забірала тое, што конікам надарылі. Назаўтра бацькоў выклікалі ў школу. Гэта было ў 70-я гады (1960, 1961 і далейшыя). Памятаю, наш сусед, дзядзька, які быў пераапрануты ў Бабу, вырваўся з міліцэйскіх лап і прыбег з калючым дротам на шыі. Ён не параніўся, дзякуй Богу, і нават жартаваў, расказваючы жонцы, што было: “Уцячы-то ўцёк, а цыцкі пагубляў!”. А яна гэтыя цыцкі знайшла ў яго на спіне. Смеху было!

  Калі ўжо міліцыя адступіла, не ганяла ў 80-я гады, то склалася такая традыцыя (не ведаю, ці была яна раней): як ужо конікі набегаюцца, час ужо выходзіў (гадзіны 2 ночы), стаміліся і хацелася сесці за стол, у цэнтры Давыд-Гарадка збіраліся многія гурты (у месцы, дзе была старая польская дарога – ад помніка князю Давыду да аптэкі), а паабапал дарогі стаялі гарадчукі, што выйшлі прагуляцца , – перад імі адбываўся такі стыхійны, і ў той жа час дысцыплінаваны, як бы ўпарадкаваны парад конікаў. Іх людзі пазнавалі: гэта кадацкія, а гэта каморскія, закасцёльскія, балоцкія, гэтыя з Сешкі, Лужка, Пяска, Мэльнікаў, Вугоня, Радзічаў, Лозы, Караліна … Кожны гарадзецкі кут меў сваіх конікаў. І так гурты праходзілі туды-назад і разыходзіліся. Усе прытанцоўвалі, а конік мог і ўпрысядку пусціцца. Гэта было і смешна, і нечакана. Пазней сталі збірацца на Гарадзішчы. У апошнія гады, калі Дом культуры ўзяў у свае рукі арганізацыю свята, штогод на плошчы ўстанаўліваюць пляцоўку, дзе таўкуцца гурты – як бы агляд іх адбываецца, але нічога ні ўбачыць, ні пачуць там немагчыма. Песні гуртоў заглушаюцца абы-якой музыкай, вельмі гучнай, яна не мае ніякага дачынення ні да абраду, ні да Новага года. І гэта вельмі засмучае.

І ўсё ж Стары Новы Год не губляе сваю прывабнасць, бо так яго нідзе не святкуюць, як у Давыд-Гарадку, і так яго нідзе не называюць, як у нас – Конікі. Кожны год на Конікі я еду ў родны Давыд-Гарадок. Сёлета гэтае свята нарадзіла новы верш.

“Конікі”

Граюць бубны і гармонікі,

Чарка просіцца ў руку,

Гэта свята свята Конікі

У Давыд у Гарадку!

 

Гэта песня – песня звонкая,

Ад якой не будзе сну,

Пра высокую і тонкую,

Пра палескую сасну:

 

“Там стояла cосна

Тонка, вусока –

Шчодры вэчор.

Тонка, вусока,

Лісцэйком шырока –

Шчодры вэчор.

А на той сосонцы

Золота корыца –

Шчодры вэчор.

Золота корыца,

Майская росіца –

Шчодры вэчор.

Ой ды наляцелі

Райскія пташкі –

Шчодры вэчор.

Ды тую корыцу

Ўзялі позбівалі –

Шчодры вэчор…”

 

Гэта маскі незлічоныя –

Конь, Баран, Казёл, Мядзведзь,

Бусел з дзюбаю чырвонаю,

Дзед і Баба, Чорт і Смерць…

 

У віхуры гэтай песеннай,

Кожная душа, скачы!..

Смерць касой махае весела!

Чорт ляціць на дзеркачы!

 

Дзед як Дзед – да Бабы туліцца;

Бабе добра – добры ж Дзед!

Бусел тупае па вуліцы,

А Мядзведзь за ім услед…

 

От Баран прабег па беразе,

Над ракою – цень Казла…

Конь, як і заўжды, наперадзе,

І таму што Конь наперадзе –

Назва Конікі пайшла!

 

І ад Мэльнікаў да Радзічаў,

З гэтага і ў той канец –

Гэта вечар лёгкай радасці;

Шчырай радасці – Шчадрэц!

 

Тут адвеку так жадалася

І за грошы, і дарма:

Каб шчадрылася-збіралася,

Каб хапіла ўсім дабра!..

 

Ой вы, хвойнікі-сасоннікі!

Ой ты, снежная Гарынь!..

Пад вакном спяваюць Конікі,

З іх у дом ідзе адзін –

 

І прымае дар нябедную,

І хавае ў рукаве…

А ў тым доме (кожны ведае)

Люба з Васілём жыве!

 

“Там стояла сосна

Тонка, вусока –

Шчодры вэчор…”


З фотаальбомам абраду "Конікі" можна азнаёміцца тут.


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.