Перанос свячы на Тройцу ў в. Навінкі Калінкавіцкага р., 20 чэрвеня 2016 г.

 Перанос свячы на Тройцу ў в. Навінкі Калінкавіцкага р., 20 чэрвеня 2016 г.

20 чэрвеня, на другі дзень Тройцы, у вёсцы Навінкі Калінкавіцкага раёна прайшоў абрад пераносу свячы. Свяча – гэта комплекс рытуальных прадметаў, што звычайна складаеца са свечкі і абраза, у Навінках у комплекс уваходзіць вялікі драўляны крыж, якім карыстаюцца і падчас пахавальных працэсій. Усе прадметы захоўваюцца ў адной хаце год, затым пераносяцца ў наступную, разам з боханам хлеба на ручніку.

Раней свяча "хадзіла" як мікольская, пасля Другой сусветнай вайны вяскоўцы набылі абраз Тройцы і сталі пераносіць свячу на гэта свята. Да таго ж старшыня калгаса забараніў рабіць са свячой абыход вёскі, таму яе сталі толькі пераносіць з хаты ў хату. З іншых страчаных элементаў – вячэра ўвечары напярэдадні пераносу ў “старой” хаце і абыход са свячой 3 разы вакол стала ў двары “новай” хаты.

Для вёскі перанос свячы – гэта вялікая падзея. У Навінках няма царквы, таму для правядзення набажэнства прыязджае святар з суседніх Васілевічаў. Абрад распачынаецца службай у хаце, дзе стаіць свяча. Уласна перанос строга рэгламентаваны: свечку нясуць гаспадар і гаспадыня хаты, абраз – чатыры незамужнія дзяўчынкі, крыж і хлеб – старэйшыя паважаныя мужчыны. Па шляху працэсіі сцеляць саматканае палатно і ходнікі. Людзі імкнуцца падлезці пад свечку і абраз тры разы. Вераць, што гэта спрыяе здароўю і дабрабыту. Асноўная частка прысутных – жыхары Навінак ды іх сваякі. Ёсць і паломнікі: людзі, што не маюць каранёў у Навінках, прыязджаюць адмыслова, каб узяць удзел у абрадзе, з суседніх вёсак і нават Гомля.

Раней свячу бралі ў кожнай хаце, цяпер людзі адмаўляюцца, тлумачачы тым, што каб прыняць яе, трэба зрабіць міні-рамонт, а гэта ім не па сілам. Тады выстаўляюць на вуліцу стол з хлебам, соллю і вадой, каб паказаць, што свячу, хоць і не могуць узяць, шануюць.

Старыя і новыя гаспадары свячы мяняюцца хлебам, новыя гаспадары бяруць свечку і нясуць у хату, дзяўчаты абраз нікому не аддаюць, усталёўваюць на покуці самі. Абрад сканчваецца набажэнствам у новай хаце свячы і застоллем у абодвух дварах: тым, што аддаў і прыняў святыню.

У суседняй з Навінкамі вёсцы Залатуха захоўваецца прачысценская свяча. Раней яе пераносілі 28 жніўня, апошнія 2 гады яна стаіць у хаце Наталлі Фёдараўны Жук, 1927 г. н. На Прачыстую прыязджае святар і правіць на яе падворку службу.

Абрады пераносу свячы на розныя святы сустракаюцца па ўсёй Беларусі, але часцей ва ўсходняй частцы краіны. У інвентар НКС унесены абрады пераносу свячы ў в. Басценавічы Мсціслаўскага р. Магілёўскай вобл. (тут маніторынг 2015 г.) і ў в. Вяляцічы Барысаўскага р. Мінскай вобл.

 Алена Ляшкевіч


Фотасправаздача:  Перанос свячы на Тройцу ў в. Навінкі Калінкавіцкага р., 20 чэрвеня 2016 г.

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.