7-я сесія Міжурадавага камітэта па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны

7-я сесія Міжурадавага камітэта па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны

3 снежня 2012 г. у штаб-кватэры ЮНЕСКА (Парыж, Францыя) пачалася 7-я сесія Міжурадавага камітэта па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны (далей – Камітэт). Сесія працягнецца з 3 па 7 снежня 2012. З прывітальным словам выступіла Генеральны дырэктар ЮНЕСКА Ірына Бокава. Яна падкрэсліла вялікую ролю Камітэта ў імплементацыі Канвенцыі аб захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны (далей – НКС) і зазначыла, што рэалізацыя Канвенцыі стала моцным каталізатарам развіцця дзейнасці па захаванні НКС ва ўсім свеце: “Паняцце НКС, якое дрэнна разумелі яшчэ некалькі гадоў таму, зараз ужываецца паўсюль. Яшчэ многа патрэбна зрабіць, каб растлумачыць сэнс існавання НКС, яго межы і ўклад у развіццё культуры чалавецтва, але галасы скептыкаў паступова знікаюць перад рэальнасцю”.

Нагадаем, што на сённяшні дзень 146 краін ратыфікавалі Канвенцыю, якая была прынятая Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА ў 2003 г. 27 элементаў з 15 краін былі ўнесены ў Спіс НКС, якому патрэбна тэрміновая ахова. Рэпрэзентатыўны спіс НКС чалавецтва ўключае 232 элемента з 86 краін. Восем праграм па захаванні НКС унесены ў Рэгістр лепшых практык.

Міжурадавы камітэт па захаванні НКС складаецца з 24 прадстаўнікоў дзяржаў-удзельніц Канвенцыі, якія выбіраюцца на чатыры гады. Палова членаў Камітэта змяняецца кожныя два гады. Беларусь у складзе Камітэта была з 2005 па 2009 гг.

Парадак дня 7-й сесіі Камітэта даволі насычаны і, акрамя ўсяго іншага, уключае дыскусію па 16 перыядычных справаздачных дакладах, якія прадставілі дзяржавы-удзельніцы аб рэалізацыі Канвенцыі на нацыянальным узроўні. Нагадаем, што такія даклады, у адпаведнасці з артыкулам 29 Канвенцыі 2003 г., усе дзяржавы-удзельніцы павінны прадстаўляць для разгляду Камітэта кожныя 6 гадоў. Перыядычная справаздачнасць дазваляе дзяржавам-удзельніцам прааналізаваць і ацаніць іх патэнцыял у галіне аховы НКС, прадставіць справаздачу аб інвентарызацыі НКС і паказаць, як ідзе намінацыйны працэс на нацыянальным узроўні. Перыядычны даклад таксама ўтрымлівае інфармацыю аб мерах па захаванні элементаў НКС, уключаных у Рэпрэзентатыўны спіс НКС чалавецтва.

Сярод краін, якія прадстаўлялі свае справаздачы на разгляд Камітэта ў гэтым годзе, ёсць таксама і Беларусь. Наш справаздачны даклад быў ўхвалены Камітэтам і зацверджаны 3 снежня 2012 г. З тэкстам даклада можна азнаёміцца на сайце ЮНЕСКА.

Пад час дадзенай сесіі Камітэт таксама разгледзіць 69 намінацыяў: 8 – у Спіс НКС, якому патрабуецца тэрміновая ахова, 36 – у Рэпрэзентатыўны спіс, 2 – у Рэгістр лепшых практык і 10 заявак аб аказанні фінансавай дапамогі з Фонду НКС.

4 снежня 2012 Міжурадавы камітэт па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны ўключыў у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова, ганчарнае майстэрства рэгіёна Каатленг Батсваны, мастацтва вузялковага ткацтва і тканых сумак народа Папуа (Інданезія), мастацтва традыцыйных шарсцяных дываноў Кыргызстана, музыку і танец каралеўства Бусога з Уганды. Гэта – асноўны з ахоўных спісаў для НКС. Яго мэта – звярнуць увагу міжнароднай супольнасці на тыя элементы НКС, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння і патрабуюць пільнай увагі з боку грамадства. 

У Рэгістр лепшых практык былі ўключаны дзве перспектыўныя праграмы па захаванні НКС – “Стратэгія навучання будучых пакаленняў правінцыі Фуцзянь традыцыям лялечнага тэатра” (Кітай) і “Цэнтр мастацтва народа Татанак і яго роля ў захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны” (Мексіка).

Камітэт таксама прыняў рашэнне аб вылучэнні фінансавай дапамогі з Фонду НКС у суме $ 262 080 на распрацоўку інвентару НКС для Буркіна-Фасо і $ 80 789 для інвентарызацыі традыцыйнай музыкі ў Сенегале.

5 снежня 2012 г. Камітэт пачаў разглядаць заяўкі у Рэпрэзентатыўны спіс НКС, які прызваны забяспечыць большую вядомасць НКС , павысіць яго аўтарытэт у грамадстве, садзейнічаць міжкультурнаму дыялогу і культурнай разнастайнасці. 

У гэтым намінацыйным цыкле Беларусь не прадстаўляе сваіх прапаноў для ўключэння ў спісы НКС. Заяўка па ўключэнню ў Рэпрэзентатыўны спіс традыцый Дрыбінскіх шапавалаў будзе разглядацца ў наступным годзе.

Міжурадавы камітэт па захаванні НКС 7 снежня 2012 г. прыняў рашэнне аб унясенні больш за 20 элементаў НКС у Рэпрэзентатыўны спіс НКС чалавецтва. Новыя элементы былі прадстаўлены Бельгіяй, Балівіяй, Буркіна-Фасо, Калумбіяй, Кот-д'Івуар, Харватыяй, Эквадорам, Францый, Венгрыяй, Індыяй, Іранам, Італіяй, Японіяй, Малі, Марока, ААЭ, Аманам, Рэспублікай Карэя.

Сярод іх:

- ваенны марш вёскі Entre-Sambre-et-Meuse (Бельгія) – асноўны кампанент культурнай самабытнасці Валоніі. Гэтыя маршы праводзяцца гэтай валонскай вёскай у гонар асвячэння мясцовай царквы і ў іх прымае ўдзел уся вёска. Удзельнікі апрануты ў ваенную форму. Яны пад суправаджэнне аркестра і спеваў ажыццяўляюць хросны ход вакол царквы;

- карнавал выканальніцкіх мастацтваў Фрэво у Рэсіфе, Бразілія. Гэта прыгожае шэсце з музыкай і танцамі, з удзелам прадстаўнікоў баявых мастацтваў і іншымі элементамі тыповага бразільскага карнавалу;

- традыцыйнае пляценне саламяных капелюшоў у Эквадоры. Гэтыя капелюшы плятуцца з тонкіх валокнаў мясцовай пальмы;

Падрабязную інфармацыю глядзіце на сайце ЮНЕСКА.

Тут таксама можна азнаёміцца з фотаздымкамі, уключаных сёлета ў ахоўныя спісы ЮНЕСКА элементаў НКС.


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.