Фестываль нацыянальнык культур у Гродне 4 чэрвеня 2016 г.

Фестываль нацыянальнык культур у Гродне 4 чэрвеня 2016 г.

4 – 5 чэрвеня ў Гродна прайшоў Фестываль нацыянальных культур. Гэта бадай што адзіны выпадак у Беларусі, калі “фестываліць” увесь цэнтр горада, а не асобная плошча. На вуліцах Савецкай і Элізы Ажэшкі (звязваюць плошчы Савецкую і Леніна, дзе змясціліся галоўныя фестывальныя сцэны) – натоўп народу. У дворыках уздоўж вуліц – нацыянальныя падворкі, часам на іх было не прабіцца. А там адбываліся найбольш працяглыя прэзентацыі нацыянальных культур, на сцэнах паказвалі толькі скарочаныя праграмы.

Алена ЛЯШКЕВІЧ

Фэст распачаўся шэсцем удзельнікаў, што нагадала іншыя беларускія фестывалі, арганізаваныя работнікамі культуры: круглыя таблічкі з надпісамі, харугвы, удзельнікі ідуць шэрагамі. Хаця шэсце ў Гродна было, канечне, вельмі маляўнічым, з танцамі, спевамі, музыкай, нават паглынальнікамі агню і драконам. Калі ўсе ўдзельнікі шэсця падышлі да галоўнай сцэны, намесніца прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Качанава прачытала зварот Прэзідэнта краіны да ўдзельнікаў і гасцей фестывалю.

Трохі здзівіў удзел у шэсці байкераў. У апошнія гады іх усё часцей запрашаюць на афіцыйныя мерапрыемствы. З прадстаўнікоў контркультуры, якімі былі калісьці, удзельнікі байк-клубаў сталі інтэграванымі у мэйнстрым грамадзянамі. Цяпер на байку можна пабачыць і універсітэцкага выкладчыка, і чыноўніка. Калі глядзець на з’яву шырэй, то нічога дзіўнага няма. Культуролаг Максім Жбанкоў апісаў механізм уваходу маргінальных з'яў, "смецця культуры", у культуру афіцыйную. Яшчэ адной ілюстрацыяй такога “уваходу” можна назваць выступы на гала-канцэрце фестывалю Сашы Нэма і Аляксея Гроса у футболках-“вышымайках”, што першапачаткова піярыліся ініцыятывай “Артсядзіба”, якую ну ніяк нельга назваць мэйнстрымнай арганізацыяй.

Як былі прадстаўленыя на фэсце беларусы

У фестывалі ўдзельнічалі прадстаўнікі каля сарака нацыянальнасцей. Беларусь прадстаўлялі гурты і майстры з Гродзенскай вобласці, а таксама гурт “Ветах” з Мінска і шматлікія эстрадныя выканаўцы. Нашы рамеснікі размясціліся на плошчы Тызенгаўза. Некаторыя скардзіліся, што месца “непрахадное”, маўляў, пляцоўкі ўздоўж пешаходнай Савецкай занялі гандляры кітайскім шырспажывам. Як лічыць вядучы метадыст па дэкаратыўна-прыкладным і выяўленчым мастацтве Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Яніна Барысевіч, публіка ў Гродна выхаваная шматлікімі кірмашамі рамёстваў, кітайскія сувеніры тут не дужа папулярныя. Людзі гатовыя купляць вырабы сваіх, беларускіх майстроў. У фэсце ўдзельнічалі ўсе семнаццаць раёнаў Гродзеншчыны. На стэндах тых, хто мае нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, што ахоўваюцца дзяржавай, можна было паглядзець даведачныя матэрыялы пра элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Асноўная мэта раёнаў – паказаць гасцям фестывалю мясцовыя традыцыйныя рамёствы.

Дзіцячы фальклорны гурт “Нальшчаначка” з Жодзішкаў і ансамбль песні з Казлоўшчыны Дзятлаўскага раёна апрабіравалі праграму, якую пакажуць неўзабаве ў Акцябрскім на фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Гурт “Вяргіня” з Бабічаў Шчучынскага раёна выконваў лірычныя песні (відэа тут, тут і тут). Чамусьці падчас выступу гурта з Казлоўшчыны і фальклорнага ансамблю “Кужаль” Гродзенскага каледжу мастацтваў гучалі жніўныя песні, хаця жніво ў Беларусі наўрад ці пачынаецца раней за ліпень, першы хлеб з жыта новага ўраджаю даўней маглі спекчы на Пятра, 12 ліпеня. Мінскі гурт “Ветах” збольшага граў танцы. Нягледзячы на спёку, перад сцэнай хутка ўтварылася некалькі пар.

Амаль сорак нацыянальнасцей з усіх частак свету

Некаторыя этнічныя культуры прадстаўлялі некалькі гуртоў з розных частак Беларусі. Украінцы, напрыклад, прыехалі з Веткаўскага, Рэчыцкага, Рагачоўскага раёнаў і з Мінска, прывезлі цікавую выставу ручнікоў. Ва ўкраінскім хоры быў нават заўважаны знаёмы мінскі музейшчык. Каб прадставіць краіну на фэсце ў Гродна неабавязкова мець карані ў пэўнай этнічнай супольнасці. Удзельнічалі, напрыклад, мінскі калектыў іспанскага танцу, разам з цыганамі таньчылі ў гурце і беларускі, як і разам з карэйцамі, індыйцамі, казахамі. Некаторыя нацыянальнасці прадстаўляла літаральна па некалькі чалавек: туркменаў, шры-ланкійцаў, сірыйцаў. ЗША прэзентаваў маленькі чорнаскуры саксафаніст, бацька якога – амерыканец. Некаторыя нацыянальнасці (нігерыйцы, карэйцы) увасобіліся ў Гродна замежнымі студэнтамі, што вучацца ў беларускіх універсітэтах.

Магчымы і шлях, калі даўно інкультураваны ў Беларусі чалавек шукае сваіх каранёў, і з гэтага вырастае цэлая мастацкая з’ява. Як прыклад можна назваць прадстаўленых на фэсце эстонцаў і башкіраў.

Эстонскі сямейны гурт стварыў загадчык аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Клічаўскага райвыканкама Уладзімір Ваакс, які, хоць і даўно жыве ў Беларусі, не забываецца на сваё эстонскае паходжанне. Некалькі башкірскіх песнь выканаў гурт “Неўрыда”, лідар якога, Павел Таіпаў, напалову башкір па бацьку. Увогуле гурт, можна сказаць, шырокага профілю: граюць уласную музыку, сярэднявечную, спяваюць па-англійску, часам па-беларуску (відэа тут і тут). У Гродна выступілі ў сцэнічных касцюмах, быццам бы башкірскіх народных. Для наведвальнікаў рыцарскіх фестываляў “Неўрыда” звычайна грае ў сярэднявечна-фэнтэзийных строях. У 2015 годзе гурт выпусціў англамоўны альбом “My Land”, цяпер працуе над акустычным беларускамоўным альбомам. А мне здаецца, зрабілі б башкірамоўную праграму, яшчэ з народнымі музычнымі ўстаўкамі – былі б вельмі цікавыя і для беларусаў, і для еўрапейцаў. А за мяжой, мабыць, бачаць частку сваёй аўдыторыі, калі па-ангельску пяюць.

Сваёй арганічнасцю запомніўся сольны танец башкіркі Альфіі Міхнюк, што жыве ў Ганцавічах з 1966 года, а нарадзілася недалёка ад Уфы. Проста на вуліцы спантанна сабраў танцавальнае кола шматнацыянальны танцавальны ансамбль “Легенды Каўказа” з Мінска (відэа тут, тут, тут, тут, тут, тут, тут і тут). Далучыліся афганцы, азербайджанцы… Адна справа, калі танчаць удзельнікі гурта, у сцэнічных строях і адпаведным абутку. А вось калі далучаюцца прадстаўнічыя мужчыны ў строгіх гарнітурах і дарагіх пантофлях ці патрыёт са сцягам, якім махае, выконваючы лезгінку – уражанне зусім іншае (відэа тут і тут).

Таньчылі на вуліцы і афганцы, у сваім коле (відэа тут, тут і тут).

Літоўцы ў сваёй балцкай стрыманасці запомніліся строямі, рэканструяванымі дакладна па аўтэнтычных узорах, і чароўнымі кадрылямі, якія таньчылі проста на асфальце, нават не на літоўскім падворку, і яўна для сябе, а не для гледачоў. На індыйскім падворку ладзілі віктарыны, дэманстравалі нацыянальныя строі, паказвалі, як правільна надзець сары, прапаноўвалі ахвочым зрабіць роспіс хной.

Мінская этнастудыя “Кетры” паказала праграму, створаную па матывах усходніх і афрыканскіх танцаў. Са студыі этнічнай пластыкі, што танчыла пад фанаграмы, за пяць гадоў дзяўчаты эвалюцыянавалі ў гурт з уласнымі музыкамі і вакалісткамі, што можа паказаць паўнавартаснае электра-этна-танцавальнае шоў.

Пра эканоміку фестывалю

Праглядзець праграмы на ўсіх падворках было, бадай што, немагчыма, бо шмат імпрэзаў адбывалася адначасова. Хацелася адчуць краіну на смак, але такая магчымасць не заўсёды была: да дэгустацыйных сталоў падыйсці не так і проста праз вялікую колькасць ахвочых. У некаторых падворках акрамя дэгустацый гандлявалі нацыянальнымі стравамі. Пляцоўкі былі абсталявалі перанаснымі рукамыйнікамі, што ў спёку было вельмі дарэчы.

Набыць што-небудзь на памяць можна было далёка не на ўсіх нацыянальных падворках. Попыт аматараў шопінгу збольшага задавальнялі майстры па сучасным хэнд-мэйдзе: біжутэрыі, цацках, гаманцах для манет. “Вышымайкі” таксама прадавалі.

Што да эканамічнага боку фестывалю, то на адныя расцяжкі і назвы падворкаў, мабыць, пайшлі немалыя грошы. Удзельнікаў не кармілі за кошт арганізатараў і не аплачвалі дарогу, але далі магчымасць пасяліцца за ўмоўны кошт каля трыццаці тысяч за ноч у інтэрнатах гродзенскіх навучальных устаноў. Як распавёў кіраўнік эстонскага сямейнага гурта Уладзімір Ваакс, яго калектыву, напрыклад, дапамагла прыехаць з Клічава ў Гродна эстонская дыяспара. “Цалкам за свой кошт я не ўпэўнены, што мы змаглі б паўдзельнічаць у фэсце” – пракаментаваў спадар Уладзімір.

Каб не заблыталіся, гарадзенцам і гасцям горада раздавалі задарма спецвыпуск газеты “Вячэрні Гродна” з картай-схемай і раскладам фестывалю. Па ёй можна было зарыентавацца ў размяшчэнні нацыянальных падворкаў і асноўных вуліц старога горада. Але, напрыклад, іранскі шацёр, што, адпаведна праграме, размяшчаўся “на вуліцы Сацыялістычнай, ля кінатэатра “Чырвоная зорка” мне як госці горада знайсці было праблематычна, і карта не дапамагла. Язык, канечне, да Кіева давядзе, але хацелася б, каб ужо калі карта – то на ёй былі пазначаныя ўсе “фестывальныя” кропкі.

Вячэрні гала-канцэрт: эстрадная музыка, попфольк, рэп… Можа, аўтэнтычныя гурты і не зусім фармат для такога мерапрыемства, але мне здаецца, што на галоўнай сцэне фестывалю нацыянальных культур, нават на гала-канцэрце, акапэльныя спевы ці акустычная праграма былі б дарэчы.

Фестываль нацыянальных культур праходзіць з 1996-га кожныя два гады. Як паведамляе БЕЛТА, сёлета фэст наведала каля ста двацаці тысяч чалавек, удзельнікаў было каля палутара тысяч. Падчас фестывалю падпісалі трохбаковае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур, Культурным цэнтрам Беларусі ў Варшаве і Таварыствам па сувязях з суайчыннікамі за мяжой "Радзіма".

 Першы варыянт тэкста апублікаваны ў газеце “Культура” № 24 за 11 чэрвеня 2016 г.


Фотасправаздача:  Фестываль нацыянальных культур у Гродне, 4. 06.2016

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.