Фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”

21–24 чэрвеня 2012 г. у г. п. Акцябрскі Гомельскай вобласці адбыўся Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Ужо сёмы раз фестывальная дзея сабрала ўсіх неабыякавых да традыцыйнай спадчыны Беларусі. Ядром фестывалю з’яўляецца танцавальная культура, якая яднае вакол сябе розныя віды нематэрыяльнай культурнай спадчыны – рамесніцкія тэхналогіі, спеўныя традыцыі, вусную народную прозу і інш. У падмурку канцэпцыі фестывалю “Берагіня” знаходзіцца ідэя несупыннай трансляцыі ад пакалення да пакалення на лакальных і рэгіянальных узроўнях нематэрыяльных форм культуры. Сёння гэтая ідэя мае відавочны эфект – дзякуючы фестывалю выяўляецца і ўключаецца ў сучасную тканіну культуры разнастайны багаты пласт нематэрыяльнай спадчыны нашай краіны, сотні дзяцей і моладзі далучаны да працэсу перадачы элементаў спадчыны традыцыйным вусным шляхам праз комплексную сістэму мастацкай адукацыі і выхавання сродкамі народнай культуры.


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.