“Гу, вясна!” ў Пагосце

“Гу, вясна!” ў Пагосце

Абрад праводзінаў зімы і першае закліканне вясны на Тураўшчыне праводзілі ў апошні дзень Масленіцы. Фальклорна-этнаграфічны гурт “Міжрэчча” вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна, створаны ў 1980 годзе яго лідэрам і выдатнай спявачкай, знаўцай і захавальніцай спадчыны сваёй вёскі Кацярынай Панчэняй, асноўную сваю задачу бачыць у захаванні жывых традыцый сваёй вёскі.

Веснавыя песні ў Пагосце спяваюць ад апошняга дня Масленіцы да Вялікадня. Але першы дзень, калі пачынаюць гучаць гэтыя песні, — асаблівы. Вестунамі надыходзячага цяпла становяцца дзеці. У нядзелю раней кожная маці або бабуля пякла піражкі (булачкі з пшанічнага цеста), варыла яйкі і клала ў белую хустачку разам з гэтымі стравамі белы сыр і масла, завязвала вузлом і давала кожнаму дзіцяці гэты вузлік, каб ішоў гукаць вясну. Гэта апошні дзень Масленіцы, таму і стравы абрадавыя, з аднаго боку, суадносяцца з гэтым святам, з другога — звязаны з вясной, якую на сваіх крылах прыносяць птушкі.

Традыцыйнае меню на ўсе веснавыя святы на Тураўшчыне абавязкова ўключае яйкі або стравы з яек. Дзеці ўзлазілі на стагі, на сена або салому ў пуні, каб быць бліжэй да неба, да сонейка, якое дарослыя, спяваючы веснавыя песні, заклікалі на зямлю. У гэты час дзеці ядуць тое, што ім паклалі ў вузлікі, б’юцца варанымі яйкамі на ўбіткі. “Гу, вясна!” — абрад заклікання вясны — мае назву ад асноўнай песні, з якой пачынаюць гуканне. У Пагосце веснавых песень ведаюць некалькі і штогод разам з дзецьмі  ўзнаўляюць архаічнае дзейства. Падчас яго заклікаюць і птушачку, якая на сваіх крылах прыносяць цяпло, — яе называюць “целявозікам” і гучна тройчы выкрыкваюць разам з дзецьмі заклічку, каб хутчэй прыляцела:

“ Целевоз, целевоз! Кідай сані, бяры воз!”

Тэксты веснавых песень носяць адбітак таго часу, калі традыцыйная вёска са сваім укладам жыцця прыстасоўвалася да стану прыроды, які суправаджаў пэўную пару года. Яны расказваюць пра асаблівасці сямейнага і ў цэлым вясковага побыту, звернуты да неба, да таго таямнічага загадкавага космасу, які рэгулюе змены ў прыродзе і можа паўплываць на лёс кожнага паасобку і ў цэлым усяго чалавецтва.

Каштоўна і тое, што разам з песнямі пагосцкія спявачкі захоўваюць сваю гаворку:

Гу, весна, гу, красна! Усе людзі ткуць кросна.

Моя маці не ткала,

Под лёд кужэль пускала.

Плуві, кужэль, волокном

Да прыплуві полотном.

Што ты нам прынесла?

Ці по еечэчку, ці по пірожэчэчку?

Ці сыра кусок, ці масла брусок?

Усе людзі ткуць кросна.

Моя маці не ткала, пуд лёд кужэль пускала.

Паглядзець відэа, як гурт “Міжрэчча” гукае вясну гэтай песняй у 2017-м г. можна тут.

Спявалі таксама:

Вол бушуе, весну чуе (2р), ворон крачэ, сыра хочэ

Ворон крачэ, сыра хоча (2р), дзеўка плача, сына хоча.

 Не бушуй, воле, пойдзеш у поле (2р) дай у полі наорэшса.

Наораўса вол, улёгса. Ворон крачэ, сыра з’еўўшы.

Ворон крачэ, сыра з’еўшы, дзеўка плачэ, сына меўшы.

Яшчэ адна песня:

Да ужэ весна дай ужэ красна, из стрэх вода капле (2р).

Да ўжэ ёму, удовину сыну, вандровонька пахне (2р).

Лукі да прылукі (2р) попрыпадымалі, попрыезджывалі.

Пулочком подушкі (2р) дай попрыпадалі.

Да нема мого да міленького, нема мого пана (2р),

Дай ужэ ёго посцель белая пулочком прыпала.”

Паглядзець відэа, як гурт “Міжрэчча” выконвае гэту песню, можна тут.

Яшчэ адна песня:

Весна-весняночка, чыя то панночка?

Седзіць у садочку (2р), шые сорочку.

Шые-пошывае, шоўком поцягвае,

На хорошых хлопцо(2р) дай не заглядае.

Кароўкі з дуброўкі, овечэчкі з поля.

Плачэ маці по дзіцяці (2р), што горкая доля.

Не плач, маці, по дзіцяці, што горкая доля,

Не плач, маці, по дзіцяці, платком белым уцірайса

На хорошых хлопцоў (2р) дай не загледайса.

Весна-весняночка, чыя то панночка?

Седзіць у садочку, шые сорочку (2р).

Паглядзець відэа, як гурт “Міжрэчча” гукае вясну гэтай песняй у 2017-м г. можна тут.

Пагукаўшы вясну 25 лютага 2017 г., гурт “Міжрэчча” зладзіў танцы на вуліцы. Паглядзець відэа можна тут.

Рэгіна Гамзовіч


Фотасправаздача:  Масленка ў в. Пагост Жыткавіцкага р., 25 лютага 2017 г.

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.