Урачыстасць у гонар Маці Божай Будслаўскай

Пачатак ліпеня для многіх тысяч вернікаў Беларусі азначае надыход часу паломніцтваў у вёску Будслаў для таго, каб пакланіцца аднаму з найбольш шануемых каталіцкіх абразоў – цудадзейнаму абразу Маці Божай Будслаўскай. Больш за чатыры стагоддзі абраз знаходзіцца на Мядзельскай зямлі і зберагае яе і будслаўскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ад нягодаў і бедстваў. Мядзельшчына – край, багаты на культурную спадчыну, на абшарах якога раскіданы курганныя могільнікі і гарадзішчы, паўстаюць з сівой даўніны рэшткі сядзіб, узвышаюцца цэрквы і касцёлы. Будслаўскі бернардзінскі касцёл – выдатны помнiк архiтэктуры позняга барока, з 2007 г. мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Будслаўскі фэст, як і касцёл, таксама з’яўляецца, пакуль неафіцыйнай, але з-за таго не менш значнай, каштоўнасцю для кожнага, хто хоць раз далучыўся да святасці і чысціні традыцыйнага святкавання. У бягучым годзе ўрачыстасць у гонар Маці Божай Будслаўскай адбылася ў першую суботу ліпеня. Рэлігійная цырымонія ўхвалення заступніцы Беларусі Маці Божай Будслаўскай з года ў год збірае ўсё больш і больш паломнікаў, што сведчыць аб моцным пасыле да духоўнага адраджэння, які нясе абраз у свет і пераконвае: у наш зменлівы час мы не згубілі агульныя каштоўнасці і веру – веру ў Бога, у бліжняга свайго, у саміх сябе і надзею на годную і добрую будучыню.

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.